Top.Mail.Ru

Што змяняецца з 1 жніўня?

З названага дня павышаецца бюджэт пражытачнага мінімуму — велічыня, ад якой залежыць шэраг выплат — ад дзяржаўных дапамог пры нараджэнні дзяцей і «ўзроставых» даплат да пенсій да падтрымкі пры падрыхтоўцы да школы і субсідый на арганізацыю сваёй справы. Расказваем, якія дапамогі і на колькі вырастуць, а таксама ўзгадаем пра іншыя важныя змяненні.



Павышаецца бюджэт пражытачнага мінімуму

Пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны з 1 жніўня да 31 кастрычніка бягучага года зацверджаны памеры бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва і па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах. БПМ у сярэднім на душу насельніцтва ўстаноўлены ў памеры 487,72 рубля. Гэта на 5,4 % вышэй у параўнанні з нарматывам, які дзейнічае з 1 мая. Разам з дадзенай сумай вырастуць дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, даплаты да пенсій, сацыяльныя выплаты і шэраг іншых.

Павялічыцца дапамога да школы

Памер аднаразовай матэрыяльнай выплаты на кожнага школьніка са шматдзетнай сям’і складзе 146,3 рубля, або 30 % БПМ. Такую падтрымку атрымаюць каля 240 тысяч вучняў з больш як 115 тысяч шматдзетных сем’яў. Аднаразовая матэрыяльная дапамога выдзяляецца незалежна ад даходу. Па выплаты можна звяртацца ў орган па працы, занятасці і сацабароне па месцы жыхарства/знаходжання аднаго з бацькоў. У Мінску, а таксама шэрагу раёнаў Брэсцкай, Віцебскай і Гродзенскай абласцей — па месцы вучобы дзіцяці.

1m-sixOPCcvqcZhmA2fG7TTHajjnIA4T-gxPImzldsD3G8EO57xh2SgDrZre3TQ62Vk0MbVmEs-1EilE4cnyYMXC.jpg

Ліміты па картках

З 4 жніўня «Беларусбанк» уводзіць абмежаванні на зняцце наяўных грошай з выкарыстаннем лічбавых рэквізітаў карт (токенаў), згенераваных у мабільных плацежных сэрвісах. Сутачны ліміт складзе 600 рублёў для картак «Бархат» і 1000 рублёў для іншых картак найбольшага беларускага банка пры зняцці грошай праз банкаматы і пункты выдачы наяўных грошай. Новыя меры накіраваны на павышэнне бяспекі кліентаў і абарону ад дзеянняў махляроў.

Вырастуць дапамогі на дзяцей

З 1 жніўня павялічваюцца памеры дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, іх велічыня зыходзіць з БПМ — на 5,4 %. Такім чынам, аднаразовая дапамога пры нараджэнні першага дзіця складзе 4 877,20 рубля (10 БПМ), пры нараджэнні другога і наступных дзяцей — 6 828,08 рубля (14 БПМ). Дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці (аднаразовая), павялічыцца да 487,72 рубля (100 % БПМ).

Адпаведна вырасце велічыня падтрымкі для сем’яў на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў (штомесячная) — да 243,86 рубля (50 % БПМ). Таксама павялічацца ўсе віды дапамог сем’ям з асобных катэгорый і сем’ям, якія выхоўваюць дзіця-інваліда — памер апошніх залежыць ад ступені страты здароўя дзіцяці.

Дапамогамі, якія вылічваюцца ад БПМ, у нашай краіне ахоплена больш за 162 тысячы дзяцей. Акрамя таго, як мы ўжо паведамлялі, з 1 жніўня вырастуць дапамогі па доглядзе дзяцей да трох гадоў — на 8,2 %, перагляд гэтых велічынь звязаны з ростам сярэднемесячнага заробку ў краіне за ІІ квартал. За чэрвень гэты паказчык склаў 2717,8 рубля.

Новыя памеры дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі

Такая падтрымка ўключае наступныя сацвыплаты. Гэта штомесячная сацыяльная дапамога для сем’яў (выдзяляецца пры ўмове, калі сярэднедушавы даход па аб’ектыўных прычынах ніжэйшы за крытэрый патрэбнасці), яна з 1 жніўня складзе 487,58 рубля. Для шматдзетных сем’яў такі від падтымкі прызначаецца, калі сярэднедушавы даход не большы за 1,15 велічыні крытэрыю патрэбнасці, і складзе цяпер 560,88 рубля. Акрамя таго, сюды адносіцца аднаразовая сацыяльная дапамога, якая выплачваецца, калі чалавек апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, пры ўмове, што сярэднедушавы даход не большы за 1,5 велічыні крытэрыю патрэбнасці, яна будзе складаць 731,58 рубля. Павялічыцца таксама сацыяльная падтрымка для кампенсацыі затрат на набыццё прадметаў гігіены для дзяцей-інвалідаў, якія маюць ІV ступень страты здароўя, і для інвалідаў І групы. Вырасце і сума, на якую забяспечваюцца прадуктамі харчавання дзеці першых двух гадоў жыцця.

