Перамога ў фінале турніру ў Таронта Ігі Свёнтэк паспрыяла таму, што казашка Алена Рыбакіна не наблізілася ўшчыльную да беларускі Арыны Сабаленка ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі. Зрэшты, польская тэнісістка пасля вікторыі на турніры WTA-1000 дапамагла сама сабе і зрушыла расіянку Міру Андрэеву з пятага радка ў рэйтынгу WTA.
Абноўленая версія апублікавана сёння на сайце арганізацыі.
Пакуль лідзіруе ў рэйтынгу Сабаленка (8 670). У тройцы таксама Алена Рыбакіна (8 316), якая прадстаўляе Казахстан, — яна дайшла да фіналу «тысячніка» ў Таронта, і амерыканка Джэсіка Пегула (6 680).
Рыбакіна магла наблізіцца да Сабаленка на адлегласць у чатыры ачкі, а цяпер адстае на 354.
Рэйтынг WTA ад 14 жніўня 2026 года:
1. Арына Сабаленка (Беларусь) — 8 670 ачкоў
2. Алена Рыбакіна (Казахстан) — 8 316
3. Джэсіка Пегула (ЗША) — 6 680
4. Коры Гаўф (ЗША) — 5 919
5. Іга Свёнтэк (Польшча) — 5 419
6. Міра Андрэева (Расія) — 5 323
7. Караліна Мухава (Чэхія) — 5 048
8. Лінда Носкава (Чэхія) — 5 016
9. Эліна Світоліна (Украіна) — 4 634
10. Аманда Анісімава (ЗША) — 4 353.
Наша Аляксандра Сасновіч сёння на 138-й пазіцыі ў рэйтынгу, яна падрасла на тры пункты з моманту абнаўлення мінулай версіі.
Сасновіч не здолела прабіцца ў асноўную сетку турніру WTA-1000, які зараз праходзіць у Цынцынаці. У паядынку першага кваліфікацыйнага раўнда беларуска сустракалася з калумбійскай тэнісісткай Эміліянай Аранга, у якой 97-я пазіцыя, і ўступіла ў трохсетавым паядынку — 6:3, 4:6, 4:6.
Першая ракетка планеты беларуска Арына Сабаленка пачне выступленне ў Цынцынаці з другога раўнда. Год таму Сабаленка выбыла з гэтага турніру ў чвэрцьфінале. Сабаленка была пераможцай Cincinnati Open у 2024 годзе, а яшчэ адна беларуская тэнісістка, Вікторыя Азаранка, двойчы выйгравала гэтыя спаборніцтвы (2013, 2020).

Турнір катэгорыі WTA-1000 Cincinnati Open праходзіць у Мэйсане (штат Агаё) з 13 па 23 жніўня і з’яўляецца трэцім па велічыні тэнісным турнірам у ЗША.
У жаночым адзіночным разрадзе бяруць удзел 96 тэнісістак. Дзеючым пераможцам з’яўляецца польская тэнісістка Іга Свёнтэк, якая ў фінале мінулага года абыграла Жасмін Пааліні з Італіі.
Прызавы фонд турніру WTA-1000 у 2026 годзе складае $7 433 076.
Чэмпіёнка турніру атрымае салідны чэк у памеры $1 085 220.