Следчым камітэтам распачата крымінальная справа па факце атручвання непаўналетніх у Барысаве. Пра гэта БелТА паведамілі ў СК.
Па дадзеных следства, 2 і 3 чэрвеня ў інфекцыйнае аддзяленне Барысаўскай ЦРБ паступілі 30 дзяцей — выхаванцы розных устаноў адукацыі горада, з ідэнтычнымі скаргамі і сімптомамі.
Генеральнай пракуратурай ініцыявана правядзенне праверкі. Па выніках праверачных мерапрыемстваў УСК па Мінскай вобласці ўзбуджана крымінальная справа па ч. 1 арт. 336 (парушэнне санітарных нормаў і правілаў, гігіенічных нарматываў, што пацягнула па неасцярожнасці захворвання або атручвання людзей) КК.
Створана следчая група з ліку найбольш вопытных супрацоўнікаў падраздзяленняў абласнога ўпраўлення. Следчымі праведзены агляды, дапытаныя пацярпелыя, іх бацькі і супрацоўнікі ўстаноў адукацыі. Канфіскаваныя і вывучаны дакументы аб закупках, умовах захоўвання і транспарціроўкі прадуктаў. Прызначаны шэраг экспертных даследаванняў. У ходзе правядзення следчых дзеянняў дадаткова ўстаноўлены 13 пацярпелых з розных населеных пунктаў Мінскай вобласці.
У цяперашні час Следчым камітэтам сумесна з супрацоўнікамі міліцыі выяўлены шэраг прычын і ўмоў, якія садзейнічалі інцыдэнту, і прыняты меры па недапушчэнні распаўсюджвання шкодных наступстваў.
Ва УУС Мінаблвыканкама таксама паведамілі, што рэалізацыя прадукцыі, якая, магчыма, стала першакрыніцай дадзенай сітуацыі, прыпыненая ва ўсіх рэгіёнах краіны.