Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка раніцай 23 чэрвеня заслухаў даклад старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко, паведамляе БелТА.
Кіраўнік рэгіёна далажыў Прэзідэнту аб абстаноўцы ў вобласці ў цэлым, сітуацыі на граніцы з Украінай і ў прыгранічных раёнах і рэакцыі насельніцтва Гомельскай вобласці на нядаўнія заявы Прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Абстаноўка, запэўніў Іван Крупко, хоць у цэлым і няпростая, але стабільная і кантраляваная. Пытанням бяспекі надаецца самая пільная ўвага.
Кіраўнік дзяржавы перадаў гамяльчанам сваю просьбу — не хвалявацца і не турбавацца. У нас ёсць усё неабходнае, каб абараніць насельніцтва ад любога агрэсара, падкрэсліў Прэзідэнт.
Акрамя таго, Прэзідэнту было даложана аб тым, як праходзіла ўзаемадзеянне з расійскім бокам і адказнымі беларускімі службамі пры аказанні дапамогі пацярпелым у выніку атакі дрона на аўтобус у Бранскай вобласці.
Асобным блокам у дакладзе былі кадравыя пытанні. У прыватнасці, размова ішла аб рабоце нядаўна назначаных новых старшыняў райвыканкамаў, старшыні Гомельскага гарвыканкама. У цэнтры ўвагі была і маладзёжная кадравая палітыка — падрыхтоўка перспектыўных кіруючых кадраў з ліку моладзі. У гэтым кірунку ў рэгіёне рэалізуюцца два праекты для патрэб сельскай гаспадаркі і прамысловасці. Агулам ужо падрыхтавана каля двухсот чалавек.
Яшчэ адна важная тэма даклада — падрыхтоўка ў вобласці да ўборкі збожжавых. Як далажыў Іван Крупко, асноўныя пытанні вырашаны, ідзе работа па падрыхтоўцы камбайнаў і сушыльнай гаспадаркі. Вобласць разлічвае на ўраджай у аб’ёме каля 1,1 млн т збожжавых каласавых, а таксама каля 100 тыс. т рапсу.
Размова ішла і аб праектах па мадэрнізацыі жывёлагадоўчай галіны, будаўніцтве прафілакторыяў для цялят, што дасць магчымасць знізіць падзеж БРЖ. Іван Крупко запэўніў, што пастаўленыя задачы да 1 верасня будуць рэалізаваны ў поўным аб’ёме.
Што да дынамікі сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці, як запэўніў губернатар, эканоміка выходзіць на планавыя паказчыкі. Сур’ёзна дадае сельская гаспадарка, выраўнялася сітуацыя ў прамысловасці, рэалізуюцца задачы ў будаўнічай галіне, расце сфера гандлю. Экспарт тавараў у 2026-м павялічыўся больш як на 14%, а паслуг — на 32%, што дало магчымасць нарасціць выручку.
Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко падзяліўся падрабязнасцямі свайго даклада Прэзідэнту
Работа зладжаная, сітуацыя кантралюемая
Перш за ўсё, як патлумачыў кіраўнік паўднёва-ўсходняга рэгіёна ў размове з журналістамі, Прэзідэнт пацікавіўся пытаннем забеспячэння бяспекі тэрыторый Гомельшчыны ў прыграніччы з Украінай. Кіраўнік Гомельскага рэгіёна ў тым ліку расказаў, як аказвалася дапамога жыхарам Гомельшчыны пасля атакі на беларускі аўтобус з дзецьмі ў Бранскай вобласці.
— Далажыў Прэзідэнту, як зладжана працавалі, у першую чаргу, з расійскім бокам, з часова выконваючым абавязкі губернатара Бранскай вобласці, як была арганізавана каардынацыя дзеянняў па аказанні хуткай медыцынскай, псіхалагічнай дапамогі, а таксама па арганізацыі вяртання дарослых і дзяцей. Далажыў кіраўніку дзяржавы аб зладжанай рабоце з урадам, Адміністрацыяй Прэзідэнта, усімі міністэрствамі з беларускага боку. Ад усіх адчувалася вельмі сур’ёзная падтрымка і дакладнае ўзаемадзеянне, — падкрэсліў Іван Крупко.
