Адзін з найбуйнейшых народных агульнарэспубліканскіх праектаў памяці — комплекс воінскай славы ў гонар аперацыі «Баграціён» у Светлагорскім раёне — адкрыты пасля маштабнай рэканструкцыі.
Абноўлены мемарыяльны комплекс адкрыў новую старонку у вялікай грунтоўнай рабоце ў нашай краіне па захаванні ваенна-гістарычнай памяці беларускага народа і стаў сучасным цэнтрам музейнай дзейнасці і ваенна-патрыятычнага выхавання.
Урачыстае адкрыццё пасля маштабнай рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу воінскай славы пачалося са звароту да ўдзельнікаў знакавай для краіны падзеі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Яго агучыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка.

«Улетку 1944 года на гомельскай зямлі прагучалі магутныя залпы, што сведчылі аб пачатку ўнікальнай стратэгічнай аперацыі „Баграціён“, падчас якой была разгромлена група германскіх армій „Цэнтр“ і вызвалена наша рэспубліка, што фактычна абумовіла бясслаўны канец гітлераўскага рэйха», — гаворыцца ў звароце кіраўніка дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што адкрыццё абноўленага мемарыяльнага комплексу стала яшчэ адным яркім сведчаннем удзячнай памяці нашчадкаў аб подзвігу пакалення пераможцаў.
«Перакананы, што мемарыяльны комплекс стане знакавым месцам для беларусаў і гасцей нашай краіны, скарбонкай народнай памяці і цэнтрам патрыятычнага выхавання моладзі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што рэканструкцыя комплексу стала па-сапраўднаму ўсенароднай справай. У стварэнне сучаснага мемарыяла ўнеслі ўклад жыхары ўсіх рэгіёнаў Беларусі. Асаблівыя словы ўдзячнасці Прэзідэнт адрасаваў гісторыкам, праекціроўшчыкам, будаўнікам, працоўным калектывам, грамадскім аб’яднанням і ўсім неабыякавым грамадзянам, дзякуючы якім удалося рэалізаваць гэты значны праект па захаванні гістарычнай праўды аб Вялікай Айчыннай вайне.
Як нагадаў падчас урачыстага адкрыцця комплексу воінскай славы Старшыня Палаты прадстаўнікоў, Беларуская наступальная аперацыя, шырока вядомая як аперацыя «Баграціён», не мае сабе роўных па прасторавым размаху ў гады Вялікай Айчыннай вайны і па праве лічыцца выдатным дасягненнем савецкага ваеннага майстэрства.
— Гэта трыумф савецкага ваеннага майстэрства, які разам увасобіў у сабе талент палкаводцаў і военачальнікаў, такіх маршалаў і генералаў, як Жукаў, Васілеўскі, Ракасоўскі, Чарняхоўскі, Баграмян, Захараў, Антонаў, якія планавалі і ажыццяўлялі гэтую аперацыю. Скаардынаванае дзеянне чатырох франтоў, а гэта 15 агульнавайсковых, 2 танкавыя войскі, колькасцю амаль паўтара мільёна чалавек. Актыўны ўдзел беларускіх партызанскіх атрадаў і злучэнняў. Маштабнае дэзынфармацыйнае мерапрыемства ў адносінах да праціўніка па месцы і пачатку правядзення летняй кампаніі 1944 года і, вядома ж, залогам перамог з’явіўся масавы гераізм усіх грамадзян шматнацыянальнага Савецкага Саюза, усіх воінаў, якія бралі ўдзел у вызваленні нашай краіны. Толькі за вызваленне Беларусі было ўдастоена высокага звання Героя Савецкага Саюза 1687 воінаў, з іх 39 беларусаў. Тысячы былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. І з вызваленнем Беларусі пачынаецца вызваленне Заходняй Еўропы ад нацызму і адкрываецца прамы шлях у логава фашысцкага звера - Берлін. Сённяшні манумент - гэта даніна памяці нашым продкам, воінам-вызваліцелям. Гэта наш з вамі ўнёсак у абарону гістарычнай праўды і ў захаванне памяці, — асабліва падкрэсліў Ігар Сергяенка.
Комплекс размешчаны менавіта ў тым пункце Беларусі, дзе летам 1944 года пачалася адна з найбольш паспяховых наступальных аперацый Чырвонай Арміі. Менавіта тут, у раёне балота Брыдскі мох, 23 і 24 чэрвеня 1944 года савецкія войскі пачалі наступленне на Парыцкім напрамку. Гістарычная каштоўнасць гэтага месца заключаецца ў тым, што менавіта тут была арганізавана пераправа цяжкай тэхнікі праз балота, глыбіня якога месцамі дасягала двух з паловай метра. Войскам Чырвонай Арміі, дзякуючы старанна падрыхтаванаму пераходу праз амаль непраходныя балоты, удалося забяспечыць нечаканасць удару і імклівы прарыў абароны праціўніка.

Цяпер абноўлены комплекс воінскай славы ў гонар аперацыі «Баграціён» — унікальная ў сваім родзе сучасная шматфункцыянальная пляцоўка для вывучэння гісторыі. Пасля рэканструкцыі тут створаны сучасныя музейныя прасторы, якія дазваляюць наведвальнікам глыбей пазнаёміцца з гераічнымі старонкамі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Пасля рэканструкцыі тэрыторыя комплексу павялічылася амаль удвая. Да памятнага знака, капліцы і музея, створаных раней, далучыліся сучасны інфармацыйны цэнтр, выставачная прастора, клас ваенна-патрыятычнага выхавання, пляцоўка для прыёму афіцыйных дэлегацый, а таксама новая плошча воінскай славы са стэлай і мастацкімі барэльефамі.
Новая музейная экспазіцыя размясцілася ў будынку інфармацыйнага абслугоўвання наведвальнікаў. Яе плошча — больш як 500 квадратных метраў — падзелена на пяць тэматычных залаў. Экспазіцыя пабудавана такім чынам, каб паслядоўна расказваць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны ад першых дзён акупацыі Беларусі да вялікай Перамогі ў 1945 годзе. Асаблівае месца ў экспазіцыі адведзена аперацыі «Баграціён».

Наведвальнікі змогуць убачыць архіўныя дакументы, маштабныя дыярамы, узоры ўзбраення, а таксама асабістыя рэчы франтавікоў. Сярод экспанатаў, напрыклад, прысутнічаюць салдацкія кацялкі з выбітымі прозвішчамі ўладальнікаў, што сведчаць пра франтавы лёс байцоў Чырвонай Арміі.
Значная ўвага ў экспазіцыі ўдзелена сучасным інтэрактыўным рашэнням. Асобная зала пераносіць наведвальнікаў у атмасферу начнога палескага лесу, дзе пры дапамозе светлавых, гукавых і аб’ёмных эфектаў перадаецца працэс унікальнай ваеннай інжынернай аперацыі па ўзвядзенні гацяў праз балоты для пераходу цяжкай тэхнікі.
Дзякуючы сучасным архітэктурным рашэнням комплекс воінскай славы ў гонар аперацыі «Баграціён» стане адной з пазнавальных славутасцяў Гомельскай вобласці. На фасадзе галоўнага будынка комплексу ўстаноўлены святлодыёдны экран для дэманстрацыі дакументальнай кінахронікі. Побач створана пляцоўка для правядзення ваенна-гістарычных рэканструкцый з трыбунамі для гледачоў. На тэрыторыі ёсць уся неабходная сучасная інфраструктура для развіцця патрыятычнага турызму.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота БелТА