Top.Mail.Ru
263

Штотыдзень участковыя інспектары міліцыі Фрунзенскага РУУС Мінска праводзяць прыёмы грамадзян

Участковы выслухае і дапаможа

Штотыдзень участковыя інспектары міліцыі Фрунзенскага РУУС Мінска праводзяць прыёмы грамадзян. З якімі праблемамі прыходзяць па дапамогу да свайго ўчастковага інспектара жыхары раёна і наколькі эфектыўнае такое ўзаемадзеянне супрацоўнікаў раённага ўпраўлення з насельніцтвам, даведаліся нашы карэспандэнты.

«Арганізоўваецца такая работа з мэтай павышэння ўзроўню ўзаемадзеяння органаў унутраных спраў з насельніцтвам, аператыўнага вырашэння існуючых праблемных пытанняў, прыняцця мер, накіраваных на абарону правоў і законных інтарэсаў жыхароў раёна, — адзначае намеснік начальніка Фрунзенскага РУУС — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Вадзім АНІПЕРКА. — Найперш прыёмы зручныя для саміх грамадзян, бо заспець участковага на працоўным месцы часам вельмі праблематычна, а ехаць у РУУС не заўсёды ёсць магчымасць.

Да старшага ўчастковага інспектара міліцыі Ігара Міскевіча падчас чарговага прыёму звярнулася пенсіянерка, якая паскардзілася на зяця.
«Я жыву ў адной кватэры з сям’ёй дачкі. У апошні час стала заўважаць, што яе адносіны з мужам сапсаваліся. Яны часта лаюцца ў прысутнасці дзіцяці, а нядаўна я стала сведкам іх скандалу. Тады ён паспрабаваў яе ўдарыць, але я ўстала на абарону. Дачка яму ўсё даруе, а я кажу, што з гэтым трэба нешта рабіць, бо магу і не аказацца побач, каб яе абараніць. Дапамажыце абразуміць зяця», — папрасіла занепакоеная жанчына.

Ігар Міскевіч паабяцаў наведаць сям’ю па месцы жыхарства і правесці размову з зяцем пенсіянеркі.

«Важна не цярпець хатні гвалт, а адразу ж паведамляць пра такія факты ў міліцыю, — заўважае ўчастковы інспектар. — Калі ваша дачка напіша заяву, то супрацоўнікі змогуць прыняць у дачыненні да яе мужа дзейсныя меры: ахоўнае прадпісанне, пастаноўку на прафілактычны ўлік або накіраванне ў лячэбна-працоўны прафілакторый».

Наступным на прыём прыйшоў Іван Арцёмавіч і распавёў сваю гісторыю: 

 «Маладая сям’я купіла кватэру зверху і зараз увесь час свідруе па вечарах і ў выхадныя дні. Неаднаразова гутарыў з імі, але выніку няма. Што рабіць?»

Праваахоўнік распавёў, што шумы — адна з самых частых праблем жыхароў шматпавярховак.


«Шумець у жылых дамах забаронена з 23:00 да 7:00, — нагадаў ён. — Адказнасць прадугледжана артыкулам 22.12 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. За парушэнне пагражае штраф у памеры ад дзвюх да дзесяці базавых велічынь, паўторна — ад дзесяці і больш».

Вераніка КАНЮТА.
Фота прэс-службы Фрунзенскага РУУС Мінска.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю