Сёлета ў Беларусі прыняты Закон «Аб рыэлтарскай дзейнасці». Ён накіраваны на далейшае развіццё адпаведнай сферы, вырашэнне пэўных праблем. Удасканальванне галіны спецыялісты звязваюць са стварэннем Палаты рыэлтараў, якая аб’яднае ўсіх спецыялістаў гэтай сферы. Дарэчы, закон прадугледжвае і скасаванне інстытута агентаў па нерухомасці — аказваць паслугі змогуць толькі рыэлтары. Акрамя таго, дакумент выключае перадаплату за аказанне рыэлтарамі паслуг па найме жылля. Па меркаванні Міністэрства юстыцыі, рэалізацыя норм закона дапаможа павысіць якасць аказання рыэлтарскіх паслуг, прэстыж прафесіі рыэлтара і давер насельніцтва да рыэлтарскіх арганізацый. Расказваем, што зменіцца ў сферы, хто зможа стаць рыэлтарам і калі пачнуць дзейнічаць нормы закона.
З’явіцца палата рыэлтараў
Адной з навацый закона стала стварэнне органа самакіравання рыэлтараў — Палаты рыэлтараў. Як паведаміў намеснік міністра юстыцыі Мікалай Старавойтаў, па выніках грамадскага абмеркавання такая норма многімі ацэнена як прагрэсіўная і неабходная для далейшага развіцця гэтай сферы.
Галоўная функцыя Палаты рыэлтараў — ажыццявіць пасылы, спосабы, метады работы, накіраваныя на павышэнне якасці аказання паслуг. Запыт на такое аб’яднанне даўно меўся ў прафесійных колах, у тым ліку канструктыўна настроенай рыэлтарскай супольнасці.
— Дзейныя грамадскія арганізацыі ў сферы нерухомай маёмасці, на жаль, не вельмі, на мой погляд, эфектыўна спраўляюцца з заяўленымі задачамі, ідуць рознымі курсамі. Шэраг арганізацый не ўваходзіць ні ў адно прафесійнае аб’яднанне, таму што не згаджаецца з палітыкай, што праводзіцца. Палата рыэлтараў павінна аб’яднаць рыэлтараў, стаць для іх кансалідуючай.
Паводле слоў намесніка міністра, органы самакіравання добра сябе зарэкамендавалі ў адвакатуры, натарыяце, адстойваючы інтарэсы сваіх членаў, выбудоўваючы канструктыўнае ўзаемадзеянне з органамі дзяржаўнай улады і грамадзянамі. Гэты станоўчы вопыт самарэгулявання, лічыць ён, неабходна ўкараніць і ў рыэлтарскую сферу.
Падчас работы над законапраектам вялася дыскусія аб удзельніках Палаты рыэлтараў: павінны гэта быць агенцтвы нерухомасці або непасрэдна рыэлтары.
— Склалася разуменне, што Палата рыэлтараў у першую чаргу павінна вырашаць задачы, звязаныя з якасцю аказання насельніцтву паслуг, якасць якіх напрамую залежыць ад прафесіяналізму кожнага рыэлтара — выканаўцы паслуг. Таму рэгулятар лічыць абгрунтаваным аб’яднаць менавіта спецыялістаў сферы нерухомай маёмасці і ўзаемадзейнічаць непасрэдна з імі, а не агенцтвамі нерухомай маёмасці, — адзначыў Мікалай Старавойтаў.
Згодна з нормамі закона аб рыэлтарскай дзейнасці, Палата рыэлтараў грунтуецца на абавязковым членстве рыэлтараў. Адпаведныя паслугі ад імя арганізацыі маюць права аказваць толькі рыэлтары, якія з’яўляюцца членамі палаты. Прыняцце рашэння аб прыёме членаў Палаты рыэлтараў па заяўным прынцыпе будзе ажыццяўляцца па яе накіраванні выканаўчым органам.
У інтарэсах спажыўцоў
Згодна з законам, агентаў па аперацыях з нерухомасцю не будзе — аказваць паслугі змогуць толькі рыэлтары. Намеснік міністра адзначыў, што гэтае пытанне вельмі горача абмяркоўвалася. І змяненні выкліканы тым, што дзейная сістэма аказання паслуг патрабуе карэннай перабудовы.
Прычынай гэтага новаўвядзення стала фармальнае замацаванне рыэлтараў за дагаворамі аказання рыэлтарскіх паслуг. Пра гэта сведчаць вынікі разгляду пісьмовых і вусных зваротаў грамадзян. Замест рыэлтара спажыўца на ўсіх этапах здзелкі суправаджалі агенты, ігнаруючы заканадаўства, прычым перавышаючы свае паўнамоцтвы. Многія агенты не валодалі ведамі ў поўнай меры і давалі некампетэнтныя тлумачэнні, выкарыстоўвалі ў рабоце практыку прымусу да аплаты рыэлтарскіх паслуг і інш.
У Мінюсце ўпэўненыя, што гэта істотна ўплывае на імідж агенцтваў, змяншае ўзровень даверу насельніцтва. Так што нормы закона, якія замацоўваюць паўнамоцтвы па аказанні рыэлтарскіх паслуг, можна ацаніць як абгрунтаваную неабходнасць, накіраваную на павышэнне іх якасці. Ужо цяпер агенты па аперацыях з нерухомасцю актыўна і паспяхова здаюць іспыты ў Міністэрстве юстыцыі, папаўняючы шэрагі атэставаных спецыялістаў. Наперадзе яшчэ год пераходнага перыяду, на працягу якога агенты, што жадаюць стаць ці набыць статут рыэлтара, маюць права гэта зрабіць.
Для павышэння персанальнай адказнасці за якасць выкананай работы прадугледжваецца абавязак праходжання атэстацыі для пацвярджэння сваёй кваліфікацыі. Працэдура будзе праводзіцца ў форме сумоўя. Для асоб, якія добрасумленна выконваюць свае абавязкі, гэта не стане перашкодай для далейшай працы. Акрамя таго, пашыраны паўнамоцтвы рыэлтарскай арганізацыі па атрыманни неабходнай для аказання паслуг інфармацыі, што дасць магчымасць павысіць узровень абароненасці маёмасных інтарэсаў спажыўцоў.
Як атрымаць атэстат?
Атрымаць атэстат рыэлтара зможа шырокае кола ахвотных. Для гэтага не абавязковая наяўнасць вышэйшай профільнай адукацыі. Рыэлтарам можа стаць любая асоба з вышэйшай адукацыяй. У той жа час, паколькі аказанне паслуг патрабуе адпаведных ведаў, захоўваецца патрабаванне да праходжання прэтэндэнтам спецыяльнага навучання. Прадугледжана магчымасць прадоўжыць аказваць паслугі, перайшоўшы ў статус рыэлтара, для тых агентаў, якія працяглы час працуюць у адпаведных арганізацыях, але цяпер з-за адсутнасці вышэйшай адукацыі не могуць прэтэндаваць на атрыманне атэстата рыэлтара. Ім дастаткова сярэдняй спецыяльнай адукацыі і стажу ў галіне ад трох гадоў.
Закон уступае ў сілу паэтапна. Асноўныя палажэнні, у тым ліку тое, што прадугледжвае скасаванне інстытута агентаў па аперацыях з нерухомасцю, уступаюць у дзеянне з 16 мая 2026 года. Стварэнне Палаты рыэлтараў стане магчымым з 16 красавіка 2026 года. А сёлета з 16 чэрвеня ўступаюць у сілу толькі нормы, якія даюць агентам магчымасць перайсці ў статус рыэлтара.
Алена КРАВЕЦ