Узаемаадносіны нашых бакоў развіваюцца імкліва.
Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка з афіцыйным візітам адправіўся ў Сагдыйскую вобласць Таджыкістана. Разам з дэлегацыяй Міншчыны губернатар правёў сустрэчу са Старшынёй Выканаўчага органа дзяржаўнай улады Сагдыйскай вобласці Рэспублікі Таджыкістан Раджабоем Ахмадзодай у шырокім складзе. У выніку сустрэчы былі падпісаны новыя пагадненні аб супрацоўніцтве.
Сагдыйская вобласць займае лідзіруючае месца па колькасці прамысловых прадпрыемстваў у Таджыкістане. Дзякуючы свайму выгаднаму геаграфічнаму становішчу рэгіён з’яўляецца паўночнымі гандлёвымі варотамі краіны. Тут створаны спрыяльныя ўмовы для прыцягнення інвестыцый, рэгулярна з’яўляюцца прадпрыемствы з замежнымі партнёрамі.
Варта падкрэсліць, што ўзаемаадносіны паміж двума бакамі заўсёды насілі пазітыўны і дынамічны характар. Апошняя пяцігодка таксама была багатая на сустрэчы. За 2020-2025 гады паміж кіраўніцтвам Мінскага аблвыканкама і прадстаўнікамі Рэспублікі Таджыкістан адбылася вялікая колькасць кантактаў. Дагаворна-прававая база двухбаковага супрацоўніцтва паміж Мінскай вобласцю і Рэспублікай Таджыкістан, у тым ліку на ўзроўні раёнаў, уключае цэлы шэраг пагадненняў. Цяперашні візіт Аляксея Кушнарэнка ў Сагдыйскую вобласць дазволіць вывесці адносіны паміж двума бакамі на якасна новы ўзровень.
«У 2014 годзе было падпісана пагадненне паміж Мінскай і Сагдыйскай вобласцямі аб навукова-тэхнічным, гандлёва-эканамічным і культурным супрацоўніцтве. Я хацеў бы адзначыць, што за гэты час сапраўды праведзена вялікая работа. У нас вельмі актыўна ідуць сустрэчы на розных узроўнях», — адзначыў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка.
За апошні час такіх сустрэч было больш за дзесяць. «Аднак мы разумеем, што патэнцыял супрацоўніцтва вельмі вялікі. І сёння я прыбыў з дэлегацыяй органаў выканаўчай улады, бізнес-колаў краіны для таго, каб надаць новы імпульс нашаму супрацоўніцтву праз падпісанне плана мерапрыемстваў на 2025/2026 год», — паведаміў губернатар.
Таксама Аляксей Кушнарэнка адзначыў, што паміж нашымі краінамі расце тавараабарот, у прыватнасці, паміж рэгіёнамі: «За мінулы год — у паўтара раза. За 2025-ы — больш чым на 40 %. У асноўным мы пастаўляем на рынак Таджыкістана цукар, ялавічыну, мяса птушкі, кансервы, прадукцыю дрэваапрацоўкі. У сваю чаргу, закупляем сухафрукты, арэхі, пражу. Пры гэтым, як я ўжо адзначыў, патэнцыял супрацоўніцтва вельмі вялікі. Мы хочам у плане, падпісаным сёння, сапраўды напоўніць яго канкрэтнымі справамі і мерапрыемствамі па супрацоўніцтве непасрэдна як у прамысловасці, так і ў сельскай гаспадарцы, у сферы сацыяльнага развіцця. У нас вельмі высокія кантакты ў сферы фізічнай культуры і спорту. Нашы спартсмены прымаюць удзел у розных спаборніцтвах, якія праходзяць непасрэдна ў Сагдыйскай вобласці, пры гэтым спартсмены Таджыкістана прыязджаюць да нас у вобласць».
Беларускі бок прапануе паслугі ў сферы турызму, у сферы санаторна-курортнага аздараўлення. «Пры гэтым мы разумеем, што аналагічныя паслугі, улічваючы прыгажосць гэтых месцаў, можа прадставіць і таджыкскі бок. У нас вельмі вялікі аб’ём узаемнай цікавасці, які, я ўпэўнены, рэалізуецца ў нейкія канкрэтныя справы і кантракты», — падагульніў Аляксей Кушнарэнка.
Старшыня Выканаўчага органа дзяржаўнай улады Сагдыйскай вобласці Рэспублікі Таджыкістан Раджабой Ахмадзода пасля афіцыйнага падпісання Плана мерапрыемстваў па рэалізацыі Пагаднення аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве паміж Мінскім аблвыканкамам і Выканаўчым органам дзяржаўнай улады Сагдыйскай вобласці пракаментаваў вынікі: «Узаемаадносіны нашых бакоў развіваюцца імкліва. У нас штогод праходзіць кірмаш, які наведваюць прадстаўнікі Мінскай вобласці. У нас заключаны двухбаковыя адносіны ў сферы эканомікі, прамысловасці, адукацыі, спорту, культуры і турызму. Тавараабарот на працягу пяці месяцаў гэтага года паміж нашай вобласцю і Рэспублікай Беларусь склаў больш за 60 мільёнаў долараў».
Паводле слоў Старшыні Выканаўчага органа, такі паказчык Сагдыйскую вобласць не задавальняе: «У нас вельмі вялікі патэнцыял. Мы гатовыя супрацоўнічаць у сферах лёгкай прамысловасці і харчовай. Мы кожны год выпускаем больш за 150 тысяч тон бавоўны. З іх перапрацоўваем 30 %, а 70 % як гатовую прадукцыю экспартуем. У нас маюцца спецыялісты, інфраструктура, таму мы запрашаем беларускіх прадпрымальнікаў і інвестараў для стварэння сумесных прадпрыемстваў».
Сагдыйскі бок гатовы супрацоўнічаць і ў кандытарскай сферы: «У нас у вобласці ёсць вялікая колькасць садоў. Мы атрымліваем больш за тры мільяна тон садавіны. У нас ёсць абрыкосы, арэхі, разынкі і інш. Усё гэта трэба для стварэння кандытарскіх вырабаў. Таксама мы гатовыя супрацоўнічаць у абутковай сферы. Павінны развіваць турызм. У нас шмат славутасцяў і гістарычных месцаў».
Раджабой Ахмадзода яшчэ раз выказаў словы падзякі беларускаму боку і зноў запрасіў нашых інвестараў для стварэння сумесных прадпрыемстваў, інвеставання, а турыстаў — для адпачынку.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота прэс-службы Мінскага аблвыканкама