Што на граніцы? Не палітычная, а прафесійная ацэнка
Што на граніцы? Не палітычная, а прафесійная ацэнка
Уладзімір Арлоўскі праінфармаваў кіраўніка дзяржавы аб сітуацыі на Дзяржаўнай граніцы, мерах, якія прымаюцца з мэтай змяншэння чэргаў і камфортнага знаходжання ў іх. Ішла размова і аб выкарыстанні найноўшых тэхналогій у рабоце мытных органаў.
«Ну, што там адбылося ў вас на граніцы? — удакладніў у старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Прэзідэнт. — Кажуць, не хочаце вы аўтамабільны транспарт прапускаць. Не ведаю — туды або назад. Чэргі ўтварыліся. Што там палякі дзівачаць? Не палітычная, а прафесійная ацэнка: што там з імі адбываецца? Гэта першае пытанне. Хачу, каб мне далажылі аб сітуацыі на граніцы з пункту гледжання мытні».

Другое пытанне, якое абазначыў Аляксандр Лукашэнка, было звязана са спыненнем злачыннасці на Дзяржаўнай граніцы. «Усё-такі паскудзяць яны прыстойна, — кажучы аб дзеяннях шэрагу сумежных краін, удакладніў беларускі лідар. — І наркотыкі, і выбуховыя рэчывы, і іншае праз граніцу перамяшчаецца. Нядаўнія затрыманні наркатычных сродкаў, выбухоўкі, якая, кажуць, ішла не да нас, а ў Расію... Што там у нас адбываецца?»
Трэцяе пытанне, на якім засяродзіў увагу Прэзідэнт, датычылася выкарыстання найноўшых тэхналогій у рабоце мытных органаў. «Як выкарыстоўваем лічбавізацыю (модна казаць), можа, штучны інтэлект для таго, каб больш эфектыўна працаваць на граніцы?» —канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы і пацікавіўся ў старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта перспектывай сітуацыі, якая склалася на Дзяржаўнай граніцы.
«Ты кажы канктрэтна. А то падумаюць, што бяруць хабар і іншае...», — заўважыў Прэзідэнт.
«Прапускаюць аўтамабіляў да сябе нашмат менш, у разы менш, чым устаноўлена нашымі пагадненнямі, — канкрэтызаваў Уладзімір Арлоўскі. — Па грузавіках на літоўскім кірунку — да 100 грузавікоў, хаця можам афармляць 500-600».
«Але яны паабяцалі больш, як вы кажаце, браць для афармлення грузаў, але бяруць значна, у разы менш. Гэта значыць, яны парушаюць пагадненне?» — удакладніў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік ведамства пацвердзіў, што пагадненне парушаецца. «Прычым прымаюць менш наўмысна, — падкрэсліў ён. — Уся інфраструктура ёсць (і пункты пропуску, і тэхніка), робіцца гэта наўмысна. Раз прымаюць аўтамабіляў менш — адпаведна, чэргі на нашым баку ўтвараюцца».

«Мы дамаўляліся, што вы ўвядзеце электронны кантроль, электронную чаргу, каб людзі не стаялі, а дзесьці знаходзіліся, у тым ліку дома, і вы іх інфармуеце, калі яны праедуць», — нагадаў пра ранейшыя дамоўленасці беларускі лідар.
«Так і зрабілі, таварыш Прэзідэнт», — запэўніў Уладзімір Арлоўскі. Ён удакладніў, што для камфортнага знаходжання на такіх пляцоўках усе ўмовы створаны. Аднак занепакоенасць выклікае тое, што чэргі сталі ужо больш чым на тыдзень.
«Ужо і на пляцоўках не змесцяцца», — заўважыў Прэзідэнт.
«Ужо і на пляцоўках не змесцяцца, — пацвердзіў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта. — І самае галоўнае, столькі чалавеку чакаць проста ў машыне немагчыма. Таму мы такую тэхналогію сёлета адпрацавалі: мы рэгіструем у электроннай чарзе і адпраўляем такія аўтамабілі, каб яны маглі чакаць перасячэння граніцы там, дзе ім больш зручна. А ўжо непасрэдна апавяшчаем літаральна перад перасячэннем граніцы за некаторы час, каб прыехаць камфортна перасекчы граніцу. Вось што мы зрабілі для людзей. І гэта працуе».
