Нагадаем, што дыспансерызацыя ў нашай краіне праводзіцца з 2023 года. Яе мэтамі з’яўляюцца медыцынская прафілактыка, у тым ліку выяўленне хранічных неінфекцыйных захворванняў на ранніх стадыях, прапаганда здаровага ладу жыцця, а таксама выхаванне адказнасці грамадзян за сваё здароўе.
Згодна з інструкцыямі Міністэрства аховы здароўя, дыспансерызацыя дарослых ва ўзросце 18–39 гадоў праводзіцца на працягу аднаго працоўнага дня раз на тры гады, дарослых ва ўзросце ад 40 гадоў і за пяць гадоў да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту — раз на год. На працягу двух працоўных дзён адзін раз на год праводзіцца дыспансерызацыя асоб, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту, а таксама на працягу пяці гадоў да дасягнення такога ўзросту.
Дзеці праходзяць дыспансерызацыю ў групах дыспансернага назірання да 1 года і з 1 года да 17 гадоў. Устаноўлены розныя схемы яе правядзення ў залежнасці ад узросту, наяўнасці групы рызыкі развіцця захворванняў. Дыспансерызацыя праводзіцца ўчастковым урачом-педыятрам або ўрачом агульнай практыкі, які абслугоўвае дзіцячае насельніцтва ў амбулаторна-паліклінічных арганізацыях па месцы іх фактычнага пражывання.
Як патлумачылі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя, у новай рэдакцыі інструкцыі аб парадку правядзення дыспансерызацыі дарослага насельніцтва адносна старога дакумента ёсць змены. Выключана, у прыватнасці, анкета выяўлення фактараў рызыкі развіцця неінфекцыйных захворванняў і наступнае вызначэнне лабараторных і дыягнастычных даследаванняў у дарослага насельніцтва. Замест гэтага ўключана карта ацэнкі сімптомаў і прыкмет перадпухлінных і пухлінных захворванняў.
Акрамя таго, у схему правядзення дыспансерызацыі дарослага насельніцтва дададзены агляд поласці рота зубным фельчарам ці ўрачом-спецыялістам стаматалагічнага профілю або ўрачом-отарыналарынголагам; пашыраны пералік паказчыкаў біяхімічнага аналізу крыві і ўстаноўлена перыядычнасць даследавання; устаноўлена перыядычнасць правядзення агульнага аналізу крыві, агульнага аналізу мачы, глюкозы крыві, электракардыяграфіі; скарэкціравана перыядычнасць правядзення медыцынскага агляду жанчын у назіральным кабінеце, забору біялагічнага матэрыялу з шыйкі маткі з мэтай ранняй дыягностыкі перадпухлінных і пухлінных захворванняў, мамаграфіі малочных залоз; скарэкціравана перыядычнасць правядзення даследавання для вызначэння прастатспецыфічнага антыгену для мужчын; удакладнена вызначэнне наяўнасці генатыпаў віруса папіломы чалавека пры правядзенні ВПЧ-тэсціравання высокай канцэрагеннай рызыкі (14 генатыпаў).
Змяненні набылі моц 1 студзеня бягучага года.
Дарэчы
Вакцынацыя супраць грыпу і каранавіруса прадоўжана
У Беларусі прадоўжана кампанія вакцынацыі супраць грыпу і каранавіруснай інфекцыі.
— Улічваючы спрыяльны эпідэміялагічны перыяд, сітуацыю ў краіне, а таксама тое, што ў сумежных дзяржавах нарастае захваральнасць на грып (там актыўнасць ужо складае да 25 працэнтаў), рашэнне аб прадаўжэнні перыяду вакцынацыі з’яўляецца абгрунтаваным, — адзначыла намеснік міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Святлана Нячай.
Цяпер ёсць магчымасць вакцынацыі і ад каранавіруснай інфекцыі. Як падкрэсліла галоўны санітарны ўрач, вакцына, якая цяпер выкарыстоўваецца, створана на аснове рэкамбінантнага бялку, які не змяняе сваю структуру, не падвяргаецца мутацыі і таму не патрабуе актуалізацыі дадзенага саставу. Таму яна будзе актыўная ў дачыненні да большасці вірусаў каранавіруса, якія цыркулююць у нашай краіне.