Прапанаваўшы халат і бахілы, яна спачатку вядзе мяне знаёміцца з цяплічным камбінатам «Багатырова».
У дзвюх цяпліцах з сакавіка па лістапад тут збіраюць ураджай 25 гібрыдаў таматаў. Зімой іх змяняюць агуркі. Перцы і баклажаны займаюць невялікія плошчы. Яшчэ з 2013 года тут вырошчваюць ружы 11 сартоў. Спачатку закуплялі саджанцы ў Нідэрландах, а цяпер чаранкуюць свае. У адрозненне ад гародніны, якая патрабуе штогадовай змены культуразвароту, ружы выдатна пачуваюць сябе без перасадкі больш за 5 гадоў.
— У сучасных цяпліцах 5-га пакалення — аптымальныя ўмовы для гародніны і кветак, — распавядае Надзея Рубан. — Штучнае асвятленне папаўняе недахоп сонечнага ў пахмурныя дні. Ацяпленне, адкрыццё фортачак, паліў, падача вуглякіслага газу і г. д., якія раней выконваліся ўручную, сёння аўтаматызаваны і рэгулююцца аператарамі.
У «Агракамбінат «Ждановічы» Надзея, на той час Герцык, прыйшла працаваць, калі ёй было 20 гадоў. Перад гэтым дзяўчына скончыла Лужаснянскі сельскагаспадарчы тэхнікум і два гады адпрацавала ў Чашніцкім раёне галоўным аграномам. На новым месцы пачынала агароднікам. Але ўжо праз некалькі месяцаў, адзначыўшы працавітасць маладой дзяўчыны, Надзею прызначылі памочнікам майстра. З часам стала майстрам, пазней — начальнікам цэха абароненага грунту. Адчуваючы неабходнасць вышэйшай адукацыі, паступіла на завочнае аддзяленне ў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію. Калі спатрэбілася навучыцца вадзіць машыну, здала на правы. І вось ужо 7 гадоў Надзея Аляксееўна кіруе калектывам у 250 супрацоўнікаў, адказвае за ўвесь цяплічны камбінат «Багатырова».
— У ранейшых антрацытавых цяпліцах, дзе я пачынала, умовы працы былі складанейшыя, — адзначае Надзея Рубан. — Сёння яны больш камфортныя, але і норма персанальнай нагрузкі павялічылася. Нягледзячы на ўсе дасягненні прагрэсу, догляд гародніны і кветак, а таксама іх збор па-ранейшаму выконваюцца ўручную. Праца агароднікаў і сёння застаецца фізічна цяжкай. Вядома, у «Багатырова» ёсць сапраўдныя «героі» — агароднікі з 30-40 гадовым стажам.
Надзея Аляксееўна перакананая: для таго, каб вырасціць якасную прадукцыю, трапіць у лік лепшых цяплічных камбінатаў Беларусі, важна зладжаная праца ўсіх разам. Адны аграномы займаюцца палівам культур, другія забяспечваюць біялагічную чысціню гародніны, кантралююць утрыманне ў ёй нітратаў. Ёсць спецыялісты, адказныя за абарону раслін ад шкоднікаў: яны своечасова падсяляюць да іх насякомых-энтамафагаў. Гэтак жа ў цяпліцы з адзінай у краіне лабараторыі «Агракамбіната «Ждановічы» «пастаўляюцца» чмялі як вельмі эфектыўныя апыляльнікі — ад іх таксама залежыць, наколькі смачнымі і мясістымі будуць плады. Задача кіраўніка — не дапусціць збояў у адладжаным механізме.
Працавітасць і ўпартасць — тыя якасці, якія дапамаглі Надзеі Рубан узнімацца па лесвіцы ў сваёй прафесіі. Гэты «капітал» яна атрымала ў спадчыну ад бацькоў, якімі вельмі ганарыцца. Яе мама Лідзія Іванаўна — у мінулым лекар, бацька Аляксей Якаўлевіч —газаэлектразваршчык, абодва даўно ўжо на пенсіі. Пры гэтым самі спраўляюцца са сваёй гаспадаркай, да гэтага часу трымаюць карову, каб частаваць дарагіх дачок (а іх у сям’і пяцёра) і ўнукаў хатнім малаком і тварагом. Наведваючыся да бацькоў, Надзея звычайна ахвотна доіць карову: засвоенае з дзяцінства ўменне нікуды не падзелася.
— Родная вёска Дуброўка Ушацкага раёна — месца маёй сілы, — прызнаецца Надзея Рубан. — Абавязкова стараюся праводзіць там хаця б нейкую частку водпуску. Як у дзяцінстве, з задавальненнем хаджу ў лес, збіраю ягады і грыбы, плаваю ў азёрах, якіх шмат навокал, любуюся прыгажосцю мясцовай прыроды...
Калісьці аднакласнік прапанаваў Надзеі: «Паехалі са мной за кампанію паступаць у Лужаснянскі сельскагаспадарчы тэхнікум». І яна, нядоўга думаючы, пагадзілася. У 15 гадоў дзяўчына яшчэ не ведала, якую прафесію лепш абраць, ёй проста хацелася хутчэй стаць самастойнай. Пасля першага месяца вучобы аднакласнік забраў дакументы і вярнуўся ў школу.
А Надзя засталася. І ні разу ў жыцці потым не пашкадавала аб сваім юнацкім рашэнні.
Вольга ПАКЛОНСКАЯ,
фота Віктара ІВАНЧЫКАВА.