Top.Mail.Ru

Сіла, мудрасць і прыгажосць: у Мінску выбралі «Лэдзі Беларусь — 2026»

Аўтар:
Прыгажосць — гэта не толькі знешнасць. Гэта і характар, і ўнутраная сіла, і ўменне заставацца сабой на сцэне і ў жыцці. Менавіта такую прыгажосць ушаноўвалі ў Нацыянальнай школе прыгажосці, дзе прайшоў другі па ліку конкурс «Лэдзі Беларусь».

«Лэдзі Беларусь — 2026» — другі па ліку конкурс: першы прайшоў у 2025 годзе. Як патлумачыла галоўны рэжысёр Нацыянальнай школы прыгажосці Вераніка БАРАН, ад «Міс Беларусь» праект адрозніваецца перш за ўсё ўзроставай катэгорыяй — тут удзельнічаюць жанчыны ад 28 гадоў і старэйшыя. Акрамя таго, у канкурсантак менш выхадаў — усяго тры, а ў гэтым годзе дадаўся інтэлектуальны конкурс. Канцэпцыя сезона — сіла, мудрасць і прыгажосць.

Арганізатары падкрэслілі: адметная рыса цяперашняга конкурсу ў тым, што многія ўдзельніцы глабальна не знаёмыя са светам моды і прыгажосці. «Нехта з удзельніц упершыню выйшаў на сцэну — на гэтым праекце адбыўся іх рост», — адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення дзяржаўных, афіцыйных і культурных мерапрыемстваў Нацыянальнай школы прыгажосці Вольга НІКІЦІНА.

Трэцяе месца і тытул другой віцэ-лэдзі Беларусь-2026 заваявала Анастасія Сянькова. Першай віцэ-лэдзі стала Вольга Хілько. Тытул «Лэдзі Беларусь — 2026» атрымала Юліяна Шалюта. Як адзначаюць арганізатары, цяпер у яе ёсць прыярытэтнае права прадставіць Беларусь на конкурсе «Місіс Сусвету» ў 2027 годзе.

Фінал атрымаўся яркім: гледачы ўбачылі харэаграфічныя нумары, выступленні артыстаў эстрады і дызайнерскія паказы. Дырэктар-мастацкі кіраўнік Цэнтра «Нацыянальная школа прыгажосці» Бажэна ЯРЭМІЧ, звяртаючыся да ўдзельніц, адзначыла, што ўсе яны прайшлі складаны шлях. «Хочацца сказаць, што нашы дзяўчаты прайшлі няпросты этап, яны загартаваліся ў пэўным сэнсе. Нехта казаў, што выйшаў з зоны камфорту, нехта набыў упэўненасць, але адназначна яны ўсе прайшлі вельмі складаную дарогу, каб сёння паказаць вам, чаму яны навучыліся і што яны сапраўды годныя, кожная з іх годная быць «Лэдзі Беларусь», — сказала яна.

Самі ўдзельніцы адзначалі: галоўны вынік праекта не карона, а ўнутраны рост, упэўненасць у сабе і магчымасць паказаць свету прыгажосць, сілу і мудрасць беларускіх жанчын.

Ягор ЧУРЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю