Камандаваць парадам, не павысіўшы голас? Заслужаны артыст Беларусі Сяргей Мікалаевіч Касцючэнка не бачыць у гэтым нічога дзіўнага
Камандаваць парадам, не павысіўшы голас? Стаць папулярным без эпатажу і рэкламы? Быць зразумелым ў любым канцы свету, гаворачы на роднай мове? Рухацца наперад, расці і развівацца, маючы поўнае права спачываць на лаўрах? Заслужаны артыст Белраусі Сяргей Мікалаевіч Касцючэнка, па ўзмаху дырыжорскай палачкі якога шмат гадоў гучала музыка на галоўных святах краіны, не бачыць у гэтым нічога дзіўнага. Здабыткамі трэба дзяліцца, што ён і робіць у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.
Абсалютны слых, якім прырода надзяліла Сяргея Касцючэнку, — шчодры падарунак: прафесію доўга выбіраць не прыйшлося, ды й будні, напоўненыя музыкай, — больш яскравыя і багатыя. Але гэта і значны цяжар — ва ўзносінах з людзьмі выразна чуецца фальш. Што ж вырашыў для сябе таленавіты музыкант? Жыць як па нотах, акуратна запісаўшы партытуру.
Алегра
Пра талент Сярожы бацька здагадаўся адразу — падарыў трохгадоваму сыну дзіцячы гармонік, па шэсць клапаночкаў з абодвух бакоў, і хутка пачуў ад малога «Кракавяк», ды такі, што сваячкі танцавалі да ўпаду. Аднойчы ў гасцях трапіў у рукі хлолпцу сапраўдны гармонік — і тут жа палілася знакамітая мелодыя: «Там, вдали, за рекой...». На другі дзень Касцючэнкі адправіліся купляць баян.Хлопчых паступіў у музычную школу ў родным горадзе Сярэдзіна-Буда Сумской волбласці. Вучыўся іграць на баяне і духавых: альце, тэнары, трубе, выступаў з дзіцячымі калектывамі, стаў лаўрэатам некалькіх раённых і гарадскіх конкурсаў, акампаніраваў бацьку, які меў прыгожы барытон і спяваў у мастацкай самадзейнасці. Калі ў школу прыйшла маладая настаўніца Людміла Іванаўна, пачалася прафесійная падрыхтоўка, у 7 класе хлопец іграў творы, разлічаныя на студэнтаў. Яна і параіла хлопцу паступіць у Маскоўскае ваенна-музычнае вучылішча.
Ронда
Паспяхова здаўшы іспыты, Сяргей быў упэўнены, што прайшоў па конкурсе (а ён быў вялізны — 20 чалавек на месца), аднак сярод залічаных свайго прозвішча не пачуў. Аказалася, што заяву падаваў ён на клас баяна, а тут вучаць духавікоў. Што ж, прыйшлося ўзяць тэнар, да якога два гады не кранаўся, і хутка прыгадаць усё, што ўмеў. Сярожа бліскуча здаў сальфеджыа: малая тэрцыя, мінорнае трохгучча, квартсекстакорд... І вось ужо ён ў прэстыжнай вучэбнай установе.Пасля выпускных ўрачыстасцей падышоў да Сяргея маёр Каровін, начальнік вучэбнага аддзела вучылішча, і сказаў: «Дзякуй, што вы настаялі і паступілі. А то на адзін чырвоны дыплом у нас было б меней».
У выпускніка ваенна-дырыжорскага факультэта Маскоўскай кансерваторыі Касцючэнкі мог быць такі ж абсалютна выдатны дыплом, але выпапдак перашкодзіў. Напярэдадні экзамену па фізічнай падрыхтоўцы прыйшлося здаць кроў: у аднаго з выкладчыкаў брат служыў у крымінальным вышуку і падчас затрымання злачынцаў быў паранены. Звычайна донарам даюць выходны, але курсант вырашыў ісці на экзамен. Стометроўку прабег бліскуча, па гімнастыцы ўсё зрабіў як след, а на трохкіламетровай дыстанцыі іскры з вачэй пасыпаліся, ледзь дабраўся да фінішу. У выніку — «тройка».
На шчасце, на творчы лёс і кар’еру адзнакі не паўплывалі. Але паўплывала адсутнасць сваёй кватэры ў белакаменнай. І хаця ў маладога дырыжора ўжо была сям’я, сыну споўнілася два гады, прыйшлося ехаць па размеркаванні.