Фінішуе ўступная кампанія ў ВНУ

1 жніўня завершыцца прыём дакументаў ад абітурыентаў на платныя месцы ў большасці ВНУ. Пры гэтым залічваць платнікаў будуць да 3 жніўня.

Некаторыя сельскагаспадарчыя ВНУ могуць прадоўжыць прыём на завочную форму да 20 снежня.

Змяненні ў АРІП

З 1 жніўня АРІП можа выдаліць асабістыя кабінеты некаторых карыстальнікаў. Гэта закране тых, хто не падпіша дадатковыя пагадненні на апрацоўку персанальных даных. Правілы доступу да асабістага кабінета ў АРІП змяніліся яшчэ ў мінулым годзе, раней уладальнікі давалі згоду на апрацоўку персанальных даных на пяць гадоў, цяпер — да трох гадоў. Каб аформіць дазвол, трэба зрабіць адзнаку ў спецыяльным полі ў асабістым кабінеце АРІП. Новаўвядзенні датычацца ўладальнікаў асабістых кабінетаў на сайце службы.

Прыбавяцца «ўзроставыя» даплаты да пенсій

«Узроставыя» даплаты да пенсій атрымліваюць больш за 540 тысяч чалавек, якія дасягнулі 75 гадоў і старэйшыя. Памер гэтых выплат павялічыцца на 5,4 % і складзе 91,45 рубля для асоб 75-79 гадоў, а пры наяўнасці інваліднасці І групы — 213,38 рубля. Для 80-гадовых і старэйшых пажылых людзей выплата вырасце да 182,9 рубля (з улікам надбаўкі на догляд), а пры наяўнасці інваліднасці І групы — 243,86 рубля. Як чакаецца, выдаткі на «ўзроставыя даплаты» сёлета складуць 870 мільёнаў рублёў.

depositphotos_431415100_s-2019-1.jpg

Узрастуць субсідыі на сваю справу

Дзяржаўныя субсідыі дзеля арганізацыі сваёй справы вырастуць да 9,7 тысячы рублёў. З пачаткам апошняга летняга месяца яны складуць 11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму ў горадзе (5364,92 рубля), 15 БПМ — у малых гарадах і раёнах з высокай напружанасцю на рынку працы, а таксама ў сельскіх населеных пунктах (7315,8 рубля), 20 БПМ — пры арганізацыі беспрацоўнымі прадпрымальніцкай дзейнасці, звязанай з укараненнем вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак (9748,4 рубля). 

Для яе прадастаўлення варта быць зарэгістраваным як беспрацоўны ў службе занятасці і старэйшым за 18 гадоў, таксама трэба напісаць заяву ў дадзены орган і падаць бізнес-план: дарэчы, спецыялісты могуць дапамагчы правільна яго скласці.

ІП будуць рабіць узносы ў ФСАН па-новаму

Асноўныя новаўвядзенні закона, які ўносіць змены ў сістэму дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і пенсіённага забеспячэння, уступяць у сілу з 18 жніўня.

Нагадаем важныя змяненні:

  1. Самазанятыя, якія плацяць падатак на прафесійны прыбытак, змогуць па сваім жаданні даплачваць узносы на пенсіённае страхаванне. Такім чынам, ц яны змогуць сфарміраваць страхавы стаж для працоўнай пенсіі.
  2. Для ІП уводзіцца больш гнуткая сістэма: памер узносаў у ФСАН будзе залежаць ад фактычных даходаў асоб. Індывідуальныя прадпрымальнікі будуць выплачваць у фонд 35 % фактычнага даходу, калі яго велічыня за год меншая за 12 мінімальных заробкаў. Калі гадавая выручка ІП складзе ад 12 мінімальных зарплат і вышэй, то ўзносы выплачваюцца з 12 «мінімалак» або, па жаданні асобы, з большай сумы ў памеры 35 %. Тут нічога не мяняецца.
  3. Акрамя таго, з’явіцца асаблівы парадак выплаты ўзносаў у ФСАН, калі выявяць зарплату ў канвертах. Для наймальнікаў узносы палічаць па новай схеме — больш жорсткай. Для работнікаў, якія атрымліваюць заробак у канвертах, у страхавы стаж для пенсіі будуць улічвацца выплаты з памеру мінімальнай заработнай платы.

На рынку аўто

Згодна з прынятай у ліпені пастановай урада пасля 10 жніўня без афармлення адабрэння тыпу транспартнага сродку (АТТС) у Беларусь можна будзе ўвозіць толькі малыя партыі аўтамабіляў (не больш за 150 штук) аднаго тыпу ў год. Новыя правілы накіраваны на падтрымку айчынных вытворцаў, у прыватнасці, «БелДжы».

Алёна КРАВЕЦ.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю