Top.Mail.Ru

Што змянілася ў парадаку прадастаўлення дзяржпадтрымкі на будаўніцтва жылля

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення будаўніцтва і жыллёвай палітыкі — начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Іна Пінкоўская пракаменціравала змяненні ў парадку прадастаўлення дзяржпадтрымкі на будаўніцтва жылля.


Указ Прэзідэнта нумар 95 ад 6 сакавіка 2025 года аб’яднаў усе формы дзяржпадтрымкі, якія існуюць у рэспубліцы. Ён прадугледжвае тры формы дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве або набыцці жылля: ільготныя крэдыты на будаўніцтва аднакватэрных жылых дамоў, кватэр у блакіраваных жылых дамах, а таксама на набыццё аднакватэрных жылых дамоў, кватэр у шматкватэрных або блакіраваных жылых дамах, пабудаваных па дзяржзаказе (21 катэгорыя грамадзян); аднаразовыя субсідыі на будаўніцтва або набыццё жылля (17 катэгорый грамадзян); фінансавая дапамога дзяржавы ў вяртанні запазычанасці па льготных крэдытах (для шматдзетных і маладых сем’яў, пры нараджэнні дзяцей).

«Ва ўказе прадугледжаны ўніверсальны парадак прадастаўлення дзяржпадтрымкі асобным катэгорыям грамадзян. Размова ідзе аб тым, што мы тут вызначылі канкрэтны пералік форм дзяржаўнай падтрымкі, на якія грамадзяне маюць права прэтэндаваць, — адзначыла Іна Пінкоўская. — У гэтым акце формы дзяржпадтрымкі сістэматызаваны, нормы выкладзены больш зразумелай і даступнай для грамадзян мовай, каб любы, адкрыўшы нарматыўна-прававы акт, змог разабрацца ў тонкасцях і нюансах і менш звяртаўся ў дзяржорганы. Аб’ём устаноўленых норм тут значна меншы, чым на сённяшні дзень прадугледжана заканадаўчымі актамі».

Так, указам прадугледжваецца магчымасць будаўніцтва прыватных дамоў грамадзянамі з прыцягненнем ільготных крэдытаў. Таксама ў населеных пунктах з колькасцю да 20 тыс. чалавек ільготныя крэдыты будуць прадастаўляцца для куплі жылля як на пярвічным рынку (пабудаванага па дзяржаўным заказе), так і на другасным. «Выключэнне складаюць шматдзетныя сем’і, якія могуць набываць жылыя памяшканні ў іншых населеных пунктах, але для чаргавікоў у населеных пунктах да 20 тыс. гэта істотна, паколькі яны могуць не толькі пабудаваць, але і набыць жыллё. У некаторых малых гарадскіх паселішчах кошт квадратнага метра на другасным рынку ў некаторых выпадках ніжэйшы, чым у навабудах», — акцэнтавала прадстаўнік Мінбудархітэктуры,

У рамках гэтага ўказа прадугледжана, што ўсе катэгорыі грамадзян, якія маюць права на дзяржпадтрымку, захоўваюцца, як і ўмовы прадастаўлення дзяржпадтрымкі. «Адзінае выключэнне — яна не будзе прадастаўляцца на будаўніцтва жылых памяшканняў шляхам долевага ўдзелу ў рамках жыллёва-будаўнічага спажывецкага кааператыва (ЖБСК) для таго, каб выключыць грамадзян з працэсу самога будаўніцтва. Людзі будуць набываць гатовае жыллё, пабудаванае па дзяржаўным заказе. Але ўсе жылыя дамы, якія будуюцца ў рамках долевага будаўніцтва, калі праектная дэкларацыя апублікавана да 1 чэрвеня 2025 года, будуць дабудоўвацца на тых умовах, якія прадугледжаны долевым спосабам», — растлумачыла Іна Пінкоўская. Гэтыя навацыі датычацца жылля, якое пачнуць будаваць з 1 чэрвеня 2025 года, паколькі менавіта з гэтай даты ўказ уступае ў сілу.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю