Top.Mail.Ru

Штогод паляпшаюць свае жыллёвыя ўмовы звыш 25 тысяч сем'яў

«Квадрат» з падтрымкай дзяржавы

Сёлета завяршаецца рэалізацыя пяцігадовай Дзяржаўнай праграмы «Будаўніцтва жылля». Паводле звестак Мінбудархітэктуры, за апошнія чатыры гады пабудавана 17,2 мільёна квадратных метраў агульнай плошчы жылля, у тым ліку 4,6 мільёна «квадратаў» з дзяржпадтрымкай. У нашай краіне штогод паляпшаюць свае жыллёвыя ўмовы ў сярэднім звыш 25 тысяч сем'яў.

Ад чаго залежыць памер дапамогі?

Начальнік Галоўнага ўпраўлення будаўніцтва і жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Таццяна ВАСІЛЮЧАК адзначыла, што сёлета ў краіне неабходна пабудаваць не менш за 4,5 мільёна квадратных метраў агульнай плошчы жылля. Па выніках 9 месяцаў узведзена 2 мільёны 942 тысячы «квадратаў», што больш за практычна 65 % ад агульнага аб’ёму. Па тэмпах будаўніцтва наперадзе Брэстчына і Магілёўшчына.

«Шматдзетныя сем’і могуць атрымаць ільготныя крэдыты на жыллё пад 1 % гадавых на 40 гадоў», — паведаміла намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення будаўніцтва і жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Іна ПІНКОЎСКАЯ. «Для іншых ільготнікаў — гэта 5 % гадавых, тэрмін карыстання — 20 гадоў», — удакладніла яна. Больш за тое, жыхарам населеных пунктаў, дзе пражывае не больш за 20 тысяч чалавек, прапануюць стаўку ўвогуле 3 %.

Далёка не ўсе катэгорыі грамадзян, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў буйных гарадах, могуць разлічваць на дзяржпадтрымку, звярнула ўвагу Іна Пінкоўская. «У той жа час любы чалавек, які будуе жыллё ў населеным пункце з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч і ў гарадах-спадарожніках, патэнцыйна адносіцца да ліку атрымальнікаў дзяржпадтрымкі», — падкрэсліла яна.

Памер дапамогі пры будаўніцтве жылля залежыць ад колькасці членаў сям’і. «Гэта 20 квадратных метраў, у межах якіх прадастаўляецца дзяржаўная падтрымка на кожнага члена сям’і ва ўсіх гарадах краіны, акрамя Мінска (у сталіцы субсідзіруецца 15 „квадратаў“ на аднаго чалавека), і для шматдзетных сем’яў», — патлумачыла прадстаўнік Мінбудархітэктуры.

Варыянты ў сталіцы

Старшыня камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Ірына ГОНТАРАВА паведаміла, што ў сталіцы за 9 месяцаў пабудавана каля 413 тысяч квадратных метраў жылля. З іх 78,7 тысячы ўзведзена з выкарыстаннем дзяржпадтрымкі, 18 тысяч — арэнднае жыллё, у тым ліку ў горадзе Смалявічы і пасёлку Сонечны. Уведзена ў эксплуатацыю 871 кватэра для шматдзетных. Будуюцца для агульнай чаргі маючых патрэбу два арэндныя жылыя дамы. У першую чаргу іх будуць засяляць асабліва запатрабаваныя спецыялісты, якіх трэба замацаваць у Мінску. Рашэннем Мінгарвыканкама вызначаны іх катэгорыі — гэта вадзіцелі гарадскога транспарту, тунэльныя рабочыя, маляры, тынкоўшчыкі, рабочыя па комплекснай прыборцы, утрыманні домаўладанняў і будынкаў.

Станоўча зарэкамендавала сябе практыка ўзвядзення жылля за кошт уласных сродкаў прадпрыемстваў. 

У гэтым выпадку яны звяртаюцца ў камітэт будаўніцтва і інвестыцый з просьбай вылучыць квоту на будаўніцтва пэўнай колькасці кватэр для сваіх работнікаў. Банкі даюць ім субсідыі. Потым кватэры выкарыстоўваюць у якасці арэндных для маладых і асабліва запатрабаваных спецыялістаў.

Як заўважыла Ірына Гонтарава, аб’ём будаўніцтва жылля ў Мінску будзе зніжацца. З часам у год стануць узводзіць не больш за 500 тысяч квадратных метраў. На стадыі завяршэння знаходзіцца комплекс «Мінск-Мір». Новая буйная пляцоўка, якую будзе забудоўваць інвестар, — «Паўночны бераг».

Што датычыцца кватэр для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, то перспектыўнай пляцоўкай стане Зялёны Бор. Да 2040 года там пабудуюць 4-4,5 мільёна «квадратаў» жылля, а таксама школы, дзіцячыя садкі, паліклінікі. Забудова будзе весціся ў некалькі чэргаў, першая прадугледжвае каля 200 тысяч квадратаў. Цяпер ідзе праектаванне неабходных інжынерных сетак, пад’язных шляхоў. На гэтай пляцоўцы камерцыйнага жылля наогул не будзе, лічыць спецыяліст.

Як паведамілі карэспандэнту «Звязды», квадратны метр для чаргавікоў, які ўзводзіцца з дзяржпадтрымкай, каштуе ад 2700 да 2900 рублёў. 

У цагляным і маналітным выкананні — крыху даражэй. Пры гэтым дольшчыкаў сярод маючых патрэбу больш не будзе. З-за вялікай колькасці скарг на павелічэнне тэрмінаў будаўніцтва і іншыя праблемы вырашана, што дамы будуць узводзіць без удзелу грамадзян, за кошт УКБ. Тыя будуць браць крэдыты, а пасля прадаваць гатовае жыллё чаргавікам, значыць, пераафармляць на канкрэтнага грамадзяніна крэдытныя рэсурсы, затрачаныя на будаўніцтва яго кватэры.

Дарэчы, як адзначылі эксперты, сёння ў Мінску цана «квадрата» камерцыйнага жылля дасягае 2 тысяч долараў у эквіваленце.

Сяргей КУРКАЧ

Чытайце таксама: Саўмін вызначыў парадак фарміравання пераліку аб’ектаў першачарговага будаўніцтва для развіцця рэгіёнаў


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю