Паводле яго слоў, ураджай цукровых буракоў у бягучым годзе прыкладна такі ж, як і ў мінулым. Ён выказаў надзею на добрую цукрыстасць пры захаванні спрыяльных умоў надвор’я. «Кіраўнікі заводаў даложаць аб сваёй гатоўнасці. Я разумею, што матэрыяльна-тэхнічна мы да сезона поўнасцю гатовы. Вядома, у кожнай вобласці свае падыходы, але іх трэба сёння зладжана ўбудоўваць у агульную рытмічную работу», — адзначыў віцэ-прэм’ер.Паводле слоў генеральнага дырэктара ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» Генадзя Салаўя, прадпрыемства паспяхова завяршыла рамонт і мадэрнізацыю цэхаў і цяпер знаходзіцца ў стадыі «гарачага запуску» і правядзення проб. Ужо з 25 жніўня завод пачне перапрацоўку цукровых буракоў.«Аб’ёмы нарыхтоўкі сыравіны плануюцца не ніжэйшыя за мінулагоднія, а разлікі на ўраджай у гэтым годзе нават лепшыя. Гэта сведчыць аб тым, што вытворчасць цукру павінна перасягнуць паказчык 214 тыс. т. Прагназаваны аб’ём перапрацоўкі буракоў у фізічнай вазе складзе больш за 1,6 млн т (для параўнання, у мінулым годзе было перапрацавана 1,56 млн т)», — сказаў кіраўнік.
На парадку дня ў час мерапрыемства стаяць ключавыя пытанні падрыхтоўкі да сезона перапрацоўкі, пры гэтым асаблівы ўпор будзе зроблены на селекцыю насення цукровых буракоў. Юрый Шулейка даў ацэнку ўзроўню вытворчасці і гатоўнасці прадпрыемства.Перад камбінатам стаіць задача забяспечыць больш глыбокую перапрацоўку пабочнай прадукцыі для патрэб унутранага рынку. Што датычыцца экспартнага напрамку, ён застаецца вельмі запатрабаваным: гарадзейскі вытворца актыўна развівае супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі, і першая партыя цукру аб’ёмам больш як 3 тыс.т паспяхова ўжо рэалізавана і адпраўлена спажыўцу.
Галоўны тэхнолаг камбіната Юрый Хмелінка паведаміў, што прадпрыемства штогод праводзіць паэтапную мадэрнізацыю абсталявання і магутнасцей. «Цяпер завод перапрацоўвае 10 тыс. т цукровых буракоў за суткі, і пастаўлена мэта нарасціць аб’ём да 12 тыс. т. Для гэтага мадэрнізуецца ўвесь вытворчы ланцужок: некаторыя цэхі ўжо выйшлі на магутнасць 12 тыс. т, і цяпер завяршаюцца работы ў прадуктовым аддзяленні. У 2027 годзе плануецца закупка вакуум-апарата няспыннай варкі цукру, што дасць магчымасць пашырыць магутнасць адной са станцый і дасягнуць мэтавых паказчыкаў», — расказаў ён.
Асноўнай прадукцыяй завода з’яўляецца цукар, аднак таксама вырабляюцца цукровабурачныя жамерыны, запатрабаваныя ў сельскай гаспадарцы, і актыўна развіваецца фруктовы напрамак з выпускам джэмаў, павідла, канфіцюраў і варэння.Традыцыйна сезон нарыхтоўкі і перапрацоўкі буракоў пачынаецца з 1 верасня, але апошнія гады з-за вырошчвання ранніх сартоў тэрміны крыху зрушыліся. Сёлета дзякуючы спрыяльным умовам надвор’я пачатак перапрацоўкі намечаны прыкладна на 25 жніўня.
«Што датычыцца рынкаў збыту, унутраная патрэбнасць краіны складае каля 380-400 тыс.т цукру ў год. Чатыры цукровыя заводы краіны ў мінулым годзе выпусцілі 800 тыс.т прадукцыі, таму склаўся ўстойлівы баланс: палавіна вырабленага цукру застаецца на ўнутраным рынку, а другая палавіна ідзе на экспарт», — расказаў Юрый Хмелінка.