Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі міжнароднай навукова-тэхнічнай канферэнцыі, якая прайшла ў Мінску, дзе абмяркоўваліся пытанні развіцця інфарматызацыі і дзяржаўнай сістэмы навукова-тэхнічнай інфармацыі.
У форуме, які адбыўся на пляцоўцы Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі (АІПІ) НАН Беларусі, акрамя айчынных вучоных і распрацоўшчыкаў былі прадстаўлены даклады ад некалькіх дзясяткаў арганізацый з пяці краін — Расіі, Азербайджана, Казахстана, Кітая і Арменіі.
Да лічбавай трансфармацыі
Пытанні, якія стаялі на парадку дня канферэнцыі, не проста актуальныя — апошнім часам яны набываюць асаблівую вастрыню.
— Комплекс рашэнняў развіваецца імкліва, — падкрэсліў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Яўген ЗЕНЧАНКА. — Гэта і штучны інтэлект, і воблачныя платформы, і тэхналогіі вялікіх даных. Заканамерна, што ў Беларусі лічбавыя тэхналогіі і штучны інтэлект вызначаны ў якасці скразнога прыярытэту і аказваюць уплыў на ўсе галіны нашай эканомікі. Таму наспела неабходнасць перагледзець падыходы, якія тут склаліся.

Пад такімі змяненнямі, на думку Яўгена Валянцінавіча, маюцца на ўвазе перш за ўсё структураванне масіву даных, прыдатных для машыннай апрацоўкі. Другі важны крок — выпрацоўка адзіных міжведамасных падыходаў да праектавання новых і ўзаемадзеяння існуючых інфармацыйных сістэм. Трэці — развіццё ўласных інфармацыйных тэхналогій і рэсурсаў і пошук новых фарматаў прысутнасці ў сусветнай навуковай супольнасці.
.jpg)
— Адно з найважнейшых пытанняў — кадравае, — адзначыў першы намеснік старшыні камітэта. — Усе пералічаныя задачы патрабуюць ад спецыялістаў адпаведнага ўзроўню лічбавай адукаванасці. Вынікам рэалізацыі ўсіх гэтых задач павінна стаць адзіная лічбавая прастора, якая забяспечыць аператыўны доступ да неабходнай навукова-тэхнічнай інфармацыі для ўсіх суб’ектаў нацыянальнай інавацыйнай сістэмы.
20 дзяржаўных і 6 рэгіянальных
Сістэма навукова-тэхнічнай інфармацыі (НТІ) сёння актыўна пераходзіць да новага тэхналагічнага ўкладу і сапраўды знаходзіцца на этапе глыбокай лічбавай трансфармацыі.
— Галоўным драйверам выступае дзяржаўная палітыка, якая нацэлена на тэхналагічны суверэнітэт і інтэграцыю навукі з рэальным сектарам эканомікі, — канстатуе генеральны дырэктар АІПІ Дзмітрый САХАРУК. — На гэтым шляху галоўная задача для нас — укараненне навуковых распрацовак і даследаванняў у практыку, менавіта ў гэтым напрамку і рухаецца наш інстытут.

Айчынная сістэма НТІ ў апошнія гады дэманструе сапраўды добрую практычную выніковасць: у 2025 годзе ў рамках навукова-тэхнічных праграм выконвалася каля 500 заданняў па тэарэтычных і эксперыментальных даследаваннях і прыкладной распрацоўцы вынікаў навукова-даследчай работы, больш за дзве траціны з іх былі накіраваны на развіццё вышэйшых тэхналагічных укладаў, усяго было даведзена да ўкаранення звыш 500 навін. Дзякуючы гэтаму ў краіне створаны чатыры новыя і мадэрнізаваны сем існуючых вытворчасцяў. Самымі актыўнымі заказчыкамі сталі Міністэрства аховы здароўя, НАН, міністэрствы прамысловасці і адукацыі.

— І ў бягучай пяцігодцы ўпор робіцца на выкарыстанні вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак у сектары рэальнай эканомікі, — падкрэслівае кіраўнік інстытута. — Для гэтага зацверджаны праекты 20 дзяржаўных і шасці рэгіянальных навукова-тэхнічных праграм, прычым 17 з іх будуць выконвацца пад прамы заказ галіновых арганізацый, а гэта гарантуе, што вынікі даследаванняў будуць запатрабаваныя прадпрыемствамі і арганізацыямі, установамі аховы здароўя і адукацыі.
Распрацаваць, укараніць, захаваць
Сёння АІПІ сумесна з Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях распрацоўвае новы праект. Не раскрываючы ўсіх падрабязнасцяў, Дзмітрый Сахарук праінфармаваў, што ў ходзе работы над ім будуць перагледжаны ўсе падыходы да дзяржаўнай сістэмы навукова-тэхнічнай інфармацыі, і, у прыватнасці, транспартная інфраструктура згаданай сістэмы.
.jpg)
— Цяпер ідзе гаворка аб распрацоўцы комплекснага праекта і яго лічбавага пашпарта, што дасць магчымасць павысіць не толькі якасць правядзення даследаванняў, але і іх бяспеку, — падзяліўся кіраўнік інстытута. — Таксама распрацоўваецца падыход да стварэння адзінай лічбавай платформы навукова-тэхнічнай інфармацыі, якая забяспечыць доступ любога беларускага навукоўца да вылічальных рэсурсных магчымасцяў нашай краіны. Тэрміны рэалізацыі праграмы — арыенціровачна 2027-2028 гады.
Актуальныя і перспектыўныя
На выстаўцы, якая працавала падчас канферэнцыі, былі прадстаўлены самыя новыя, запатрабаваныя ў галіне навуковай інфармацыі, распрацоўкі.

— У ліку запатрабаваных кірункаў работы інстытута — біямедыцына, аўтаматызаваны аналіз здымкаў КТ, МРТ з дапамогай тэхналогій штучнага інтэлекту, — падзяліўся Дзмітрый Аляксандравіч.
Усё гэта, па яго словах, ужо ў доследна-прамысловай эксплуатацыі, і нашы ўрачы могуць паспрабаваць гэта выкарыстаць. У практыцы — і сістэма падтрымкі прыняцця рашэнняў. Асобныя распрацоўкі інстытута звязаны з сінтэзам новых лекаў.

— Мы распрацоўваем тэхналогію, якая скароціць тэрміны стварэння новых лекаў. Фактычна пяройдзем да персаналізаванай медыцыны. Спадзяёмся, што ўжо ў наступным годзе прыступім да выпрабаванняў падобных лекавых формаў, — сказаў Дзмітрый Сахарук.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД