Top.Mail.Ru

Сімфанічны аркестр Беларусі знаёміць прыхільнікаў музыкі з кампазітарамі XX стагоддзя

Да музыкі кампазітараў XX стагоддзя беларускія калектывы звяртаюцца радзей, чым да спадчыны творцаў пазамінулых вякоў. А калі гэта адбываецца, то перавага аддаецца рускім і беларускім аўтарам, і нездарма: шанаваць зробленае геніяльнымі папярэднікамі, творчасць якіх стала сусветным набыткам, — сапраўдны абавязак.


Між тым знаёміць (а часам інакш не скажаш) з музыкай кампазітараў мінулага — ураджэнцаў розных краін свету — таксама пачэсная справа, за якую варта падзякаваць у тым ліку Дзяржаўнаму акадэмічнаму сімфанічнаму аркестру Рэспублікі Беларусь і яго галоўнаму дырыжору, народнаму артысту Беларусі Аляксандру Анісімаву. Апроч іншага, падзяка гэтая — за смеласць, бо выступленні, на якіх гучыць мала вядомая публіцы музыка, звычайна не збіраюць поўную залу. 

Так, заўтра калектыў прадставіць на суд слухачоў Абанемент № 1 «Іграем з аркестрам» (канцэрт чацвёрты), дзе салістамі выступяць навучэнцы Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У праграму ўвойдуць творы француза Габрыэля Фарэ (1845–1924), фіна Яна Сібеліуса (1865–1957), Аскара Бёмэ (1870–1938; нямецкі кампазітар і трубач пражыў апошнюю частку свайго жыцця ў Расіі і Савецкім Саюзе) ды іншых прадстаўнікоў розных народаў, якія жылі і стваралі да таго ж на рубяжы стагоддзяў. Што датычыцца рускіх і савецкіх аўтараў, то прагучаць «Іспанская фантазія» Ігара Фралова (1937–2013) і «Накцюрн» Рэйнгольда Гліэра (1875–1956). А на 15 мая акадэмічны сімфанічны аркестр у рамках цыкла «Класіка без меж» рыхтуе канцэрт «Іграем упершыню»: праграму складуць Ронда з Сімфоніі № 3 Багуслава Марціну (1890–1959), найбольш значнага чэшскага кампазітара мінулага стагоддзя, і Канцэрт для скрыпкі з аркестрам Бенджаміна Брытэна (1913–1976), найбуйнейшага англійскага творцы таго перыяду. Сола на скрыпцы выканае Марына Новак. Музыка для струнных, труб і ўдарных Гражыны Бацэвіч (1909–1969), першай польскай жанчыны-кампазітара, якая атрымала міжнароднае прызнанне, прагучыць у фінале вечара «Іграем упершыню». 

Між тым у рамках XL Фестывалю музыкі «Мінская вясна — 2025» Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр паспеў прадставіць канцэрт, таксама прысвечаны творам кампазітараў XX стагоддзя, якія выканаў упершыню. Пачалося выступленне з «Румынскіх танцаў» (1915) — сюіты з шасці кароткіх п’ес Бэлы Бартака (1881–1945). Венгерскі кампазітар, піяніст і музыказнавец прысвяціў твор Іону Бушыцыя, які збіраў румынскі фальклор. Адметна, што ў аснове сюіты ляжаць аўтэнтычныя румынскія мелодыі з Трансільваніі — першапачаткова яны выконваліся на скрыпцы ці пастухоўскай флейце. 

Далей у праграме — Канцэрт для арфы з аркестрам (1956) Альберта Хінастэры (1916–1983). Менавіта гэты твор — візітная картка аргенцінскага кампазітара: ён выконваецца часцей за іншыя, аднак у Беларусі прагучаў упершыню. Як падкрэсліваюць музыказнаўцы, Альберта Хінастэра злучыў у гэтым канцэрце гарачыя іспанскія матывы, лірыку і танцавальныя рытмы. Што да лірыкі, то гаворка ідзе найперш пра арфу — за ігру на інструменце гэтым вечарам адказвала Дар’я Мікулік, выхаванка Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Акадэміі музыкі, уладальніца Гран-пры XII Рэспубліканскага творчага радыёконкурсу «Маладыя таленты Беларусi» (2023), а яшчэ, заўважым, дачка таленавітых бацькоў — піяніста Сяргея Мікуліка і рэжысёра Ганны Маторнай. 

Завяршыўся канцэрт Сімфоніяй № 5 (1875) Антаніна Дворжака, чэшскага кампазітара. Яркі прадстаўнік рамантызму, ён напісаў гэты твор, напоўнены фальклорнымі інтанацыямі, без праграмнага загалоўка, аднак даследчыкі лічаць яго «вясновым» і «пастаральным», здольным, дзякуючы сваім вобразам, перанесці слухача ў свежы вясновы ранак... 

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю