Top.Mail.Ru

Скарочаны пералік дакументаў для здзяйснення многіх адміністрацыйных працэдур

Пералік дакументаў, якія прадстаўляюць грамадзяне для здзяйснення пэўных адміністрацыйных працэдур, скарочаны. Таксама зменшаны тэрміны ажыццяўлення шэрагу адміністрацыйных працэдур. Гэта прадугледжана ўказам № 5 ад 9 студзеня 2026 года, які сёння ўваходзіць у дзеянне, паведамляе БелТА.



Дакумент накіраваны на зніжэнне адміністрацыйнай нагрузкі на грамадзян, аптымізацыю і спрашчэнне значнай колькасці працэдур. Змены маюць комплексны характар і ўнесены з улікам прапаноў грамадскасці, шырокага кола зацікаўленых органаў і арганізацый.

Указам карэктуюцца 284 адміністрацыйныя працэдуры, вызначаныя ва ўказе № 200. У прыватнасці, больш чым па 100 адміністрацыйных працэдурах скарачаецца пералік дакументаў, што прадастаўляюцца грамадзянамі.

Як раней пракаменціравалі ў Міністэрстве юстыцыі, карэкціроўкі максімальна ўлічваюць магчымасць бездакументарнага ўзаемадзеяння паміж дзяржаўнымі органамі і вызвалення грамадзян ад неабходнасці падачы лішніх папер.

Так, указам выключаны адміністрацыйныя працэдуры, якія датычацца выдачы даведак аб дозе апраменьвання, аб невыдзяленні пуцёўкі для дзяцей на санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне ў бягучым годзе, аб незабяспечанасці дзіцяці ў бягучым годзе пуцёўкай у лагер з кругласутачным знаходжаннем і інш. Гэта абумоўлена незапатрабаванасцю названых дакументаў або магчымасцю іх атрымання дзяржаўнымі органамі самастойна з інфармацыйных рэсурсаў (сістэм).

Што датычыцца змяншэння колькасці дакументаў, што падаюцца грамадзянамі, то, напрыклад, з пакета дакументаў па многіх працэдурах, што датычацца нерухомасці, выключаны дакументы, якія пацвярджаюць права ўласнасці. Гэта датычыцца прыняцця рашэння аб прызнанні жылога памяшкання не адпаведным устаноўленым для пражывання санітарным і тэхнічным патрабаванням, прыняцця рашэння аб пераводзе жылога памяшкання ў нежылое. Гэтыя звесткі будуць запытвацца з адзінага дзяржаўнага рэгістра нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй.

Удасканалены падыходы да адчужэння нерухомай маёмасці ў інтарэсах дзяцей асоб, абавязаных кампенсаваць расходы па ўтрыманні дзяцей. Раней існаваўшая агульная забарона для абавязаных асоб на адчужэнне нерухомасці рабіла немагчымымі здзелкі, якія аб’ектыўна адпавядалі інтарэсам дзіцяці (напрыклад, продаж адзінай кватэры для куплі большага жылля, паляпшэння ўмоў пражывання дзіцяці, аплаты яго лячэння або адукацыі).

Скарэкціраваны тэрміны здзяйснення адміністрацыйных працэдур. Напрыклад, працэдуры, звязаныя з уключэннем фізічнай асобы, якая мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у склад арганізацыі забудоўшчыкаў, будуць здзяйсняцца ў тэрмін да 15 дзён (раней — да аднаго месяца), калі не патрабуецца запыт звестак ад іншых органаў. Аналагічныя змены адбыліся ў дачыненні да працэдуры, якая датычыцца прадастаўлення жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду меншага памеру наўзамен займанага. Тэрміны па адміністрацыйнай працэдуры, звязанай з пацвярджэннем кансервацыі незавершанага будаўніцтва жылога дома, скарочаныя да 20 дзён (раней — месяц).

Маюцца таксама ўдакладняючыя змены ў дачыненні да іншых адміністрацыйных працэдур, такіх як прыняцце рашэння па самавольным будаўніцтве, выдача даведкі для спрошчанага афармлення спадчыны на раней эксплуатаваныя жылыя дамы, дзяржаўная рэгістрацыя нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй.

Карэкціроўка адміністрацыйных працэдур адбылася, акрамя мэт скарачэння колькасці падаваных дакументаў і тэрмінаў іх разгляду, таксама для больш актыўнага выкарыстання лічбавых крыніц атрымання інфармацыі, што дазволіць выключыць неабходнасць грамадзянам падаваць пэўныя дакументы самастойна.

У Міністэрстве юстыцыі ўпэўнены, што рэалізацыя палажэнняў указа будзе садзейнічаць павышэнню эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання, зніжэнню затрат часу і рэсурсаў грамадзян, а таксама ўмацаванню гарантый абароны правоў сацыяльна неабароненых катэгорый насельніцтва.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю