Сітуацыя ў рэгіёне стабільная, уся інфраструктура працуе ў штатным рэжыме. Такія даныя прывёў журналістам старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко па выніках даклада Прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку, паведамляе БелТА.
Галоўнае на парадку дня — сітуацыя ў паўднёва-ўсходнім рэгіёне, звязаная з моцнымі снегападамі і цыклонам, які набліжаецца. Кіраўнік рэгіёна далажыў, як арганізавана работа па забеспячэнні ўстойлівага функцыянавання інфраструктуры, расчыстцы вуліц і транспартных магістраляў.
У сваім дакладзе беларускаму лідару кіраўнік паўднёва-ўсходняга рэгіёна абазначыў бягучую сітуацыю ў Гомельскай вобласці з улікам моцнага выпадзення ападкаў у ноч з 6 на 7 студзеня. Напярэдадні адбылося пасяджэнне камісіі па надзвычайных сітуацыях. «Усе рэсурсы, неабходныя для расчысткі рэспубліканскіх, абласных дарог і ў населеных пунктах, а таксама для падтрымання інфраструктуры, былі задзейнічаны. Далажыў Прэзідэнту, што на сёння сітуацыя ў рэгіёне стабільная, уся інфраструктура працуе ў штатным рэжыме. Усё пад кантролем ведамстваў — МНС, ДАІ, УУС. Надзвычайных сітуацый у Гомельскай вобласці няма», — падкрэсліў Іван Крупко.