Як доўга Беларусь будзе знаходзіцца ў цыркуляцыі непагоднага паўднёвага цыклону, расказала начальнік службы метэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Марына Грыцкевіч, паведамляе БелТА.
«Актыўны паўднёвы цыклон, цэнтр якога ў пачатку ночы будзе размяшчацца над Кіеўскай вобласцю Украіны, абумовіць у Беларусі складаныя ўмовы надвор’я», — падкрэсліла яна.
Начальнік службы метэаралагічных прагнозаў расказала, якога надвор’я варта чакаць беларусам у найбліжэйшы час. «У ноч на пятніцу, 9 студзеня, на большай частцы тэрыторыі чакаецца моцны снег, ноччу па Гомельскай і Магілёўскай абласцях пройдзе вельмі моцны снег. У многіх чакаецца завіруха, на дарогах — снежныя заносы, прагназуецца ўзмацненне ветру з парывамі 15-20 м/с, ноччу месцамі па Магілёўскай вобласці да 24 м/с. Па Гомельскай і Магілёўскай абласцях у сувязі з чаканым вельмі моцным снегам аб’яўлены чырвоны ўзровень небяспекі. У далейшым захаваецца ўплыў цыклону, які павольна перамяшчаецца на Бранскую вобласць Расіі, а тэрыторыя Беларусі працягне знаходзіцца ў яго цыркуляцыі. У сувязі з гэтым днём 9 студзеня пройдзе моцны снег, моцны парывісты вецер 15-20 м/с і завіруха будуць адзначацца на большай частцы тэрыторыі. На дарогах снежныя заносы», — растлумачыла яна.
Марына Грыцкевіч звярнула ўвагу на тое, што ў гэты дзень па магчымасці лепш адмовіцца ад далёкіх паездак на аўтатранспарце, бо з прычыны інтэнсіўных снегападаў і пагаршэння бачнасці ў завеях да паўкіламетра і менш абстаноўка на дарогах будзе заставацца дастаткова складаная, а калі ўсё ж вы сталі ўдзельнікам дарожнага руху, то варта выконваць хуткасны рэжым і дыстанцыю.
«Па папярэдніх даных, 10 студзеня (субота) яшчэ захаваецца ўплыў паўднёвага цыклону, таму ападкі прадоўжаць адзначацца ў большасці раёнаў краіны. Аднак у выніку запаўнення цыклону іх інтэнсіўнасць зменшыцца. У начны час месцамі захаваецца моцны парывісты вецер. Пры гэтым тэмпературны фон на працягу сутак будзе ў межах 9-14 градусаў марозу, ноччу пры праясненнях паветра астудзіцца да мінус 18 градусаў», — адзначыла начальнік службы метэаралагічных прагнозаў.
У далейшым (11-14 студзеня) чакаецца ўзмацненне адвекцыі паветранай масы арктычнага паходжання, што прывядзе да істотнага пахаладання, дадала Марына Грыцкевіч. "У выніку начныя мінімумы стануць вагацца ад мінус 11 да мінус 24 градусаў, 13-14 студзеня (аўторак-серада) ва ўмовах малавоблачнага надвор’я не выключана паніжэнне і да мінус 27-28 градусаў, дзённыя максімумы будуць у межах ад мінус 8 да мінус 19 градусаў., і толькі ў заходніх рэгіёнах будзе на пару градусаў цяплей. Пры гэтым калі ў нядзелю і панядзелак пад уплывам вобласці паніжанага атмасфернага ціску ў многіх раёнах пройдзе снег, то ў аўторак і сераду з ростам атмасфернага ціску ападкі прымуць кароткачасовы і лакальны характары.