Следчыя праводзяць праверку па факце гібелі чатырох чалавек пры пажары ў Магілёўскім раёне, паведамілі БелТА ў СК.
Раней паведамлялася, што ўвечары 17 студзеня ў вёсцы Вялікае Хонава пры пажары загінулі чатыры чалавекі.
«Папярэдне, сярод загінулых — 65-гадовы мужчына, яго дочкі (29 і 33 гады), а таксама 30-гадовы жыхар суседняй вёскі. Яшчэ адна жанчына, 61-гадовая гаспадыня дома, здолела самастойна выбрацца з палаючай пабудовы», — расказалі ў СК.
Паводле папярэдніх звестак следства, напярэдадні ў доме праходзіла застолле з нагоды вяртання дачок знаёмага, які нядаўна прыехаў з заробкаў. У дзень трагедыі загінулыя набылі ў мясцовай краме спіртныя напоі і свечкі — электрычнасць у доме была адключаная за няплату.
На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група. Следчым праведзены агляд, зафіксавана следавая карціна, прызначана правядзенне шэрагу экспертных даследаванняў. Па адной з разгляданых версій, прычынай пажару магло стаць неасцярожнае абыходжанне з агнём, у тым ліку пры курэнні. Усе абставіны будуць устаноўленыя Магілёўскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта падчас праверкі. Асаблівая ўвага будзе нададзена прычынам і ўмовам, якія спрыялі трагедыі.
На месцы здарэння працавалі судовыя эксперты ўпраўлення ДКСЭ па Магілёўскай вобласці. «Судовымі экспертамі будзе праведзены шэраг экспертыз, у тым ліку пажарна-тэхнічная і судова-медыцынскія», — дадалі ў прэс-службе ДКСЭ.