Прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын 25 жніўня правёў сустрэчу з віцэ-прэм'ерам Расійскай Федэрацыі Дзмітрыем Чарнышэнкам, на якой бакі абмеркавалі развіццё супрацоўніцтва ў сферы турызму
Прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын 25 жніўня правёў сустрэчу з віцэ-прэм'ерам Расійскай Федэрацыі Дзмітрыем Чарнышэнкам, на якой бакі абмеркавалі развіццё супрацоўніцтва ў сферы турызму
Прэм’ер-міністр звярнуў увагу на тое, што апошнім часам ва ўрадах абедзвюх краін вядзецца вельмі інтэнсіўная работа па многіх пытаннях. Аляксандр Турчын выказаў упэўненасць, што з улікам курыруемых кірункаў тэм для зносін з віцэ-прэм’ерам Расіі можна знайсці незлічоную колькасць. Тым не менш у Доме ўрада больш за ўсё акцэнтавалі ўвагу на адным кірунку — турызме.
— Мы для сябе на наступную пяцігодку ставім турызм адным з прыярытэтаў развіцця нашай краіны, — адзначыў кіраўнік урада.
Падчас сваіх візітаў беларускі Прэм’ер-міністр не раз звяртаў увагу на развіццё гэтага кірунку ў Расіі, а таксама абмяркоўваў сумесныя праграмы і планы.
— Улічваючы вялікую колькасць турыстаў з нашых краін, якія штогод наведваюць і Беларусь, і Расію, мы можам дзесьці сінхранізаваць нашы намаганні, абмяняцца вопытам па прадуктах падтрымкі турызму, праграмах развіцця турызму, — патлумачыў ён.
У сваю чаргу Дзмітрый Чарнышэнка звярнуў увагу на тое, што Беларусь для Расіі — найбліжэйшы саюзнік і стратэгічны партнёр:
— Нашы краіны звязваюць цёплыя, брацкія, сяброўскія адносіны, агульная гісторыя, культурная роднасць. Самае галоўнае — мы падзяляем аднолькавыя традыцыйныя каштоўнасці і прынцыпы справядлівасці.
Ён акцэнтаваў увагу на тым, што ўзаемны турыстычны паток стабільна расце:
— Паводле нашай афіцыйнай статыстыкі, летась здзейснена каля 670 тысяч узаемных паездак. Мы разумеем, што лічба павінна быць большай, і для гэтага будзем прыкладаць усе намаганні.
Расійскі віцэ-прэм'ер адзначыў, што з 2021 года дадзеная лічба расце прыкладна па 10 % у год.
— Гэта вельмі сур’ёзны рост, і амбіцыйныя задачы нам пастаўлены Прэзідэнтам — падвоіць турыстычны паток. Урады нашых краін павінны прыкласці ўсе намаганні, каб рэалізаваць велізарны турыстычны патэнцыял у Саюзнай дзяржаве, — заключыў ён.