Гомельскім гарадскім аддзелам Следчага камітэта ўстанаўліваюцца абставіны падману дзвюх жыхарак абласнога цэнтра. У цынічную схему выманьвання грошай аказаўся ўцягнуты 34-гадовы жыхар Мінскай вобласці.
Па версіі следства, «акцёры» з кол-цэнтра пераканалі мужчыну, што на яго імя адкрыты рахунак для транзіту грошай у інтарэсах радыкальнай нацыяналістычнай арганізацыі ў суседняй краіне. Для зняцця падазрэнняў у садзейнічанні экстрэмізму яму прапанавалі аказаць дапамогу «беларускім праваахоўнікам» і выканаць шэраг спецзаданняў. Мужчыну даручылі сустрэцца з некалькімі грамадзянамі, якія пацярпелі ад дзеянняў нейкіх злачынцаў, і дапамагчы ім «задэклараваць» іх зберажэнні.
У ліку ахвяр «дабрадзея» апынулася 62-гадовая пенсіянерка з Гомеля. За некалькі дзён да фатальнай сустрэчы яе масіравана атакавалі лжэсупрацоўнікі кампаніі па замене дамафонаў, нібыта Камітэта дзяржкантролю і КДБ. На працягу некалькіх дзён гараджанка выканала серыю ўказанняў незнаёмых суразмоўцаў: прадыктавала смс-код ад невядомага абанента для атрымання «бясчыпавага доступу» ў свой пад’езд; напісала заяву на імя кіраўніка па абароне правоў спажыўца Дзяржкантролю, сфатаграфавала яго і адправіла праз Viber нібыта супрацоўніку КДК; паведаміла колькі грошай захоўвае дома; напісала заяву аб дэклараванні грашовых сродкаў, сфатаграфавала яе і адправіла праз Viber нібыта супрацоўніку КДК; змясціла 8530 долараў і 5000 еўра ў касметычку і аддала незнаёмаму мужчыну каля пад’езда.
«Рэгіянальным прадстаўніком», які прыехаў за яе грашыма, аказаўся вышэйназваны жыхар Мінскай вобласці. Акрамя Гомеля, мужчына наведаў «з місіяй» Мінск і Маскву, дзе атрымаў буйныя сумы «для дэкларавання». Па патрабаванні куратараў, усе прынятыя сродкі ён памяняў на крыптавалюту і перавёў на чужы кашалёк. Вярнуўшыся дадому «з турнэ», быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.
Тым часам ашуканая пенсіянерка з Гомеля трапіла ў яшчэ адну непрыемную гісторыю. Па ўказанні ўсё тых жа аферыстаў жанчына пагадзілася выканаць «сакрэтнае заданне».
У прызначаны куратарам час яна сустрэлася на вуліцы з раней незнаёмай 71-гадовай жыхаркай Гомеля, узяла ў яе 50 тысяч долараў і ў далейшым перадала «спецыялісту». Пажылая жанчына аддала буйную суму пасля папярэдняй псіхалагічнай «апрацоўкі» тэлефоннымі аферыстамі. Грошы належалі яе дачцэ. Гараджанка паверыла, што такім чынам яна выратуе іх ад канфіскацыі падчас абяцанага вобыску.
Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава, супрацоўнікі Гомельскага гарадскога аддзела Следчага камітэта разбіраюцца ў хітраспляценнях ашуканскай аферы. Следчыя ва ўзаемадзеянні з супрацоўнікамі міліцыі ўстанаўліваюць асоб, якія маюць дачыненне да злачынстваў.
Супрацоўнікі Следчага камітэта заклікаюць дарослых дзяцей пажылых бацькоў правесці з імі тлумачальную гутарку па алгарытме зносін з незнаёмымі тэлефоннымі суразмоўцамі. Напішыце напамінак для «дзіўных званкоў» і прымацуйце яе ў кватэры бацькоў: каля гарадскога тэлефона, месцы падзарадкі мабільнага тэлефона, у пярэднім пакоі побач з люстэркам.