Top.Mail.Ru

Штогод паслугамі публічных бібліятэк у Беларусі карыстаюцца больш за 2,5 мільёна чалавек

Доступ да ведаў для кожнага

15 ве­рас­ня ў на­шай кра­і­не ад­зна­ча­юць Дзень біб­лі­я­тэк. Вы­дат­ная на­го­да да­ве­дац­ца больш аб тым, як за апош­нія га­ды змя­ні­ла­ся сет­ка ўста­ноў, чым яны здзіў­ля­юць чы­та­чоў і пры­цяг­ва­юць ува­гу мо­ла­дзі.

Выходзім у «лічбу»

Сукупная бібліятэчная сетка краіны налічвае каля 5600 публічных і спецыяльных бібліятэк з агульным фондам каля 200 мільёнаў экзэмпляраў. Найбольшая колькасць засяроджана ў сістэме Міністэрства адукацыі і Міністэрства культуры. Таму стаць чытачом бібліятэкі можа кожны: нават у тых кутках нашай краіны, дзе няма стацыянарных устаноў, працуюць перасовачныя «бібліобусы» — іх налічваецца каля сотні.

— Па апошніх даных, у краіне функцыянуюць 2100 публічных бібліятэк, якія знаходзяцца ў ведамаснай падпарадкаванасці Міністэрства культуры. Гэта Нацыянальная бібліятэка, 6 абласных бібліятэк, 118 раённых, цэнтральных і 12 гарадскіх цэнтральных бібліятэк са сваімі філіяламі, — паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Вольга МАКАРАВА. — Штогод іх паслугамі карыстаюцца больш за 2,5 мільёна чалавек, з іх 235 тысяч — у аддаленым рэжыме.

Што цікава, 41 % ад агульнай колькасці карыстальнікаў — дзеці і падлеткі да 18 гадоў, а агульная колькасць наведванняў з улікам віртуальных перавышае 35 мільёнаў. Выдадзеных дакументаў жа — больш за 37 мільёнаў экзэмпляраў у год. Дарэчы, як расказала Вольга Макарава, на 1 студзеня 2026 года аб’ём бібліятэчнага фонду публічных бібліятэк складаў у сукупнасці больш за 47 мільёнаў экзэмпляраў дакументаў.


Тым не менш за апошнюю пяцігодку колькасць карыстальнікаў публічных бібліятэк і кнігавыдач зніжаецца. Прычыны таму — як міграцыйныя і дэмаграфічныя працэсы, так і аптымізацыя сетак бібліятэк і агульная лічбавізацыя грамадства. Разам з тым колькасць віртуальных карыстальнікаў устойліва расце.

— Безумоўна, гэта садзейнічае ўкараненню і развіццю лічбавых платформ і анлайн-паслуг, пашырэнню доступу да электронных інфармацыйных рэсурсаў, актыўнаму прасоўванню віртуальнай формы работы бібліятэк праз сайты і сацыяльныя сеткі, — адзначыла Вольга Макарава.

Кнігі і не толькі

Нацыянальная бібліятэка Беларусі, якая сёлета адзначыла 20 гадоў з моманту адкрыцця новага будынка, сёння з’яўляецца, мабыць, найбуйнейшым інфармацыйным, сацыякультурным, адукацыйным і навуковым цэнтрам краіны. Чаго каштуе толькі яе сукупны фонд, які складае звыш 10,5 мільёна экзэмпляраў дакументаў на больш чым 80 мовах свету. Больш за 100 тысяч адзінак захоўвання налічвае фонд рукапісаў, рэдкіх і нават старажытных выданняў.

— Тут знаходзіцца і бясцэнны скарб беларускай культуры — 10 кніг Бібліі, выдадзеных у Празе беларускім першадрукаром Францыскам Скарынам, — расказаў намеснік генеральнага дырэктара — дырэктар па інфармацыйных рэсурсах і абслугоўванні карыстальнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Віктар ПШЫБЫТКА.


Да таго ж, у сценах знакамітага «алмаза ведаў» штогод праводзіцца больш за 600 мерапрыемстваў, ажыццяўляецца выставачная дзейнасць і не толькі.

— Нацыянальная бібліятэка ўпэўнена працягвае выконваць сваю галоўную місію — захоўваць найбагацейшую дакументальную спадчыну беларускага народа і забяспечваць свабодны доступ да ведаў для кожнага грамадзяніна, — падкрэсліў Віктар Пшыбытка. — Мы заўсёды адкрыты да доўгатэрміновага партнёрства, рэалізацыі сумесных праектаў і ўкаранення інавацыйных рашэнняў на карысць развіцця навукі, адукацыі і культуры.

Прасторы магчымасцяў

Дарэчы, нарошчванне сацыякультурнага абслугоўвання стала адной з галоўных тэндэнцый работы бібліятэчнай галіны апошніх гадоў. Напрыклад, толькі за мінулы год бібліятэкамі краіны праведзена звыш 180 тысяч мерапрыемстваў, з якіх больш за 130 тысяч — для непаўналетніх.

— Бібліятэка даўно перастала быць проста месцам, дзе захоўваюцца веды і выдаюцца кнігі, — адзначыла дырэктар Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С. Пушкіна Наталля ВАШЧЫЛА. — Любая бібліятэка, няхай гэта будзе вясковая, гарадская або абласная, — гэта сацыякультурны цэнтр. І мы вельмі стараемся захаваць неабходны баланс паміж выкананнем асноўнай функцыі — працы з кнігай, прыцягненнем чытача, прывіццём яму добрага густу — і сацыякультурнай дзейнасцю.


Важна зацікавіць маладых людзей настолькі, каб яны самі зрабілі першы крок на шляху да новых ведаў, упэўнена Наталля Вашчыла:

— І мерапрыемствы, якія праводзяцца ў сценах бібліятэк, выдатна гэтаму садзейнічаюць. Бо ў маладых людзей усё яшчэ вельмі моцны стэрэатып аб бібліятэцы як аб месцы сумным, дзе нічога не адбываецца. І вельмі важна гэта пераадолець. Калі яны прыходзяць, яны мяняюць сваё меркаванне.

Аміна НАЗАРАВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю