Top.Mail.Ru

Штучны інтэлект? Не — матухна-прырода!

У сацыяльных сетках завірусіліся фота і відэа квітнеючых васільковых палёў. Незвычайны краявід заўважылі мясцовыя жыхары Магілёўскага, Пухавіцкага і Мінскага раёнаў. Толькі ўявіце: сіняе мора кветак на фоне шэрага змрочнага неба і амаль што голых чорных дрэў! І гэта бадай што за месяц да зімы! Пацікавіліся ў біёлагаў, што стала прычынай такой прыроднай з’явы.


Васілёк палявы, інакш васілёк сіні (Centaurеa cyаnus), — гэта травяністая аднагадовая расліна з сямейства Астравыя. Звычайна квітнее яна з канца вясны да жніўня. Аднак асобныя расліны працягваюць цешыць вока і ўвосень — дзякуючы цёпламу надвор’ю і адсутнасці моцных замаразкаў. І ўсё ж для кастрычніка—лістапада гэта дзіўная з’ява.

— Васілёк сіні здольны даваць летне-восеньскія (азімыя) усходы: такія расліны пры спрыяльных умовах паспяваюць развіцца і заквітнець да халадоў. У дадзеным выпадку акрамя тэмпературнага рэжыму мог сыграць і асаблівы мікраклімат на палях, перапынак у сельскагаспадарчых работах. 

У выніку «банк насення», які знаходзіцца ў глебе, дазволіў запусціць яшчэ адзін вегетацыйны цыкл. Аднак у сувязі з надыходам зімы сфарміраваць насенне гэтыя расліны наўрад ці паспеюць, — расказаў навуковы супрацоўнік лабараторыі флоры і сістэматыкі раслін Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі Уладзімір ЛЯБЕДЗЬКА.

Другаснае (паўторнае) квітненне раслін — для Беларусі з’ява не новая. Перш за ўсё яна выклікана анамальным надвор’ем (доўгай, мяккай ці вельмі цёплай восенню з тэмпературамі, характэрнымі для канца лета) і кліматычным стрэсам — спалучэннем засушлівага ці спякотнага перыяду (напрыклад, увесну ці ўлетку) з наступнымі моцнымі дажджамі і цеплынёй. Расліна ўспрымае стрэс як заканчэнне сезона, а пры паляпшэнні надвор’я блытае восень з вясной і выпускае пупышкі, пачынае красаваць. Найбольш часта ў «кліматычную» пастку трапляюць каштаны, рабіна, чаромха, бэз і інш. Напрыклад, анамальна цёплай восенню 2024 года ў Беларусі пазацвіталі каштаны, яблыні і грушы, дзе-нідзе і бэз, а ў Кобрынскім раёне ў наваколлі аграгарадка Дзівін ужо некалькі гадоў з верасня па кастрычнік распускаецца першацвет ветраніца дуброўная.

Часам другаснае квітненне выклікана збоем сутачнага рытму, калі расліна адгукаецца не толькі на вясновае павелічэнне светлавога дня, але і на восеньскае яго памяншэнне. Уплывае і лішак у глебе ў канцы вегетацыйнага перыяду вільгаці і азотных угнаенняў.

З аднаго боку, позняе квітненне раслін дае дадатковы корм насякомым-апыляльнікам, якія яшчэ не паспелі сысці на зімоўку. З другога — такое парушэнне рэжыму прыводзіць да зніжэння мароза- і зімаўстойлівасці расліны.

Што датычыцца васільковых палёў, то любавацца імі, на жаль, доўга не атрымаецца. Васількі адносяцца да пустазелля, таму іх павінны скасіць. Але хутчэй іх «скосяць» замаразкі, якія абяцаюць ужо на гэтым тыдні. Паспейце атрымаць асалоду!

Кветкі васілька шырока выкарыстоўваюць у народнай медыцыне як супрацьзапаленчы і жаўцягонны сродак. Дадаюць сухія пялёсткі і ў чайныя зборы — для лёгкага водару і прыгажосці.

Александрына ПАРШЫНА
Фота БелТА
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю