— «Такія людзі ў нас сёння на вагу золата. Вы — захавальнікі праўды! Жывіце доўга!», — сказаў тады кіраўнік дзяржавы.
«Пайшлі на фронт усе дзяўчыны-сяброўкі»
— Я нарадзілася ў Сібіры, а дзяцінства маё прайшло ў Мінусінску і Абакане, — расказвае Валянціна Пятроўна. — 22 чэрвеня 1941 года мы вярталіся з выпускнога вечара, калі пачалася вайна. Мне было 17 гадоў. Усім класам на трэці дзень вайны пашлі ў ваенкамат. Нам, дзяўчынкам, адказалі: «І без вас бальшавікі абыдуцца», а хлопчыкам: «Чакайце павесткі». Але фашысты імкліва набліжаліся да Масквы, быў зварот ЦК камсамола да моладзі, і з’явіўся шанец для нас, дзяўчат, добраахвотніцамі трапіць на фронт.
Я чатыры заявы пісала, каб мяне ўзялі фронт. І толькі пасля чацвёртага звароту ўзялі. Гэта быў жнівень 1942 года, я трапіла ў Краснаярск, у полк сувязі. За паўтара месяца мы асвоілі азбуку Морзэ, тэхніку перадачы дадзеных, і пасля таго, як я паспяхова здала іспыт, мяне накіравалі ў 63-ці асобны батальён сувязі, які фарміраваўся для 34-га Гвардзейскага стралковага корпуса.
— Якім быў ваш першы дзень на фронце?
— Першае заданне, якое было дадзена нашаму батальёну, — падрыхтаваць канцэрт мастацкай самадзейнасці. Падагналі дзве машыны-паўтаратонкі, барты апусцілі, а ў нас таленавітых шмат было — і салдаты, і афіцэры. Быў таленавіты баяніст. Ужо тады я была не толькі запявалай, але выконвала і сольныя нумары. На гэтым канцэрце я праспявала тры песні — «Мішку-адэсіта», «Кветачніцу Анюту» і «Марачку». Гэты канцэрт быў першым з трох за ўсю вайну.
— Але вы яшчэ і выдатна вершы чытаеце. Ёсць любімыя?
— Мы стаялі ў абароне, і наш камсорг батальёна напісаў такія словы, прысвечаныя майму падраздзяленню:
«Фронт сотрясали огненные вьюги,
С полей сражений доносился стон.
Ушли на фронт все девушки-подруги,
Гвардейский наш сибирский батальон...»
«Я — шчаслівы чалавек»
— Спачатку ў мяне было званне «радавы». Калі здала іспыты, атрымала «яфрэйтара». А ўжо потым было званне сяржанта, у сувязі — малодшае камандзірскае званне. Сувязь — гэта нервовая сістэма, гэта кровазварот арміі. Мы, дзяўчынкі 63-га батальёна сувязі мелі і сваю асабістую зброю (карабін), процівагаз, але я з гэтага карабіна не зрабіла ніводнага стрэлу. Усё нашае майстэрства было аддадзена таму, каб бесперабойна працавала сувязь. А сувязь — гэта тое ж самае, што чэргі па ворагу з аўтамата або з кулямёта. Своечасова атрыманая шыфроўка або паведамленне ўплывае на вынік бою. Пра нас тады жартавалі: «Дзяўчаты, падобныя на хлопцаў». У нас былі кірзавыя боты 39 памеру — на некалькі памераў, чым трэба. Бо спачатку армія рыхтавалася прымаць толькі мужчын, але не дзяўчат. Аднак, калі спатрэбілася, і дзяўчаты ўсталі на абарону Радзімы.
Ёсць такая песня «Ты ж выжыў, салдат, хоць сто разоў паміраў» — вось я і стала лічыць: у кожнага з нас былі дзясяткі момантаў, калі можна было загінуць. Але, прайшоўшы праз смяротны агонь вайны, мы дайшлі да Перамогі, засталіся жывыя і дажылі да такіх гадоў. Заўсёды кажу — я шчаслівы чалавек!
— Можаце ўспомніць такі выпадак смяротнай небяспекі?
— Гэта было ў горадзе Кошыцы. Аднапавярховы гарадок раскінуўся на дзясяткі кіламетраў. Нас размеркавалі па дамах. Я была начальнікам змены, а змена складалася з пяці чалавек. І вось нам мясцовая жыхарка, у якой мы жылі, раніцай закіпяціла воды. Мы знялі гімнасцёркі, адны дзяўчаты мыюцца, іншыя чакаюць сваёй чаргі на вуліцы. А гаспадыня дома з жахам глядзіць на неба і моліцца. Мы таксама зірнулі на неба, а адтуль на нас ішла цэлая зграя нямецкіх самалётаў! Вецер дзьмуў у іншы бок, і мы спачатку не чулі. Гэта была страшная бамбёжка. Мы з сяброўкай Жэняй Лапшынай кінуліся ў нейкую адрыну — там была яма глыбінёй у метр, дзе прадукты захоўвалі — залеглі ў гэтай яме. Глядзім уверх — дах увесь быў дзіравы — разрывы прама над намі. Мы ў яму ўціснуліся, у зямлю. А побач, у суседнім доме, пад гэтай жудаснай бамбёжкай працавалі дзяўчынкі з іншай змены. І, як заўсёды, нягледзячы на смяротную небяспеку, да падраздзяленняў цягнуліся нашыя правады.
— Ці бывалі ў вас асабліва складаныя сеансы сувязі, калі трэба было праяўляць максімальнае майстэрства?
— Наш фронт рыхтаваўся да наступлення, быў аддадзены загад усе шыфроўкі перадаваць азбукай Морзэ. Мы загружаны былі працай жудасна. І вось аднойчы на ваенную тэлеграфную станцыю, якая размяшчалася ў звычайнай вясковай хаце, дзе адгароджаныя адзін ад аднаго брэзентам стаялі тры секцыі і тры апараты Морзэ, заходзіць цэлая світа афіцэраў. І першы сярод іх — вялізнага росту генерал, здавалася, заняў усю прастору. Я як старэйшая пачала дакладваць, прыклаўшы руку да пілоткі. Ён маю руку апусціў і загадаў даць яму сувязь з дывізіяй. Я яго падводжу да тэлеграфісткі, а ў яе ад страху адбылася наша «хвароба» марзістаў і радыстаў — «збой рукі». Яна не магла перадаваць кропкі і працяжнік — у яе заіканне ішло. Генерал убачыў, як закрычыць у бок афіцэраў: «Дайце мне сувязіста!».
І камандзір нашага ўзвода сувязі Грудкін ківае мне: давай, ідзі. І ў гэтыя секунды, што я ішла да апарата, я ўсё перажыла. Калі я села і ўзяла ў руку ключ, дала знак — першую лічбу пароля таму, куды я павінна перадаваць, адчула палёгку, нармальна працую. Генерал хвілін дваццаць вёў размову і на мове «эзапавай», і шыфроўкай дыктаваў, а я ператварала гэта ўсё ў кропкі-працяжнікі. І калі я атрымала адказ, што паведамленне прынята, ён выцер пот з твару, узяў маю руку, пацалаваў і, звяртаючыся да афіцэраў, сказаў: «Прадставіць да ўзнагароды!».
Так я атрымала ордэн Чырвонай зоркі (а ён, як вядома, даецца за асабісты подзвіг). Паведамленне, своечасова перададзенае мной, дапамагло паспяховым дзеянням цэлай дывізіі. А тады я разгубілася і сказала: «Я подзвігаў ніякіх не здзяйсняла». Подзвіг — гэта калі чалавек падае на амбразуру, подзвіг — гэта калі снайпер «здымае» нейкага страшнага нямецкага ворага, калі зенітчыкі збіваюць самалёты. Але відавочна, добрасумленная праца сувязіста на вайне таксама прыраўноўваецца да подзвігу...
— Дзень Перамогі вы сустрэлі ў Празе. Што значыць гэтае свята для вас, чалавека, які прайшоў тую страшную вайну?
— Для кожнага ветэрана вайны Дзень Перамогі — самае дарагое свята. Гэта свята смутку і свята гонару за наш народ, які здолеў вытрымаць, вынесці такі цяжар вайны. 1418 дзён і начэй мы чакалі гэтую Перамогу, прайшлі праз бамбёжкі і абстрэлы, крок за крокам адваёўваючы нашу доўгачаканую Перамогу. І вось калі яна прыйшла, гэта было вялікае шчасце, свята са слязамі на вачах, бо мы вызвалілі сваю родную зямлю.
Аляксандр Ласмінскі