Беларусь спраўляецца з усімі наступствамі непагадзі. Аб гэтым па выніках даклада кіраўніку дзяржавы Аляксандру Лукашэнку заявіў журналістам міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі, перадае БелТА.
«Мой даклад Прэзідэнту заключаўся ў тым, што краіна чарговы раз спраўляецца з усімі наступствамі непагадзі, якімі б яны ні былі на тэрыторыі Беларусі. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Міністэрству па надзвычайных сітуацыях пастаўлена задача своечасова прагназаваць і рэагаваць на ўсе надзвычайныя сітуацыі ў нашай краіне, каб абараніць насельніцтва, аказаць неабходную дапамогу ў выпадку ўзнікнення няштатных сітуацый і забяспечыць належнае рэагаванне на аб’ектах эканомікі», — сказаў Вадзім Сіняўскі.
Міністр праінфармаваў Прэзідэнта аб тым, што за мінулы тыдзень ніякіх сур’ёзных і маштабных праблем не было, аднак фіксаваліся асобныя здарэнні ў сувязі з моцным ветрам 5-6 верасня ў шэрагу рэгіёнаў і Мінску.
Так, вецер прывёў да адключэнняў электразабеспячэння ў 279 населеных пунктах. Дзякуючы аператыўным дзеянням энергетыкаў на працягу сутак былі выкананы ўсе задачы па аднаўленні электразабеспячэння.
У Мінску пацярпелі трое дзяцей у выніку падзення каркаснай палаткі падчас мерапрыемства ў парку ім. М. Горкага. Дзецям была аказана своечасовая дапамога, шпіталізацыі не спатрэбілася, усе адпушчаны дадому.

Былі таксама зафіксаваны факты падзення дрэў, па ўсёй краіне пашкоджаны пяць аўтамабіляў.
«Была звернута ўвага на здольнасць належным чынам прагназаваць надзвычайныя наступствы, забяспечыць гатоўнасць сіл і сродкаў, у першую чаргу МНС, па рэагаванні. Я далажыў Прэзідэнту аб тым, як мы забяспечваем гэтыя мерапрыемствы», — падзяліўся Вадзім Сіняўскі падрабязнасцямі даклада.
Ён падкрэсліў, што своечасовае апавяшчэнне дае магчымасць людзям прымаць меры па мінімізацыі наступстваў непагадзі і падзякаваў СМІ за садзейнічанне ў гэтай рабоце.
Міністр таксама звярнуў увагу, што ў свеце рэгулярна адбываюцца розныя прыродныя бедствы, няхай гэта будзе забрала тысячы жыццяў анамальная спякота ў Еўропе або маштабны апоўзень у Непале, які пацягнуў шматлікія людскія ахвяры, разбурэнне жылля і інфраструктуры. У сувязі з гэтым важна здольнасць дзяржавы своечасова прагназаваць і належным чынам рэагаваць нават на нязначныя надзвычайныя сітуацыі, што і адбываецца ў Беларусі. «Кіраўнік дзяржавы гэтыя пытанні цікавілі. Я яго запэўніў, што МНС здольна выконваць усе задачы па прызначэнні», — сказаў Вадзім Сіняўскі.
Таксама, паводле яго слоў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях у бліжэйшы час мае намер удзяліць павышаную ўвагу прафілактыцы пажараў у жылым фондзе. Міністр адзначыў, што з паніжэннем тэмпературнага рэжыму восенню насельніцтва пачынае больш актыўна выкарыстоўваць як печы, так і ацяпляльныя прыборы, якія працуюць на электрычнасці. «Чакаем сур’ёзнае ўскладненне сітуацыі з пажаранебяспекай і паслядоўна выконваем комплекс прафілактычных мер, накіраваных на недапушчэнне пажараў у жыллі грамадзян. Літаральна заўтра адбудзецца чарговая аператыўная нарада, звернем увагу на здольнасць нашых падраздзяленняў у правядзенні гэтых мерапрыемстваў», — расказаў Вадзім Сіняўскі.
У першую чаргу падчас прафілактычных мерапрыемстваў нададуць увагу і пры неабходнасці акажуць дапамогу пажылым людзям, якя адзінока пражываюць, шматдзетным сем’ям. На асаблівым кантролі таксама катэгорыя грамадзян, якія злоўжываюць алкаголем, чые паводзіны ствараюць дадатковыя рызыкі ўзнікнення надзвычайных сітуацый.