У профільным міністэрстве растлумачылі, што ў адпаведнасці з заканадаўствам фізічныя асобы, зарэгістраваныя ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў да 1 кастрычніка 2024 года, маюць права да 31 снежня 2025-га ажыццяўляць віды дзейнасці, не ўключаныя ў пералік, вызначаныя пастановай Савета Міністраў.
— Забароны ажыццяўлення індывідуальнымі прадпрымальнікамі дзейнасці на маркетплэйсах заканадаўства не ўтрымлівае, — падкрэслілі ў эканамічным ведамстве.
У выпадку рэалізацыі ІП тавараў з дапамогай інтэрнэт-пляцовак узнікаюць наступныя адносіны:
● продаж уладальніку інтэрнэт-пляцоўкі тавараў ІП, што не з’яўляецца вытворцам гэтых тавараў, для такога прадаўца будзе з’яўляцца аптовым гандлем. І гэты від дзейнасці не ўключаны ў пералік дазволеных для ІП;
● рэалізацыя тавараў уладальніку інтэрнэт-пляцоўкі, якая ажыццяўляецца ІП, што з’яўляецца вытворцам гэтых тавараў, для такога прадаўца не будзе з’яўляцца гандлем (тут мае месца дагавор пастаўкі) і можа ажыццяўляцца ў статусе ІП;
● рэалізацыя ІП тавараў канчатковаму спажыўцу — фізічнай асобе для асабістага, сямейнага, хатняга і іншага падобнага выкарыстання, не звязанага з прадпрымальніцкай дзейнасцю, будзе з’яўляцца рознічным гандлем (па форме «дыстанцыйны гандаль») і таксама можа ажыццяўляцца ў статусе ІП.
— Такім чынам, правамернасць ажыццяўлення дзейнасці з дапамогай інтэрнэт-пляцоўкі будзе залежаць ад мадэлі работы, што індывідуальны прадпрымальнік выкарыстоўвае, — заключылі ў Мінэканомікі.
Тут таксама звярнулі ўвагу, што адпаведным законам ІП дадзена магчымасць стварэння камерцыйнай арганізацыі, якая засноўваецца адной асобай у спецыяльным парадку без прыпынення дзейнасці і з пераходам усіх правоў і абавязкаў да створанай такім індывідуальным прадпрымальнікам арганізацыі.
— Для камерцыйных арганізацый, створаных індывідуальнымі прадпрымальнікамі ў адпаведнасці з законам, рэалізавана магчымасць працягнуць работу на маркетплэйсе з захаваннем гісторыі і напрацаванай дзелавой рэпутацыі (рэйтынгу), — запэўнілі ў эканамічным ведамстве.
Дарэчы, як расказала ў «Актуальным інтэрв’ю» «Першаму інфармацыйнаму» дырэктар Дэпартамента па прадпрымальніцтве Вольга Русіновіч, каля паловы ІП ужо перарэгістравалася ў юрыдычныя асобы альбо вызначыла для сябе іншы дазволены від дзейнасці.
Спецыяліст падкрэсліла, што перарэгістрацыя працягваецца, і да 1 студзеня 2026 года яшчэ ёсць час прыняць рашэнне:
— Сама працэдура праходзіць «дзень у дзень». Каб скарыстацца гэтай магчымасцю, дастаткова сабраць просты пакет дакументаў і звярнуцца ў рэгістрацыйны орган.