Скерца
Першым месцам службы лейтэнанта Касцючэнкі стала 103-я паветрана-дэсантная дывізія ў Віцебску. Тут, у 357-м гвардзейскім паветрана-парашутным дэсантным палку, трэба было не толькі стварыць аркестр і выступаць, але і служыць паўнакроўна, нават пяць раз на год скакаць з парашутам. Дык што ў Сяргея толькі афіцыйна залічана 25 скачкоў.У аркестр малады галоўны дырыжор увёў рытм-секцыю: бас-гітара, гітара, саксафон, труба, трамбон. Цяпер можна было і джаз іграць, і народныя песні, нават рок. Калі не было клавішніка, сам ставаў за інструмент.
Адным аркестрам творчыя пошукі не абмежаваліся. Капітан Касцючэнка сабраў рок-групу з гучнай назвай «Крокам Руш». Многія пэўна памятаюць яе па Наваполацкім рок-фестывалі «Рок-Кола». Гэта быў 1993 год — тады вайсковы гурт атрымаў Гран-пры. Пазней калектыў змяніў назву на «Дэ-факта» і працягваў выступаць, даволі паспяхова.
Прыкладна ў той час Сяргей пазнаёміўся і плённа супрацоўнічаў з выканаўцам беларускіх песень Сяргеем Анішчанкам, вядомым пад сцэнічным псеўданімам Аніса. Яны разам запісалі альбом «Добрыя людзі, пусціце пагрэцца». Не менш «ураджайна» папрацаваў музыкант для Полацкага адборачнага туру першага дзіцячага фестывалю «Халі-Хало» — зрабіў за месяц ажно 96 фанаграм! Доўгі час агучваў на сінтэзатары выступленні мясцовай каманды КВЗ.
Насычанае было ў маладога афіцэра творчае жыццё. Нават жонцы Сяргея Альбіне, якая скончыла Маскоўскі інстытут харчовай прамысловасці, прыйшлося ўзначаліць не прадпрыемства, не лабараторыю, а Гваздоўскі сельскі дом культуры! Справілася, і нават двойчы адзначалася Полацкім раённым кіраўніцтвам як лепшы работнік.
Менуэт
У 1995 годзе пачалася аптымізацыя Узброеных сіл, і перспектыўнаму дырыжору прапанавалі ў Мінску стварыць музычны калектыў Роты ганаровай варты — 37 челевек. Знайсці высокрапрафесійных музыкантаў, падрыхтаваць салідны рэпертуар, дасягнуць аптымальнага гучання — і ўсё гэта ў кароткі тэрмін. Першае выступленне новага аркестра адбылося на плошчы Перамогі 27 ліпеня, у Дзень незалежнасці Беларусі.За 11 гадоў калектыў сыграў немала класічных, народных, эстрадных твораў. Але асноўнае ў працы ваенных музыкаў — канон — суправаджэнне воінскіх рытуалаў і парадаў разам з удзельнікамі Роты ганаровай варты.
У 2005-м Сяргей Мікалаевіч стаў намеснікам начальніка, а праз тры гады — начальнікам Ваенна-аркестравай службы. За 11 гадоў пад кіраўніствам палкоўніка Касцючэнкі Узорна-паказальны аркестр Узброеных сіл даў сотні канцэртаў у гарнізонах, вайсковых часцях, клубах, на адкрытых пляцоўках, нязменна пацвярджаючы тытул Заслужанага калектыву Беларусі. На яго рахунку безліч плац-канцэртаў, дзе спалучаюцца віртуознае выкананне музычнага твору з дэфіле і ледзь не акрабатычнымі трукамі. Аркестр удзельнічаў і перамагаў у мностве конкурсаў, атрымліваў дыпломы фестываляў, у тым ліку міжнародных. Ён жаданы госць на «Спаскай вежы» ў Маскве, на святкаванні вызвалення французскага рэгіёна Нор-Па-дэ-Кале ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, на фестывалі ў межах ШАС ў Пекіне, на шоў Musikparade ў Германіі. Беларуская духавая медзь гучала ў лепшых залах Польшчы, Германіі, Велікабрытаніі, Швецыі, Бельгіі, Нідэрландаў. Аб’ездзіўшы Еўропу і Азію, музыканты прыадчынілі замежным слухачам скарбніцу беларускай культуры.
Пры ўсёй разнастайнасці і складанасці творчай працы найбольш адказнай задачай для аркестра заўсёды было і заўсёды будзе суправаджэнне ваеннага параду да Дня Перамогі і Дня незалежнасі Беларусі. Тут нельга памыліцца ні на секунду, ні на крок, ні на ноту, а значыць, ні на ўзмах дырыжорскай палачкі. І музыканты, і парадныя разлікі, і кіроўцы тэхнікі, і выступоўцы, нават Галоўнакамандуючы пільна назіраюць за тым, як дырыжор чаруе дзейства. З 2008 па 2019 год на кожным парадзе позіркі былі прыкаваныя да чуйнай рукі Сяргея Касцючэнкі — і сбояў у праграме не здарылася ні разу. Нездарма ў 2011-м маэстра атрымаў званне «Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь».
