Top.Mail.Ru

Што зменіцца для беларусаў з 1 красавіка?

У красавіку ў Беларусі вырасце базавая арэндная велічыня, ва ўсіх мабільных аператараў з’явіцца базавы сацыяльны тарыф, адкрываюцца новыя авіярэйсы з абласных цэнтраў, нас чакаюць суботнік і вялікія выхадныя.


Выпадковыя падпіскі на платныя паслугі мабільных аператараў стануць недаступнымі

Як паведамляла Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, з 1 красавіка набудуць моц скарэкціраваныя правілы аказання паслуг электрасувязі. Змяненні закліканы абараніць беларусаў ад выпадковага падключэння платных паслуг мабільных аператараў.

Многія сутыкаліся з сітуацыямі, калі яны выпадкова маглі прыняць прапанову аб падпісцы на той ці іншы сэрвіс, проста прайшоўшы адзін раз па дасланай ім спасылцы. Пра тое, што чалавек падпісаны і плаціць за паслугу, многія даведваліся, толькі звярнуўшы ўвагу на павялічаныя рахункі за мабільны. 


З 1 красавіка такая выпадковая падпіска стане немагчымай

Згодна з новымі правіламі, падключыць даведачныя або забаўляльныя інфармпаслугі можна будзе толькі адным з наступных спосабаў: накіраванне СМС-паведамлення і USSD-запыту; падача заявы ў офісе аператара; прастаўленне адзнакі ў асабістым кабінеце на сайце або ў мабільным дадатку аператара; электронны лічбавы подпіс.

Уводзіцца базавы сацыяльны тарыф

Ва ўсіх мабільных аператараў Беларусі з 1 красавіка 2025 года з’явіцца так званы базавы тарыф паслуг. Адпаведны ўказ Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў летась. Тарыф будзе ўключаць 200 хвілін ва ўсе сеткі, 2 ГБ трафіку і 50 SMS. Што да цаны базавага сацыяльнага тарыфу, то яна будзе складаць каля 12 рублёў.

Новыя правілы ўезду ў зоны адчужэння

Змяненні закранаюць працэдуру падачы заяў на атрыманне пропускаў. Заяву можна падаць пісьмова, па пошце, кур’ерам, у электронным выглядзе праз партал «Е-Паслуга».

Рэспубліканскі суботнік пройдзе 12 красавіка


У гэты дзень па ўсёй краіне запланаваны інфармацыйныя акцыі і розныя мерапрыемствы. Любы ахвотны зможа паўдзельнічаць у азеляненні двароў, атрымаўшы інструменты ў камунальнай службе па месцы жыхарства.

Павышаецца базавая арэндная велічыня

Ужо з 1 красавіка ў Беларусі будзе перагледжана ў бок павелічэння базавая арэндная велічыня. Адпаведнае рашэнне прыняў урад. Базавая арэндная велічыня — нарматыў, да якога прывязаны памер арэнднай платы пры здачы ў арэнду нерухомасці, што знаходзіцца ў дзяржуласнасці і ўласнасці гаспадарчых таварыстваў. З 1 красавіка базавая арэндная велічыня складзе 18,77 рубля (цяпер — 17,76 рубля). Памер базавай арэнднай велічыні ўрад устанаўлівае штогод з улікам змянення індэкса спажывецкіх цэн.

Новыя правілы залічэння першакласнікаў

Мінадукацыі абнавіла правілы залічэння першакласнікаў у школы. Новаўвядзенняў некалькі, вызначаны канкрэтны алгарытм дзеянняў. Па-першае, да 1 красавіка будуць перагледжаны і абноўлены замацаваныя за канкрэтнай школай або гімназіяй межы раёна. Па-другое, да 10 красавіка на сайтах усіх школ з’явяцца звесткі аб новых межах мікрараёнаў, колькасці месцаў першакласнікаў, спіс неабходных для залічэння дакументаў. Будзе апублікаваны таксама графік работы прыёмнай камісіі.

З 2 чэрвеня пачнуць прымаць дакументы ад бацькоў дзяцей, якія жывуць у замацаваным за школай мікрараёне. У перыяд з 12 чэрвеня да 15 жніўня можна будзе запісацца на прыём да дырэктара, калі дзіця не прапісана ў раёне, але хоча паступіць у школу. Там жа можна будзе напісаць заяву, якую зарэгіструюць у спецыяльным журнале. Само залічэнне на свабодныя месцы, калі такія ў школе застануцца, будзе праходзіць з 16 да 28 жніўня. Праводзіцца яно будзе ў парадку чаргі заяў, якія паступілі раней.

Абмежаванні для рыбакоў

З 20 сакавіка да 18 мая ў Гомельскай і Брэсцкай абласцях дзейнічае нераставая забарона на лоўлю рыбы, яна ўводзіцца штогод. На Міншчыне, Гродзеншчыне і Магілёўшчыне нераставая забарона працягнецца з 1 красавіка да 30 мая, на Віцебшчыне — з 10 красавіка да 8 чэрвеня. У перыяд дзеяння абмежаванняў дазволена лавіць рыбу толькі адной вудай (ці адным спінінгам).

Вялікія выхадныя


У сувязі з Радаўніцай, якая сёлета прыпадае на 29 красавіка, працоўны дзень з панядзелка 28 красавіка перанеслі на суботу 26 красавіка. Такім чынам, у нас будзе тры выхадныя запар з 27 да 29 красавіка.

З’явяцца новыя авіярэйсы

З 2 красавіка авіякампанія «Белавія» пачне выконваць рэйсы з Брэста ў Санкт-Пецярбург. Яны будуць двойчы на тыдзень — па серадах і суботах. А з 28 красавіка авіяперавозчык пачне выкананне рэйсаў па маршруце Магілёў — Масква. Таксама будзе два рэйсы на тыдзень: у панядзелак і чацвер.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю