Узначаліўшы ў 1997 годзе Нацыянальны алімпійскі камітэт, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адной з прыярытэтных задач назваў уцягванне дзяцей і моладзі ў здаровы лад жыцця, умацаванне спартыўнага іміджу Беларусі. Для вырашэння гэтых задач былі неабходныя якасныя спартыўныя аб’екты, на якія дзяржава ніколі не шкадавала грошай. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, укладанні ў спорт — гэта будаўніцтва новых бальніц прынцыпова іншага віду. Так у краіне пачалося маштабнае будаўніцтва спартыўных аб’ектаў, пік якога прыйшоўся на 2004-2014 гады. На гэтым тыдні адзначаюць свае юбілеі адразу два спартыўныя аб’екты, пабудаваныя ў той перыяд і адкрытыя асабіста Прэзідэнтам.
Унікальны для беларускага ландшафту аб’ект — Рэспубліканскі гарналыжны цэнтр «Сілічы» быў урачыста адкрыты 29 студзеня 2005 года. «Будаўніцтва „Сілічаў“ — прыклад рэалізацыі моцнай сацыяльнай палітыкі дзяржавы. Развіццё масавай фізічнай культуры, спорту і турызму — важны напрамак эфектыўнай выхаваўчай работы сярод моладзі, фактар умацавання міжнароднага аўтарытэту краіны. Толькі дзякуючы здароваму ладу жыцця, актыўным заняткам фізкультурай і спортам беларусы могуць стаць моцнай і прыгожай нацыяй Беларусь была, ёсць і будзе спартыўнай дзяржавай!» — адзначаў на урачыстым адкрыцці комплексу Аляксандр Лукашэнка. Ён жа першым і праверыў новую лыжную трасу.
«Сілічы» будаваліся найперш для аздараўлення насельніцтва, для таго, каб непрафесійным спартсменам было дзе актыўна правесці свой вольны час. І са сваёй задачай нават праз 20 год комплекс спраўляецца на выдатна. Толькі ў мінулым сезоне яго наведалі больш за 800 тысяч. Зімой у выхадныя компплекс прымае ад трох да пяці тысяч чалавек. Дарэчы, пакатацца на лыжах у «Сілічах» можна нават сёлетняй бясснежнай зімой. Рабіць трасы са штучнага снегу там умеюць вельмі добра. У сацыяльных сетках можна знайсці мноства беларусаў на сноўбордзе — за гэтым таксама трэба ехаць у «Сілічы». Ды і шмат за чым туды можна ехаць. У комплексе надзвычай шмат лакацый для адпачынку з сябрамі, для прагулак, для актыўных гульняў. І ўсё гэта на свежым лясным паветры. Таму народная сцяжынка сюды і не зарастае.
Праз пяць гадоў пасля адкрыцця «Сілічаў» у Мінску, 30 студзеня 2010 года была ўрачыста адкрыта спартыўная «жамчужына» — шматфункцыянальны культурна-спартыўны комплекс «Мінск-арэна». «Любая суверэнная і незалежная дзяржава павінна ствараць сімвалы сваёй незалежнасці і свайго суверэнітэту. А гэта заўсёды каштавала дорага. Але справа не ў грошах. Здароўе даражэйшае. І я ўпэўнены, што гэта аб’ект, які надасць гонар нашай нацыі. І мы, беларусы, можам сказаць, што і мы ўмеем такое ствараць і ствараць уласнымі рукамі,» — адзначыў падчас адкрыцця комплексу Аляксандр Лукашэнка.
«Мінск-арэна» за гэтыя 15 гадоў стала сапраўднай візітнай карткай не толькі сталіцы, але і ўсёй краіны. Менавіта яна паказвала замежным гасцям, на што здольныя беларусы. А гасцей было нямала, бо буйных спартыўных форумаў «Мінск-арэна» прыняла мноства. Чэмпіянат свету сярод юніёраў па фігурным катанні 2012 года, чэмпіянат Еўропы па канькабежным спорце 2016 года, этапы Кубка свету сярод юніёраў у 2012 і 2014 гадах, чэмпіянат свету сярод студэнтаў па канькабежным спорце ў 2018 годзе, чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні 2019 года, ІІ Еўрапейскія гульні — толькі малая частка спаборніцтваў, якія атрымалі мінскую прапіску. Нават найлепшы хакеіст усіх часоў і народаў канадзец з беларускімі каранямі Уэйн Грэтцкі выходзіў на лёд «Мінск-арэны». Чэмпіянат свету па хакеі 2014 года нават больш чым праз 10 гадоў успрымаецца як найпрыгажэйшае спартыўнае свята.
«Я ганаруся ўсімі мерапрыемствамі, якія мы правялі на „Мінск-арэне“. Мы браліся за ўсё, што толькі можна: цыркавыя паказы, канцэрты найвялікшых выканаўцаў, спаборніцтвы самага высокага ўзроўню па розных відах спорту. Адным з першых складаных і адказных праектаў быў канцэрт гурта Rammstein. Праўда, падчас канцэрта ў мяне было адно жаданне — хутчэй бы ён скончыўся. Але на наступны дзень, на падвядзенні вынікаў, мы зразумелі, што, калі мы гэтае мерапрыемства вытрымалі, значыць, зможам усё. І мы сапраўды маглі ўсё. Перад чэмпіянатам свету сярод юніёраў па фігурным катанні да нас прыехалі інспектары Міжнароднага саюза канькабежцаў. Увечары яны наведалі канцэрт Рыгора Лепса на „Мінск-арэне“. А раніцай прыйшлі на тую ж самую арэну і ўбачылі лёд. Пасля гэтага яны з захапленнем адзначылі, што еўрапейскім краінам трэба павучыцца ў Беларусі. А для нашых спецыялістаў такая трансфармацыя арэны была звычайнай справай. Над кожным мерапрыемствам працаваў адказны творчы калектыў: абслуговы персанал, інжынеры, суддзі, перакладчыкі, служба бяспекі», — успамінаў першы дырэктар «Мінск-арэны» Мікалай Ананьеў у кнізе «Па той бок медаля».
«Мінск-арэна» — гэта больш чым проста спартыўны ці культурны аб’ект. Гэта сапраўдны холдынг. Пад яе «крылом» знаходзіцца санаторна-аздараўленчы комплекс «Зялёны бор», стадыён Домабудаўнічага камбіната. Сумесна з Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам адкрыта кафедру спартыўнай інжынерыі. Студэнты кафедры праходзяць практыку на «Мінск-арэне», а пасля выпуску прыходзяць сюды на працу. Як адзначае Мікалай Ананьеў, калектыў «Мінск-арэны» заўсёды браўся за ўсё, прымаў самыя розныя ідэі і прапановы. І гэта яшчэ адна прычына, чаму «Мінск-арэна» — унікальны комплекс.
Фота з адкрытых крыніц