Даслоўна
«Беларускі бок гатовы да аднаўлення працы ў любым пункце пропуску»
Каменціруючы сітуацыю на Дзяржаўнай граніцы, старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімір АРЛОЎСКІ нагадаў журналістам, што польскі бок ужо не першы раз закрывае пункты пропуску, але ў ноч на 12 верасня Польшча поўнасцю закрыла граніцу з Беларуссю. «Калі закрыццё часовае, то моцна гэта не адаб’ецца ў цэлым на грузапатоку, — адзначыў ён. — Пацерпяць звычайныя людзі, якія не паспелі на адпачынак, у камандзіроўку, па пэўных сямейных справах. Частка з іх выехала праз літоўскі кірунак, частка адмяніла свае паездкі. Непрыемна для людзей, але, на жаль, польскі бок на гэта ўвагу не звяртае».
Уладзімір Арлоўскі праінфармаваў, што транспарт, які рухаецца праз Дзяржграніцу ў літоўскім і латвійскім напрамках, нашы мытныя органы афармляюць максімальна хутка. Там, дзе ствараюцца чэргі па прычыне дзеянняў сумежных краін, створаны ўмовы для чакання.
Кажучы аб кантактах па лініі мытных службаў, кіраўнік ведамства адзначыў, што ў апошнія гады ні з Польшчай, ні з Літвой, ні з Латвіяй іх практычна няма. «Засталіся толькі кантакты на лініі граніцы непасрэдна ў пунктах пропуску, і тое яны толькі звязаныя з тэхнічнымі пытаннямі, — удакладніў ён. — Мы бачым, як дзейнічае сумежны бок, і дзейнічаем самі, рэагуючы ўжо непасрэдна на іх дзеянні. Закрылі пункт пропуску — мы пераразмяркоўваем грузапатокі, пасажырапатокі, сваіх супрацоўнікаў для работы ў пунктах пропуску. Мы ад дыялогу не адмаўляемся і гатовы гэты дыялог у любы час, у любым фармаце аднавіць. Але, на жаль, сумежны бок пакуль ад такога дыялогу адмаўляецца».
Уладзімір Арлоўскі акцэнтаваў увагу на тым, што беларускі бок гатовы да аднаўлення работы ў любым пункце пропуску, калі сумежныя краіны прымуць такое рашэнне. «Калі будзе на тое добрая воля нашых суседзяў — мы гатовы, — падкрэсліў ён. — У нас і асабовы склад ёсць, і ўсё засталося на месцах. Які б пункт пропуску ні быў адкрыты, мы гатовы літаральна ў лічаныя гадзіны заняць працоўнае месца і ажыццяўляць пропуск і кантроль. Будзем спадзявацца, што пункты пропуску будуць адкрывацца».
Па словах Уладзіміра Арлоўскага, заканчваецца будаўніцтва дзвюх буйных пляцовак. Першая з іх — для грузавікоў перад пунктам пропуску «Казловічы». Пляцоўка ўключае каля 800 машынамесцаў. Яе здача плануецца ў студзені 2026 года. Акрамя таго, у снежні 2025 года плануецца здаць пляцоўку перад пунктам пропуску «Варшаўскі мост». «Гэта самае напружанае месца, дзе апошнія два месяцы чэргі дасягалі 8-10 дзён чакання, — адзначыў Уладзімір Арлоўскі. — Там таксама робім пляцоўку і ствараем камфортныя ўмовы».
Кажучы аб перспектывах развіцця, старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта праінфармаваў, што разглядаецца магчымасць стварэння такой прагрэсіўнай сістэмы, як дыстанцыйная рэгістрацыя без заезду на пляцоўку. На дадзеным этапе гэта магчымасць прапрацоўваецца з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА