Надыходзячая вясна — самы час задумацца і спланаваць летні адпачынак дзяцей. Асабліва ўлічваючы той факт, што ў некаторыя лагеры пуцёўкі на самыя папулярныя першую і другую змены разлятаюцца ў першыя дні продажаў. Летась і сёлета ў заканадаўства, якое рэгулюе аздараўленне дзяцей, унесены шэраг змяненняў. Яны прадугледжваюць больш строгія патрабаванні да забеспячэння бяспекі, у тым ліку ў прыватных аздараўленчых лагерах. Разам з тым, сцвярджаюць спецыялісты, умовы атрымання пуцёўкі максімальна спрашчаюцца. У прыватнасці, цяпер бацькі могуць прэтэндаваць на яе не толькі па месцы работы. Пра навацыі ў аздараўленні расказалі спецыялісты.
Цэны даступныя
Сёлета сярэдні кошт пуцёўкі складзе каля 700 рублёў. Пры гэтым каля 40 % традыцыйна будзе аплачвацца са сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Можна разлічваць і на дадатковае патанненне за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў.
— Калі гаварыць аб стацыянарных лагерах, то да 90 % кошту пуцёўкі можа быць аплачана зацікаўленымі, акрамя бацькоў, а па дзённых лагерах — да 95 %. Усё вельмі даступна, — расказаў намеснік начальніка аддзела дзяржаўных закупак і метадычнай работы Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Аляксей Жалянкоў.
Ён патлумачыў, што кожны год выдаецца загад аб памерах патаннення цаны пуцёвак за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту з указаннем канкрэтных лагераў, і сёлета ён будзе зацверджаны да 1 мая. Таксама асобна прымаюцца рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў па пытаннях дадатковага патаннення за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў. Удзел наймальнікаў у летняй аздараўленчай кампаніі прапісваецца ў калектыўных дагаворах.
Кошт пуцёвак можа адрознівацца ў залежнасці ад рэгіёна. Напрыклад, пуцёўкі ў лагеры Мінска каштуюць крыху даражэй, чым у аздараўленчыя ўстановы Брэсцкай і Віцебскай абласцей. Гэта звязана з інфраструктурай, дадатковымі абавязацельствамі, якія бяруць уласнікі, прыцягваючы педагагічных, медыцынскіх работнікаў. Разам з тым пашыраецца практыка, калі Мінгарвыканкам для дзяцей супрацоўнікаў дзяржаўных органаў патанняе кошт пуцёвак. Усё больш наймальнікаў гатовы таксама дапамагчы ў арганізацыі дзіцячага летняга адпачынку для работнікаў.
Ад работы і не толькі
Аляксей Жалянкоў адзначыў, што ў мінулым годзе прынята пастанова ўрада, дзе ўдакладнены пытанні аздараўлення дзяцей. А з 1 лютага ўступіла ў дзеянне Палажэнне аб парадку пацвярджэння гатоўнасці выхаваўча-аздараўленчых і спартыўна-аздараўленчых лагераў да работы ў перыяд канікулаў.
— Раней некаторыя дзеці маглі абмяжоўвацца ў праве на атрыманне танных пуцёвак у лагер з-за таго, што па месцы работы бацькоў не ствараліся камісіі па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва. Пастановай № 509 мы адвязалі выдачу пуцёвак ад камісій. На сённяшні дзень можна перадаць пуцёўку ў філіялы і атрымаць яе там. Бацькі могуць самастойна знайсці лагер і звярнуцца за набыццём пуцёўкі.
З дакументаў патрэбна даведка аб тым, што ў дзіцяці няма медыцынскіх супрацьпаказанняў да аздараўлення, — патлумачыў Аляксей Жалянкоў. Акрамя таго, у перспектыве плануецца пакінуць неабходнасць атрымання даведкі толькі для дзяцей, у якіх могуць быць такія супрацьпаказанні, маецца пэўная ступень страты здароўя. Такім чынам максімальна спрашчаецца магчымасць атрымання пуцёвак.
Разам з тым кантроль за дзейнасцю лагераў захоўваецца. Стацыянарныя лагеры будуць абавязаны накіроўваць інфармацыю аб тых, хто прайшоў аздараўленне, каб не было злоўжывання правам на аздараўленне. Адказнасць за прадастаўленне несапраўдных дадзеных ускладзена на бацькоў.
— Мы не абмежавалі выдачу пуцёвак па месцы работы. Зрабілі так, што іх можна атрымаць цяпер не толькі па месцы работы за кошт таго, што ствараюцца дадатковыя механізмы кантролю, — падкрэсліў Аляксандр Жалянкоў.
Бяспечныя ўмовы
Яшчэ адна навацыя — заканадаўча замацавана паняцце «выхаваўча-аздараўленчы лагер». Да іх адносяцца ў тым ліку лагеры недзяржаўнай формы ўласнасці. Напярэдадні кожнага канікулярнага сезона будзе пацвярджацца іх адпаведнасць усім патрабаванням заканадаўства. Тыя, што змогуць арганізаваць бяспечныя ўмовы, будуць уключаны ў спіс, які фарміруецца Рэспубліканскім цэнтрам па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва. Акрамя таго, будзе прымяняцца комплексны падыход да прыёмкі лагераў.
Прадугледжаны канкрэтныя патрабаванні да афармлення дакументацыі, тэрыторыі лагера, яго будынкаў, збудаванняў, умоў размяшчэння дзяцей, стану і гатоўнасці харчаблока, кадравага забеспячэння і іншыя. Звесткі аб гэтым арганізатар лагера падае ў раённы выканаўчы камітэт (мясцовую адміністрацыю раёна) для пацвярджэння гатоўнасці. Урэгуляваны і дзеянні арганізатара лагера з усімі зацікаўленымі ў выпадках выяўлення парушэнняў правілаў бяспекі і патрабаванняў да якасці паслуг пры непасрэднай прыёмцы лагера да работы перад пачаткам змены.
Органы пракуратуры сёлета правераць, як выконваюцца новыя патрабаванні да падрыхтоўкі і арганізацыі дзіцячых лагераў.
— Па ўсёй краіне паглядзім, як працуе новая пастанова. Бачым мэтай не перашкаджаць дзейнасці разнастайных суб’ектаў гаспадарання, няхай яны і працуюць на камерцыйнай аснове, — адзначыў начальнік упраўлення ўзаемадзеяння са сродкамі масавай інфармацыі Генеральнай пракуратуры Дзмітрый Брылёў. — Нам важна, каб дзейнасць была максімальна бяспечнай, былі выключаны факты траўміравання.