Як звярнуў увагу старшыня аблвыканкама, сітуацыя пасля атакі на беларускі аўтобус заставалася на кантролі Прэм’ер-міністра, кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, дзякуючы чаму была выбудавана дакладная каардынацыя ўсіх дзеянняў.
Кіраўнік паўднёва-ўсходняга рэгіёна звярнуў увагу і ў цэлым на забеспячэнне бяспекі ў Гомельскім прыграніччы — як на дзяржграніцы, так і ў раёнах — для стабільнай работы ўсіх вытворчых аб’ектаў.
— У размове Прэзідэнт папрасіў перадаць жыхарам Гомельскай вобласці, каб яны ні аб чым не хваляваліся. У нас ёсць усе сілы і сродкі для гарантавання бяспекі нашых грамадзян, — асабліва падкрэсліў Іван Крупко.

Як патлумачыў кіраўнік рэгіёна, Прэзідэнт у тым ліку цікавіўся сітуацыяй у прыграніччы, якая традыцыйна ўзнікае ў перыяд збору грыбоў і ягад. Так, па словах Івана Крупко, Прэзідэнт даручыў, калі ўзнікне неабходнасць, прапрацаваць такую магчымасць для грамадзян Украіны, але пад кантролем пагранічнікаў і іншых службаў, якія забяспечваюць бяспеку людзей.
Асобнай тэмай абмеркавання з кіраўніком дзяржавы стала кадравае пытанне. Іван Крупко далажыў Прэзідэнту аб апошніх кадравых прызначэннях у Гомелі, Мазырскім і Петрыкаўскім раёнах, адзначыўшы, што ўсе кіраўнікі былі адабраны з кадравага рэзерву і пачалі работу. Таксама абмяркоўвалася ў цэлым сістэма падрыхтоўкі кіраўнічых кадраў у рэгіёне. Па словах старшыні аблвыканкама, каля 80% прызначэнняў ажыццяўляецца з кадравага рэзерву. Гэтаму садзейнічае работа Школы маладога кіраўніка і Школы маладога прамыслоўца, дзе за апошнія пяць гадоў падрыхтавана амаль 190 спецыялістаў, многія з якіх ужо займаюць кіруючыя пасады на прадпрыемствах і ў арганізацыях вобласці.
Планы на ўраджай — больш за мільён тон
Як адзначыў кіраўнік паўднёва-ўсходняга рэгіёна, традыцыйна адна з ключавых тэм даклада Прэзідэнту — развіццё АПК Гомельшчыны, ход бягучых палявых работ, вынікі, з якімі вобласць падыходзіць да ўборачнай кампаніі.
— Завяршаецца нарыхтоўка кармоў. Засталося ўбраць крыху менш за 10% траў. У гэтым годзе вынік вельмі добры. Фактычна ўжо нарыхтавана больш за 6,5 ц кармавых адзінак на ўмоўную галаву, што на 2,5 ц кармавых адзінак больш, чым годам раней. Практычна ўдвая больш да ўзроўню мінулага года, павялічаны аб’ём нарыхтаванага сенажу, — патлумачыў старшыня аблвыканкама.
Як адзначыў Іван Крупко, Прэзідэнт асабліва звярнуў увагу на якасць кармоў, даручыў уважліва паставіцца да захавання тэхналогіі, забяспечыць кантроль на ўсіх этапах нарыхтоўкі, каб кармы былі якаснымі і пажыўнымі, бо менавіта ад гэтага залежаць будучыя вынікі ў жывёлагадоўлі.
Кіраўніку дзяржавы было даведзена аб стане азімых збожжавых, азімага рапсу, выніках яравой сяўбы.
— Разлічваем атрымаць каля 1 мільёна 100 тысяч — 1 мільёна 150 тысяч тон збожжа і каля 100 тысяч тон рапсу. Не думаю, што зараз ужо нешта можа істотна паўплываць на гэты вынік. Усе асноўныя тэхналагічныя мерапрыемствы завершаны. Цяпер асноўная работа засяроджана на падрыхтоўцы збожжаўборачных камбайнаў, зернесушыльных комплексаў да ўборачнай кампаніі, — засяродзіў увагу Іван Крупко.
Па словах кіраўніка рэгіёна, гатоўнасць збожжаўборачных камбайнаў складае каля 80 %, сушыльных комплексаў — каля 85 %.

— Запаснымі часткамі вобласць забяспечана. Сумесна з «Гомсельмашам» выбудавана па даручэнні кіраўніка дзяржавы сур’ёзная работа па пастаўках неабходных запасных частак, прадастаўлення адтэрміноўкі плацяжоў. Таму ўсе пытанні, якія ўзнікаюць, будуць вырашаны. Цяпер завяршальны этап падрыхтоўкі тэхнікі. Думаю, што ўжо да 1 ліпеня гатоўнасць камбайнаў дасягне каля 90 %, — адзначыў кіраўнік рэгіёна.
Абмяркоўваліся і пытанні далейшай мадэрнізацыі жывёлагадоўчай галіны. Прэзідэнт асобна пацікавіўся выкананнем даручэння аб стварэнні ў кожным раёне арганізацыі па абслугоўванні сельгастэхнікі. Як удакладніў Іван Крупко, у двух раёнах гэта работа была арганізавана не ў поўнай меры. Але ўжо вызначыліся, як гэта будзе працаваць у Нароўлі і іншых раёнах, якім чынам будзе арганізаваны рамонт тэхнікі непасрэдна ў сельгаспрадпрыемствах і падрыхтоўка яе да новага сезона.
Не адзін, а пяць праектаў
Акрамя таго, раней у Жыткавічах і Нароўлі былі абазначаны праекты па прынцыпе «Адзін раён — адзін праект». Прэзідэнт таксама пацікавіўся, як ідзе рэалізацыя рэгіянальных ініцыятыў.
— Сёння ўжо можна казаць аб тым, што практычна кожны раён мае не адзін, а ад аднаго да пяці інвестыцыйных праектаў, якія рэалізуюцца ў рамках рэгіянальных ініцыятыў, — адзначыў Іван Крупко.
Як удакладніў кіраўнік рэгіёна, Прэзідэнт засяродзіў увагу на рэалізацыі буйных інфраструктурных праектаў на Гомельшчыне. Абмяркоўвалася будаўніцтва трасы М-10. Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў і на будаўніцтва ўсходняга абходу Гомеля. Як было адзначана, работы выконваюцца ў адпаведнасці з графікам і ў рамках выдзеленых рэспубліканскіх і рэгіянальных праграм фінансавання.
«З кожным месяцам прырастаем»
Старшыня Гомельскага аблвыканкама таксама далажыў Прэзідэнту аб сацыяльна-эканамічных выніках работы рэгіёна.
— З кожным месяцам мы прырастаем. У сельскай гаспадарцы паказчык росту і выканання задач — 105,3 %. Па першым квартале была зніжана вытворчасць прамысловасці — 98,5 %. Сёння мы выйшлі ўжо на 100,9 % і чакаем каля 101,5 % росту развіцця прамысловай галіны. Гэта, адпаведна, дасць прырост у цэлым валавога рэгіянальнага прадукту, — расказаў Іван Крупко.
Па словах кіраўніка рэгіёна, на Гомельшчыне экспарт тавараў вырас да 114,2 %, экспарт паслуг — прыкладна да 132 %. Гэта дазволіла павялічыць выручку прадпрыемстваў, забяспечыць рэнтабельную работу эканомікі.
Паводле слоў Івана Крупко, у рэгіёне забяспечана выкананне задач, пастаўленых Прэзідэнтам, урадам і Усебеларускім народным сходам.
— Мы абавязаны выканаць усе пастаўленыя задачы, каб эканоміка працавала ўстойліва, своечасова выплачвалася заработная плата, а ўзровень жыцця людзей быў на самым высокім узроўні, — рэзюмаваў кіраўнік Гомельскага рэгіёна.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота БелТА