Аб справядлівасці як падмурку дзяржаўнай палітыкі
Тэма, вынесеная на абмеркаванне, пашыранага пасяджэння Навукова-кансультацыйнага савета пры Канстытуцыйным Судзе, — не проста філасофская катэгорыя, а тая самая вось, на якой трымаецца ўся канструкцыя нашай дзяржавы і права. Прынцып справядлівасці разам з прынцыпамі вяршэнства права і роўнасці перад законам пакладзены ў аснову развіцця Беларусі як суверэннай, незалежнай, дэмакратычнай, прававой і сацыяльнай дзяржавы. Прэзідэнт Беларусі неаднаразова падкрэсліваў: у аснове дзяржаўнай палітыкі павінна быць справядлівасць. Падчас прывядзення да прысягі суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў у студзені беларускі лідар асабліва адзначыў неабходнасць справядлівых адносін да людзей, гаворачы аб справядлівасці пры ажыццяўленні правасуддзя. «Дух, падмурак і аснова ў нас адна — справядлівасць», — сказаў кіраўнік дзяржавы. І гэтыя словы Прэзідэнта — найвышэйшы арыенцір для нашай судовай сістэмы і ўсіх органаў улады.

Старшыня Канстытуцыйнага Суда Сяргей СІВЕЦ падкрэсліў, што наша дзяржаўная і прававая палітыка ў тым ліку грунтуецца на гэтым базавым, ключавым, стрыжневым прынцыпе:
— Мы з вамі жывём у прававой дзяржаве. І, вядома, асноўным рэгулятарам нашага грамадскага жыцця з’яўляюцца законы. Але законы, акрамя таго, што яны павінны быць эфектыўным рэгулятарам існуючых грамадскіх адносін, фарміраваць пэўныя правілы паводзін, яны павінны быць у тым ліку і справядлівымі. Толькі ў такім выпадку яны будуць успрынятыя грамадствам, грамадзянамі.
Дыскусія, паводле яго слоў, досыць глыбока закранула і дактрынальныя падыходы да прынцыпу справядлівасці, і практычныя аспекты рэалізацыі гэтага прынцыпу ў грамадскім паўсядзённым жыцці, і гэта шмат у чым паслужыць арыенцірам і для заканадаўчай галіны ўлады пры падрыхтоўцы і прыняцці законаў, і для правапрымяняльнікаў. І, вядома ж, для суддзяў — арыенцірам да таго, каб няўхільна прытрымлівацца прынцыпу справядлівасці пры вырашэнні тых ці іншых сацыяльных сітуацый у нашым жыцці.
Старшыня Беларускага рэспубліканскага саюза юрыстаў Валерый МІЦКЕВІЧ заўважыў, што пытанні справядлівасці з’яўляюцца вечнымі.
— У снежні 2025 года Прэзідэнт, выступаючы з Пасланнем (да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. — «Зв.»), гаварыў пра тое, што справядлівасць у свеце карыстаецца ўсё большым попытам. І гэта нездарма. Справядлівасць у нас — адзін з прынцыпаў фарміравання і існавання нашай дзяржавы, пра што напісана ў Канстытуцыі, у Законе «Аб Усебеларускім народным сходзе». У многіх прававых актах справядлівасць чырвонай ніткай праходзіць як прынцып. І ў адным з фундаментальных нарматыўных прававых актаў — Указе Прэзідэнта «Аб Канцэпцыі прававой палітыкі Рэспублікі Беларусь» — справядлівасць, зноў жа, існуе практычна ў кожным раздзеле як прынцып фарміравання заканадаўства, прынцып яго прымянення. Гэта найважнейшы прынцып, якім кіруецца грамадства і дзяржава.
На думку першага намесніка міністра юстыцыі Наталлі ФІЛІПАВАЙ, справядлівасць — той стрыжань, які забяспечвае сацыяльную ўстойлівасць, правапарадак і давер да інстытутаў улады.
— Для беларускага народа паняцце справядлівасці каранямі сыходзіць у традыцыі. Традыцыі ўзаемадапамогі, узаемападтрымкі, павагі да працы простага чалавека. І вось менавіта гэта павінна быць тымі каштоўнасцямі, якія, безумоўна, павінны ўлічвацца і пры фарміраванні прававой сістэмы дзяржавы. Мы як нарматворцы, безумоўна, кіруемся гэтым прынцыпам, гэтым паняццем. І неабходна разумець, што нам важна не дапусціць разрыву нормы права і духу справядлівасці. Гэта значыць, якім бы ні быў ідэальным закон, калі народ не ўспрымае гэты закон як справядлівы, ён ніколі не будзе працаваць.
Яна ВАЛАСАЧ