У Беларусі сёння пройдзе штогадовая праверка аўтаматызаванай сістэмы цэнтралізаванага апавяшчэння (АСЦА). Пра гэта БелТА паведамілі ў МНС.
«Ва ўзаемадзеянні з суб’ектамі сістэмы апавяшчэння — Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй, Другім нацыянальным тэлеканалам, Сталічным тэлебачаннем, Рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам электрасувязі „Белтэлекам“ — пройдзе штогадовая Рэспубліканская праверка аўтаматызаванай сістэмы цэнтралізаванага апавяшчэння», — гаворыцца ў паведамленні.
У ходзе праверкі ў эфіры FM-радыёстанцый будзе транслявацца наступнае паведамленне: «Увага! Праводзіцца тэхнічная праверка сістэмы апавяшчэння. Тэхнічная праверка завершана».
У МНС падкрэслілі, што дадзеная сістэма прызначана для давядзення да насельніцтва, органаў кіравання і сіл дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны, органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовай выканаўчай і распарадчай улады сігналаў апавяшчэння і інфармацыі пра пагрозу ўзнікнення або ўзнікненні надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару, аб правілах паводзін насельніцтва ў дадзенай надзвычайнай сітуацыі, аб ходзе ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сітуацыі.
АСЦА дазваляе забяспечыць перадачу сігналу паведамлення «Увага ўсім!» з дапамогай запуску электрасірэн і сістэм гучнагаварыцельнай сувязі, перадачу маўленчай інфармацыі з дапамогай запуску сістэм гучнагаварыцельнай сувязі, перахоп агульнадаступнага пакета лічбавага тэлебачання, FM-радыёстанцый, якія ажыццяўляюць трансляцыі на ўсёй тэрыторыі рэспублікі, а таксама ў абласных або раённых цэнтрах. Таксама дазваляе забяспечыць запуск бягучага радка ў ходзе трансляцыі рэспубліканскіх тэлеканалаў і СМС-рассылку паведамленняў аператарамі сотавай сувязі.
МНС просіць паставіцца з разуменнем да неабходнасці падобных мерапрыемстваў.
Акрамя таго, у гэты дзень пройдуць праверкі сістэмы апавяшчэння ў Магілёўскай і Віцебскай абласцях.