Той чорт, які, стаптаўшы не адну пару лапцяў, звёў такі гэтых мужчын, быў, няйнакш, вялікім жартаўніком і выскалякам, бо сказаць, што суседзі Юзік і Іван — людзі розныя, значыць, прамаўчаць.
Каб апісаць першага, трэба як найменш узлезці на лаву: толькі з такой вышыні можна разгледзець яго твар. Праўда, нічога асаблівага вы там не ўбачыце: глыбокія, цёмна-блакітныя вочы, бухматыя чорныя бровы, прамы нос. Затое плечы — шырозныя, магутныя... І рост пад два метры. Словам, асілак: няспешны ў справах, спакойны ў рухах ды размовах, калі не злаваць...
А зараз, калі хочаце пазнаёміцца з яго суседам, хуценька злазьце з лавы і глядзіце зверху ўніз, бо Іван быў невялікага для мужчыны росту, хударлявага целаскладу і надзвычай гарачага характару. Пра такіх кажуць, што гаворыць хутка, ходзіць яшчэ хутчэй, а ўжо робіць... Пяць спраў адначасова і пра сем новых думае.
...У той год электрыкі мянялі ў вёсцы слупы: новыя ставілі, старыя — з дратамі, што так падабаліся птушкам, спілоўвалі і некуды звозілі, а бетонныя пасынкі, укапаныя ў зямлю, на якіх усё і трымалася, чамусьці пакідалі.
Майстравы ды няўрымслівы Іван, згледзеўшы такі «падарунак», прызнаў, што рэч добрая — у гаспадарцы спатрэбіцца:
яе ж на фундамент можна пусціць. І калі б з двух бакоў...
Тут жа зазірнуў ў агарод да суседа.
— Юзік! — гукнуў цераз плот. — Табе пасынак твой патрэбны?
— Ага... Як свінні завушніцы, — рагатнуў той. — Бяры сабе, калі панясеш.
— Цьфу ты ну ты! — ускіпеў Іван. — Можна падумаць, што ты здужаеш яго.
Шчыра кажучы, пакрыўдзіўся на суседа, але ж не прыдумаў, як гэта сказаць ды і часу не меў: махнуў рукой, паляцеў на сваё дварышча.
Гэта было вечарам.
Назаўтра, на досвітку, калі ўсе гультаі яшчэ спалі, дбайны Іван ужо бег па касу і — трэба ж! — даўся аб нешта нагою. Вылаяўся, але зважаць не стаў: трохі кульгаючы, «абкасіў вуглы», гэта значыць, траву каля хаты, за хлявом, вакол склепа... Хапіла работы...
А як справіўся, зноў уляцеў на свой двор і... стаў, як тая статуя, бо на зямлі, каля самай пуні (на Пастаўшчыне кажуць «стажарні») ляжаў шэры бетонны пасынак.
Першая думка: адкуль?
Кінуўся на свой гарод — там усё як было, аніякіх змен, зірнуў за плот да суседа — пасынка няма: як карова языком злізала.
— Ну што, Іван, давай мірыцца! — выходзячы насустрач, прапанаваў Юзік. — Рабі свой падмурак. Два пасынкі лепш, чым адзін.
— Дзякуй... Але ж як?.. Як табе ўдалося? — не верыў вачам сусед.
— Ды нічога складанага, — прызнаўся волат і пачаў выдаваць падрабязнасці. — Спачатку пасынак прыйшлося расхістаць ды выняць з зямлі, потым на плячах падцягнуць бліжэй да сцежкі, а далей — справа тэхнікі: толькі адзін канец, далейшы ад мяне, уперад заводзіў...
— Ну ты і мядзведзь! — выдыхнуў Іван. — Гэта ж парачку такіх у брыгаду — і манцёрам ніякай тэхнікі не трэба!
— Э-э-э, не, брат, не скажы... Як вядома, два салдаты і лапата не заменяць экскаватар, хоць зробяць і шмат.
Іван пярэчыць не стаў: па-першае, часу не меў, па-другое, ведаў, што сусед гэтага не любіць, па-трэцяе, у яго агародзе стаяў яшчэ адзін пасынак, які так трэба было «прыцягнуць» у дварышча, каб зрабіць чарговы падмурак.
Юлія Хоміч
г. Мінск
Вядучая рубрыкі Валянціна ДОЎНАР
P. S. Нагадаем, што ўсе гісторыі ў рубрыцы «Алё, народ...» не проста друкуюцца — удзельнічаюць у традыцыйным звяздоўскім конкурсе на самую вясёлую і цікавую. Далучыцца да яго (нават перамагчы з усімі адсюль наступствамі ) можа кожны ахвотны: хто пісаў, дасылаў і ўжо друкаваўся на старонках нашай газеты, хто мо толькі збіраецца...
Якраз такім слушная парада: не адкладвайце на заўтра тое, што можна зрабіць сёння: пішыце (з нумарам тэлефона для аператыўнай зваротнай сувязі). І, вядома ж, выпісвайце сваю родную газету на роднай мове.