Узорна-паказальны аркестр Узброеных сіл 1 красавіка адзначыў 75-годдзе, вядома ж, выступленнем. А да 80-годдзя Вялікай Перамогі падрыхтаваў канцэрт-рэквіем «Кожны трэці», які і прагучаў 9 мая каля стэлы «Мінск — горад-Герой». Але на гэты раз ужо з іншым галоўным дырыжорам.
— Я падрыхтаваў сабе добрую змену, — гаворыць Сяргей Мікалаевіч. — І аркестр перадаў у добрыя рукі, ў добрым стане: яшчэ тады купілі новыя інструменты, увялі струнную групу, новую форму пашылі. Не сорамна за спадчыну.
Варыяцыі
Звольніўшыся з узброеных сіл, Сяргей Касцючэнка два гады працаваў намеснікам дырэктара Канцэртнай залы «Мінск» Упраўлення справамі Прэзідэнта. Але душа ўсё ж імкнулася да творчасці. З кіраўніцтвам універсітэта культуры ён быў добра знаёмы, не аднойчы ўзначальваў экзаменацыйную камісію, вось і вырашыў стаць педагогам. З лютага 2022-га Сяргей Мікалаевіч вядзе курс дырыжыравання на кафедры духавой музыкі. Заняткі праводзяцца як індывідуальна — з трубачамі і дырыжорамі, так і з групай — па інструментоўцы і камп’ютарнай аранжыроўцы, дзе вывучаюцца нотныя рэдактары, праграмы для запісу жывога гуку і напісання фанаграм. Гэта новыя прадметы, якімі кафедра дагэтуль не займалася. Абсалютная навінка — відэамантаж, авалодаўшы якім дырыжор здолее самастойна зрабіць годны музычны презентацыйны матэрыял. І яшчэ адзін новы прадмет — джазавая імправізацыя, якую духавікі перайнялі ў эстраднікаў.Сёлета у старшага выкладчыка Сяргея Касцючэнкі вучацца больш за 30 студэнтаў, амаль палова — з Кітаю. Ім зусім не складана зразумець адно аднаго, бо музыка не ведае межаў і бар’ераў. А пры неабходнасці можна скарыстацца і анлайн-перакладчыкам.
Вядома ж, адной аўдыторыяй праца ва ўніверсітэце не абмяжоўваецца. Тое, чаму навучыліся, маладыя музыканты паказваюць на канцэртах (кожны год аркестр універсітэта выступае з праграмай да Дня Перамогі і іншых святаў), конкурсах і розных музычных форумах. Вельмі палюбіўся публіцы фестываль духавых аркестраў «Майскі вальс», які праводзіцца ў розных гарадах Беларусі. У гэтым годзе па рашэнні Міністэрства культуры яго аб’яднаюць з Нацыянальным фестывалем беларускай песні і паэзіі «Маладзечна». Форум запланаваны на 10 ліпеня. Туды запрошаны Узорна-паказальны аркестр Узброеных сіл Беларусі, аркестр ГУУС Мінгарвыканкама, аркестр-ансамбль Пагранічнага камітэту, ансамбль песні і танца ФСБ Расіі.
У лютым гэтага года ва ўніверсітэце культуры ўпершыню «навялі» сумесны беларуска-кітайскі «Мост культур». Студэнты Сяргея Мікалаевіча ў ім таксама ўдзельнічалі — выконвалі народныя мелодыі ў сучаснай апрацоўцы.
Вядома ж, і ў студэнтаў з выкладчыкам, і ў мэтра з аркестрамі наперадзе многа выступленняў, цікавых і эмацыянальных. А зараз галоўная задача — падрыхтоўка да дзяржэкзаменаў. Справа вельмі адказная, бо малады дырыжор будзе кіраваць цэлым універсітэцкім аркестрам, і настаўнік зможа яго падтрымаць толькі маральна. Значычь, усё трэба адточваць тут і зараз.
Сёлета Сяргею Мікалаевічу Касцючэнку споўніцца 60. У гэта цяжка паверыць, гледзячы ў малады твар маэстра. Можа, таму, што ён жыве ў іншым рытме, у іншай гармоніі.
Алена Давыдава
Фота з архіва С.М. Касцючэнкі