Такім меркаваннем з карэспандэнтам «Звязды» падзяліўся эксперт у галіне нафтахіміі Дзмітрый ШВАЙБА.
— У першую чаргу гэта звязана з тым, што фактычна 80 % і вышэй за сабекошт азотных угнаенняў складае кошт газу, — адзначыў ён. — І ён падаграваўся некалькімі фактарамі. У прыватнасці, разрыў паўнавартасных энергетычных адносін паміж Расіяй і Еўропай. Гэта прывяло да сур’ёзнага ўскладнення хімічнай прамысловасці ў самой Еўропе, як у самым прафіцытным рэгіёне, цікавым для продажу ўгнаенняў. І асноўныя вытворцы, у першую чаргу азотных угнаенняў, сутыкнуліся з сур’ёзнымі складанасцямі. Польская «Група Азоты», што з’яўляецца другім вытворцам па магутнасцях у Еўропе, нават прыпыняла вытворчасць на тым этапе. З падобнымі складанасцямі сутыкнуліся і вытворцы ўгнаенняў у Германіі і ў іншых краінах. Калі гаварыць пра нашых найбліжэйшых суседзяў, то гэта не абышло бокам і літоўскага вытворцу Achema, які таксама сутыкаўся са складанасцю ў сувязі з ростам сабекошту ўгнаенняў.
На бягучым этапе ўзнікла новая пагроза, адзначыў Дзмітрый Швайба.
— Яна сфарміравана працэсамі, што адбываюцца ў краінах Персідскага заліва, — удакладніў ён. — Уся Еўропа вісіць на складана арганізаванай схеме дастаўкі газу, у першую чаргу катарскага, які паступае праз Армузскі праліў. Ведаем, што там на сённяшні дзень адбываецца і якія лагістычныя складанасці ўзнікаюць пры дастаўцы.
Таксама гэта вельмі паўплывала на бягучы кошт самога газу — ён яшчэ больш вырас. Еўропа перайшла на спотавую сістэму забеспячэння сябе энергарэсурсамі. Маюцца на ўвазе кароткатэрміновыя кантракты, якія фарміруюцца за кошт цаны, што склалася на рынку на момант заключэння кантракту. Зразумела, цэны паляцелі ўверх, а гэта чарговы ўдар па вытворцах азотных угнаенняў ва ўсім свеце. Парадак лічбаў такі: са 190 мільёнаў тон угнаенняў, якія патрэбныя глабальнай эканоміцы, усяму чалавецтву ў год, прыкладна 110 мільёнаў тон складаюць азотныя ўгнаенні. Гэта пераважная большасць па асноўных кірунках. Натуральна, што рост цэн, разарваныя кантракты з беларускімі і расійскімі вытворцамі, складанасць лагістычнага забеспячэння, санкцыйнае ўздзеянне сфарміравалі агульныя падыходы, якія заганяюць сельскую гаспадарку фактычна цэлых рэгіёнаў у тупіковую сітуацыю.
Падаграваецца сітуацыя яшчэ адным спадарожным фактарам, падкрэсліў Дзмітрый Швайба.
— Цяпер той перыяд, калі ўгнаенні трэба ўносіць, — заўважыў эксперт.— Яны закліканы забяспечыць высокапрадукцыйнасць сельскай гаспадаркі. Сёння такая гісторыя прабуксоўвае, і ў сувязі з гэтым многія аналітыкі схіляюцца да меркавання, што чакаюцца складанасці з харчаваннем у цэлым на глабальным рынку, паколькі і сельская гаспадарка можа не так эфектыўна спрацаваць, і ёсць пэўныя лагістычныя праблемы. Акрамя таго, кошт энергарэсурсаў на сённяшні дзень складана прагназуемы. Зразумела, што цвярозы розум абавязаны перамагчы. Гэта павінна было б закрануць і ўзаемадзеянне на еўрапейскім кантыненце, а таксама мост Усход — Захад, які раней існаваў і забяспечваў бесперабойнасць пытанняў.
Мы разумеем, што рынкі, якія валодаюць фінансавай стабільнасцю і сацыяльна-эканамічнай устойлівасцю, сябе прадуктамі ў патрэбны момант забяспечаць. Пацерпяць у першую чаргу краіны, у якіх няма такой устойлівасці. Гэта частка Азіяцкага і Афрыканскі рэгіёны, што выклікае сур’ёзную харчовую пагрозу для ўсяго чалавецтва. Сітуацыю, на мой погляд, сёння спрашчаць не варта.
Гутарыла Яна ВАЛАСАЧ