Беларускі заваявалі першы медаль на чэмпіянаце Еўропы па сінхронным плаванні сярод спартсменак да 20 гадоў, які праходзіць у нямецкім Мюнхене, паведаміла БелТА.
Прызёрамі ў тэхнічнай праграме дуэтаў сталі Настасся Дабравольская і Аляксандра Мірончык. За сваё выступленне беларускі атрымалі 263,9975 бала і занялі трэцяе месца сярод 21 пары, апярэдзіўшы турчанак на 2,5 ачка. Золата дасталася расіянкам Хрысціне Чаханавай і Настассі Сідорынай (287,4608), следам за імі размясціліся іспанкі (280,1200).
У бягучым сезоне Дабравольская і Мірончык выступілі на двух этапах Кубка свету і чатыры разы трапілі ў топ-10. Лепшым рэзультатам нашых дзяўчат стала пятая пазіцыя на майскім этапе ў Кітаі. 4 ліпеня Настасся і Аляксандра паспаборнічаюць за медалі кантынентальнага форуму-U20 у адвольнай праграме.
Напярэдадні каманда Беларусі спынілася за крок ад подыума ў тэхнічнай праграме груп.
Увечары пятніцы наша васьмёрка прыме ўдзел у фінале ў акрабатычнай праграме, а заўтра выступіць у адвольнай. Усяго на маладзёжным чэмпіянаце Еўропы па сінхронным плаванні ў Мюнхене прадстаўлена 31 краіна.