У першы дзень вясны ў старшынь райвыканкамаў пашырацца паўнамоцтвы, аграрыі выходзяць на фінішную прамую падрыхтоўкі да пасяўной і павінны паставіць на лінейку гатоўнасці адпаведную сельскагаспадарчую тэхніку, прыбаўку ў зарплатах адчуюць медыцынскія сёстры і фельчары, а рамеснікам і самазанятым упершыню трэба будзе заплаціць узносы ў ФСАН. Расказваем пра гэтыя і іншыя змяненні.
Пашырэнне паўнамоцтваў старшынь выканкамаў
З 1 сакавіка ўступае ў сілу Указ кіраўніка дзяржавы «Аб узмацненні ролі старшынь выканаўчых камітэтаў базавага ўзроўню ў развіцці рэгіёнаў». Вызначаны новыя інструменты для павышэння дабрабыту рэгіёнаў і грамадзян праз узмацненне статусу мясцовых выканкамаў і іх старшынь, больш эфектыўнае мясцовае кіраванне. У прыватнасці, пашыраны фінансавыя магчымасці выканаўчых камітэтаў базавага ўзроўню для развіцця тэрыторый і задавальнення патрэб людзей.
Узносы ў ФСАН для рамеснікаў і самазанятых
З 1 сакавіка каля 20 тысяч рамеснікаў, уладальнікаў аграсядзіб і самазанятых беларусаў, якія працуюць з уплатай адзінага падатку, пачнуць уносіць страхавыя ўзносы ў ФСАН. Раней такія катэгорыі плацельшчыкаў маглі рабіць гэта на дабравольнай аснове. Аднак з 1 кастрычніка 2024 года заканадаўства, якое датычыцца прадпрымальніцкай дзейнасці, абнавілася, і ў іх з’явіўся такі абавязак. Узносы рамеснікаў і самазанятых будуць складаць 29 % ад сумы ўказанага імі даходу, але не менш за мінімальную зарплату. Прычым выплачваць узносы ў бюджэт фонду трэба цягам года, а разлічваць іх будуць за тры месяцы. Такім чынам, з моманту ўзнікнення такога абавязку за кастрычнік, лістапад і снежань разлічыцца трэба да 1 сакавіка. Да гэтай жа даты выплаціць абавязковыя страхавыя ўзносы павінны індывідуальныя прадпрымальнікі, адвакаты і натарыусы. Мінімальная сума — 2629 рублёў 20 капеек.
Камфортныя тарыфы
З 1 сакавіка беларусы, якія едуць у Расію, і расіяне ў Беларусі змогуць карыстацца тарыфам, які ўключае па 150 хвілін выходных і ўваходных званкоў і да 5 гігабайт інтэрнэт-трафіку. Аб магчымасці падключэння тарыфу аператары будуць інфармаваць абанента пры перасячэнні граніцы. Як вядома, рэзалюцыя аб стварэнні камфортных тарыфаў для карыстання паслугамі сувязі і перадачы даных на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы (адмена роўмінгу) была прынята на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета ў Мінску 6 снежня.
Павышэнне надбавак для медсясцёр і фельчараў
Зарплаты сярэдняга медперсаналу, а размова ідзе пра больш як 111 тысяч спецыялістаў, у 2025 годзе будуць расці ў тры этапы. У цэлым прыбаўка складзе 35 %. Ужо з 1 сакавіка надбаўкі медработнікам з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй складуць для тых, хто працуе ў аддзяленнях анестэзіялогіі і рэанімацыі, інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі, — 130 % акладу; аддзяленнях для пацыентаў з інсультам — 110 % акладу; для фельчараў выязных брыгад, якія выязджаюць самастойна без урачоў, — 170 %; для галоўных медсясцёр і медбратоў — 95 % акладу. Таксама ўвесь сярэдні медперсанал будзе атрымліваць з сакавіка асобную надбаўку 30 % ад акладу за спецыфіку працы.
Анлайн-продаж ювеліркі і цэны на лекі
З 1 сакавіка можна будзе прадаваць ювелірныя вырабы праз інтэрнэт-крамы. Праўда, гаворка ідзе пра вырабы, зробленыя ў нашай краіне і маркіраваныя пэўным кодам. Такое права з’явіцца ў юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць ліцэнзіі на дзейнасць, звязаную з каштоўнымі металамі. Новае правіла будзе дзейнічаць да 30 чэрвеня наступнага года.
З першых дзён вясны спіс лекавых сродкаў, цэны на якія рэгулюе дзяржава, павялічыцца на 17 пазіцый. Раней у пераліку было 37 пазіцый, цяпер іх становіцца 54. У абноўлены спіс увайшлі амаксіцылін, дыклафенак, кетаралак, мельдоній, фенібут і іншыя.
Сельгастэхніка на лінейцы гатоўнасці
Сельскагаспадарчая тэхніка павінна быць пастаўлена на лінейку гатоўнасці да 1 сакавіка. Падчас выязнога семінара па сельгастэматыцы для ўпаўнаважаных прадстаўнікоў і памочнікаў кіраўніка дзяржавы ў рэгіёнах Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што неабходна жорстка паставіць пытанне падрыхтоўкі тэхнікі да веснавых палявых работ у сельскай гаспадарцы. «На лінейцы гатоўнасці павінна быць тэхніка. Трэба паставіць жорстка пытанне, каб трактары, аўтамабілі былі ў парадку. Сельгаспрадпрыемствы павінны на лінейку гатоўнасці перш за ўсё паставіць глебаапрацоўчую тэхніку, якая будзе занята вясной», — запатрабаваў Прэзідэнт.
Ацэнка крэдытаздольнасці
З пачатку першага вясновага месяца банкі, мікрафінансавыя і лізінгавыя арганізацыі будуць выкарыстоўваць адны і тыя ж падыходы, ацэньваючы плацежаздольнасць грамадзян пры афармленні крэдытаў. Фінансавыя арганізацыі павінны будуць выкарыстоўваць паказчык пазыковай нагрузкі пры ацэнцы плацежаздольнасці грамадзян, калі заключаюць з імі дагаворы лізінгу і мікразайму. Гэты паказчык, як і пры выдачы крэдытаў, не павінен быць вышэйшы за 40 %. Пры ацэнцы крэдытаздольнасці будуць параўноўваць даход чалавека, які застаўся пасля выплаты ўсіх плацяжоў, з памерам бюджэту пражытачнага мінімуму. Калі даход акажацца меншы за БПМ, гэта значыць, што фінансаванне даецца з перавышэннем паказчыка пазыковай нагрузкі. Кліенту павінны паведаміць аб такім перавышэнні.
Забарона на лоўлю шчупака
У перыяд з 1 сакавіка да 15 красавіка ў рыбалоўных угоддзях нашай краіны будзе забаронена лавіць шчупака. Гаворка ідзе як пра аматарскую, так і прамысловую лоўлю. Важны момант: на тэрыторыі Віцебшчыны забарона будзе дзейнічаць з 9 сакавіка да 23 красавіка. За парушэнне прадугледжаны штраф да 1260 рублёў. Акрамя таго, могуць быць канфіскаваны прылады лоўлі.