Лясная гаспадарка ў нашай краіне — галіна рэальнага сектара эканомікі, якая дынамічна развіваецца і вырашае найважнейшыя задачы аховы, абароны лясоў, рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў, забяспечвае эканамічную, экалагічную і вытворчую бяспеку краіны. З боку кіраўніка дзяржавы ёй заўсёды ўдзялялася шмат увагі, паколькі Беларусь уваходзіць у дзясятку самых лясных дзяржаў Еўропы і, як неаднойчы падкрэсліваў Прэзідэнт, лес — гэта багацце, якім мы павінны рацыянальна і ашчадна карыстацца.
Па гектары на чалавека
Намеснік начальніка ўпраўлення лясной гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Віктар Звяртоўскі расказаў, што на аднаго жыхара нашай краіны прыпадае гектар пакрытых лесам зямель.
За апошнія шэсць гадоў лясістасць павялічылася амаль удвая і дасягнула максімальнага значэння ў больш чым стагадовы перыяд. Паказчык працягвае расці: за гады незалежнасці Беларусі вырас з 35 да 40,2 %. Плошча лясоў за 30 гадоў вырасла з 8,9 да 9,7 мільёна гектараў — і гэта не мяжа. Работа Мінлясгаса накіравана на павелічэнне плошчы лясоў, і ключавыя колькасныя і якасныя паказчыкі беларускіх лясоў, якія палепшыліся з 1994 года, — вынік работы айчынных лесаводаў.
Па словах спікера, доля саспелых лясоў у Беларусі за 30 гадоў павялічылася ў пяць разоў і сёння перавышае 21 %, што адбіваецца і на нарошчванні штогадовых аб’ёмаў нарыхтоўкі, расце і запас драўніны, а сярэдні ўзрост лясных насаджэнняў па краіне з 1994 года вырас з 44 да 58 гадоў.
Штогод работнікамі лясной галіны высаджваюцца лясы, якія падзяляюцца на чатыры катэгорыі: прыродаахоўныя, рэкрэацыйна-аздараўленчыя, ахоўныя і эксплуатацыйныя. Так, тыя, што выконваюць ахоўную і рэкрэацыйную функцыю, займаюць плошчу больш за 37 %, а на эксплуатацыйныя прыходзіцца 62,4 %. Для кожнай катэгорыі Лясны кодэкс устанаўлівае свой рэжым лесакарыстання.
Асноўным лесафондаатрымальнікам у Беларусі застаецца Мінлясгас. Практычна 90 % усёй плошчы лясоў краіны — каля 8,7 млн га — знаходзіцца ў падпарадкаванні ведамства. Штогод работнікамі лясной галіны ствараюцца лясныя насаджэнні на плошчы, якая перавышае тэрыторыю Мінска.
«У 2024 годзе новыя лясы былі створаны на плошчы, якая перавышае 33 тыс. га, у тым ліку за кошт сяўбы і пасадкі закладзена больш за 27 тыс. га новых лясоў, — прывёў лічбы Віктар Звяртоўскі. — Такім чынам, лясныя культуры штогод ствараюцца на плошчы нават большай, чым плошча сталіцы, самага буйнога горада краіны.
Сочым за трэндамі
Было адзначана, што за апошнія гады трэндам стала стварэнне лясных культур пасадачным матэрыялам з закрытай каранёвай сістэмай. За апошнія 30 гадоў у краіне з’явілася чатыры цяплічныя комплексы па вырошчванні такога пасадачнага матэрыялу: у Глыбоцкім доследным лясгасе, Магілёўскім лясгасе, Івацэвіцкім доследным лясгасе і Рэспубліканскім лясным селекцыйна-насенняводчым цэнтры. Акрамя таго, у краіне функцыянуюць 79 пастаянных лясных гадавальнікаў.
«Аб’ёмы вырошчвання пасадачнага матэрыялу ў Беларусі выраслі са 123 млн штук сеянцаў у 1994 годзе да 370 млн у 2024 годзе. Мінлясгас вялікую ўвагу ўдзяляе і догляду пасаджаных лясных культур. Плошчы догляду лясных культур выраслі за апошнія чатыры гады з 80 тыс. да 140 тыс. га», — расказаў Віктар Звяртоўскі.
«Дай лесу новае жыццё»: вясновы старт — заўтра
Мінулы год вызначыўся складанымі метэаралагічнымі з’явамі: ліпеньскія ветравалы. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы адным з пунктаў галіновага плана Мінлясгаса з’яўляецца правядзенне лесааднаўлення на пашкоджаных участках ветравальна-бураломных насаджэнняў.
«Кожны год праводзяцца акцыі па аднаўленні лясоў, — адзначыў спікер. — Гэты не стаў выключэннем. Акцыя „Дай лесу новае жыццё!“ пройдзе ў Беларусі з 21 сакавіка да 12 красавіка. Кампанія накіравана на аднаўленне лясоў у тым ліку пацярпелых ад ліпеньскай стыхіі. Восенню мінулага года ёй даў старт Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. У рамках другога этапу акцыі ўпор будзе зроблены на аднаўленне ветравальна-бураломных лесасек. Акцыя пройдзе па ўсёй краіне, але асноўны фронт работ трэба будзе выканаць у найбольш пацярпелых лясгасах Гомельскай вобласці — цяпер актыўна вядзецца падрыхтоўка для будучых лесапасадак».
Сімвалічна, што гэтым разам акцыя пройдзе пад эгідай Года добраўпарадкавання і 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Чакаецца, што яе, як і ў папярэднія гады, падтрымаюць дзясяткі тысяч валанцёраў.
Дарэчы, гэта ініцыятыва Мінлясгаса атрымае свой працяг: следам, 12 красавіка, распачнецца новая кампанія «ЛЕС! ДАБРО! ПАРАДАК!», якая завершыцца ў Свята працы — 1 мая.
«Такім чынам, у Год добраўпарадкавання наша міністэрства запланавала сапраўдны марафон з добраахвотных акцый», — рэзюмаваў Віктар Звяртоўскі.
Рэсурсаў хапае
Начальнік упраўлення вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі Міністэрства лясной гаспадаркі Андрэй Мацкевіч распавёў, як у краіне выкарыстоўваецца драўняная сыравіна. Акрамя задачы захаваць і прымножыць, Мінлясгас займаецца забеспячэннем таго перапрацоўчага комплексу краіны, які сёння прадстаўлены: «Дзякуючы рашэнням кіраўніка дзяржавы, у рэспубліцы з 2006 года створана новая галіна — дрэваапрацоўка. З улікам рэсурснага патэнцыялу нашай краіны мы можам вырабляць тую прадукцыю, якая запатрабавана як на ўнутраным, так і на знешнім рынках. У рамках сістэмы Мінлясгаса развіўся цэлы кірунак, звязаны з ажыццяўленнем лесанарыхтовак. Калі ў 2006 годзе мы выкарыстоўвалі толькі ручную працу нашых вальшчыкаў, то сёння ў нас ёсць машыны, механізмы, здольныя забяспечыць той узровень лесанарыхтовак, які неабходны. Што датычыцца долі механізацыі, яна сёлета дасягнула 65 %», — расказаў спікер.