Спецыялісты падлічылі, што доля лясоў у нашай краіне за апошнія 30 гадоў стала большай, прыкладна, на мільён гектараў. Як адзначыў, намеснік начальніка ўпраўлення лясной гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Віктар ЗВЯРТОЎСКІ, лясы цяпер займаюць амаль палову тэрыторыі нашай дзяржавы і складаюць 9,8 мільёнаў гектараў. Асноўны лесафондатрымальнік — Мінлясгас, у падпарадкаванні якога знаходзіцца 8,7 мільёнаў гектараў, або 89 % зялёнага багацця.
За гады незалежнасці лясістасць Беларусі вырасла з 35 % да 40,2 %. Малавядомы, але вельмі цікавы факт — на аднаго жыхара нашай краіны прыпадае практычна 1 гектар пакрытых лесам зямель, пры гэтым на аднаго жыхара планеты — 0,5 гектараў. Віктар Звяртоўскі дадаў, што работа Мінлясгаса накіравана на павелічэнне плошчы лясоў, і дасягнутыя з 1994 года ключавыя колькасныя і якасныя паказчыкі беларускіх лясоў — вынік працы айчынных лесаводаў.
Яшчэ тысячы гектараў ветравалаў
Ужо за 8 месяцаў гэтага года лесааднаўленне праведзена на плошчы 27 тысяч гектараў, што адпавядае тэрыторыі сталіцы, адзначыў спецыяліст. Аднаўленне лясоў ажыццяўлялася, у тым ліку, шляхам пасеву і пасадкі практычна 24 тысяч гектараў новых насаджэнняў. Лес трэба не птолькі садзіць, але і даглядаць яго. «Лесагаспадарчымі ўстановамі пастаянна праводзіцца догляд за ляснымі культурамі», — падкрэсліў Віктар Звяртоўскі. Паводле яго слоў, не ўсюды ветравалы яшчэ прыбраныя: засталося каля 3 тысяч гектараў пашкоджаных лясоў.
Уся праца Міністэрства накіравана на павелічэнне плошчы лясоў і рацыянальнае іх выкарыстанне. Дзякуючы гэтаму з 1994 года палепшыліся асноўныя колькасныя і якасныя паказчыкі. Так, доля саспелых лясоў за гэты час вырасла ў 5 разоў, з 350 тысяч гектараў, практычна да 1,8 мільёна гектараў. Гэта адбіваецца на штогадовым павелічэнні высечак саспелых лясоў.
Больш 130 тысяч казуль з’яўляецца гістарычным максімумам
Лес з’яўляецца асноўным месцам пражывання дзікіх жывёл, уключаючы такіх буйных, якія адносяцца да паляўнічых відаў. Гэтым тэрыторыям у Беларусі надаецца асаблівая ўвага, лічыць начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Аляксандр КАЗАРЭЗ.
Паводле яго слоў, старт гэтаму быў закладзены яшчэ ў сярэдзіне нулявых, калі Прэзідэнт краіны прыняў рашэнне аб тым, што Міністэрства лясной гаспадаркі павінна курыраваць і кіраваць усёй паляўнічай гаспадаркай. Гэта дало свой плён, і ведамства, ва ўзаемадзеянні з іншымі дзяржаўнымі органамі, Дзяржаўнай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету правяло сумесную работу, якая прывяла да досыць хуткага дынамічнага росту колькасці асноўных відаў паляўнічых жывёл. У прыватнасці, за 30 гадоў колькасць аленя высакароднага павялічылася больш чым у 11 разоў, гэта значыць з 4,5 тысяч да 50,5 тысяч асобін.
Гэта — наогул, напэўна, адзін з самых яркіх прыкладаў аднаўлення біялагічнага віду на нашай тэрыторыі за такі кароткі перыяд часу і так хутка, колькасць лася павялічылася таксама да 50 тысяч асобін. Тут трэба адзначыць, што гэты від вельмі важны для лясоў, для нашай паўночнай часткі Беларусі. Колькасць казуль у нас вырасла больш чым у чатыры разы, з 34 тысяч да 130 тысяч асобін. І такая колькасць у нас падтрымліваецца ўжо досыць працяглы час.
Селета запланавана «выняць» з асяроддзя пражывання 47 мядзведзяў
Штогод у нашай краіне здабываецца 1,6 —1,8 тысяч адзінак ваўка. Гэта сведчыць пра тое, што сярэдняя колькасць гэтага шэрага звера ў нашых лясах налічваецца каля 4 тысяч адзінак. Гэтых драпежнікаў цалкам дастаткова для падтрымання «у тонусе» траваедных дзікіх жывёл. А выпадкі нападу ваўка на сельскагаспадарчых жывёл у нашай краіне адзінкавыя.
Што тычыцца мядзведзя. Сапраўды, сёлета ў нашай краіне было адкрыта паляванне на касалапага. Цяпер у Еўразіі назіраецца станоўчы трэнд па павелічэньні колькасьці мядзведзяў. Наша палявая статыстыка падлічыла 1067 мядзведзяў. А гэта ўжо зашмат. Акрамя таго, нарастае напружанасць паміж гэтым зверам і чалавекам. «Таму з пачатаку ліпеня па 31 снежня ў нас адкрыта паляванне на мядзведзя. Па планах „вынімання“ на гэты год, вырашана застрэліць 47 мядзведзяў. А на сённяшні дзень ліквідавана ўжо крыху больш за 10», — удакладніў Аляксандр Казарэз.
Спецыяліст падкрэсліў, што адстрэльваюць не простых добрых «мішак», а менавіта праблемных жывёл, якія былі неаднаразова заўважаныя ў паходах на пчальнікі і проста на бліжэйшыя сельгаспадворкі.
Сяргей КУРКАЧ