Top.Mail.Ru

Складаемыя агульнай бяспекі

Што паказала гісторыя з беспілотнікамі ў Польшчы?



Нядаўні інцыдэнт з залётам беспілотнікаў у Польшчу рэальна паказаў, наколькі важна захоўваць каналы сувязі і падтрымліваць дыялог паміж суседнімі краінамі — як мінімум па лініі абаронных і знешнепалітычных ведамстваў. А раней Мінск неаднаразова заклікаў Варшаву вярнуцца да дыялогу — дзеля захавання бяспекі абедзвюх краін. І, нягледзячы на катэгарычныя адмовы з боку палякаў, Беларусь не засталася ў баку і апавясціла суседзяў аб набліжэнні лятальных апаратаў.

Польскія ўлады паведамілі аб залёце дронаў на тэрыторыю краіны ў ноч на 10 верасня. Гісторыя імкліва развівалася, падмацощваючыся чуткамі, здагадкамі і рэзкімі заявамі. Варшава сцвярджала, што беспілотнікі расійскія і называла інцыдэнт «маштабнай правакацыяй». У Маскве абвінавачанні адмаўлялі і прапанавалі палякам правесці кансультацыі. Ну, а СМІ кінуліся нагнятаць — «будзе вайна».

На гэтым фоне з заявай выступіла Мінабароны Беларусі. У ведамстве праінфармавалі, што ноччу паміж РФ і Украінай адбыўся ўзаемны абмен ударамі з выкарыстаннем беспілотнікаў. У выніку ўздзеяння сродкаў радыёэлектроннай барацьбы бакоў некаторыя дроны згубіліся з курса. Частка «заблуканых» беспілотнікаў была знішчана над тэрыторыяй Беларусі сіламі беларускай СПА.

У ведамстве таксама заявілі, што беларускі бок апавясціў Польшчу і Літву аб набліжэнні беспілотнікаў да іх тэрыторыі. «Гэта дало магчымасць польскаму боку аператыўна адрэагаваць на дзеянні беспілотнікаў, узняўшы ў паветра свае дзяжурныя сілы», — паведаміў начальнік Генштаба — першы намеснік міністра абароны Беларусі генерал-маёр Павел Муравейка.

2.jpg

Варта адзначыць, што і польскі бок інфармаваў беларускія дзяжурныя баявыя разлікі аб набліжэнні да мяжы Беларусі неапазнаных лятальных апаратаў з тэрыторыі Украіны. «Абмен інфармацыяй аб паветранай абстаноўцы з’яўляецца важным складальнікам забеспячэння бяспекі ў рэгіёне ў цэлым і садзейнічае наладжванню мер даверу і ўмацавання бяспекі. Рэспубліка Беларусь і ў далейшым прадоўжыць рэалізацыю сваіх абавязацельстваў у рамках абмену інфармацыяй аб паветранай абстаноўцы з Рэспублікай Польшча і краінамі Балтыі», — падкрэсліў Муравейка.

Характэрна, што на пытанні польскіх журналістаў аб узаемадзеянні з беларускім бокам афіцыйныя асобы Польшчы адказвалі вельмі неахвотна і абцякальна. Ні прэзідэнт Караль Наўроцкі, ні прэм’ер Дональд Туск аб гэтым нават не згадалі. І толькі вечарам кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі прызнаў, што апавяшчэнне аб набліжэнні беспілотнікаў да польскай паветранай прасторы паступіла ад Беларусі.

Следам на гэтую тэму выказаўся і начальнік Генштаба Польскага войска генерал Веслаў Кукула. Ён зазначыў, для яго было нечаканым атрымаць дапамогу ад Беларусі, улічваючы напружаную сітуацыю на нашай мяжы. «Гэтае папярэдняе папярэджанне было нам карыснае. Калі казаць дакладней, наша рэакцыя была станоўчай», — сказаў Кукула.

3.jpg

Насамрэч нічога дзіўнага ці нечаканага ў дзеяннях Беларусі няма. Наша краіна заўсёды падыходзіла адказна да выканання сваіх абавязацельстваў, тым больш у пытаннях бяспекі. Канешне, нам бы хацелася, каб і нашы суседзі праяўлялі адказнасць. Асабліва ў цяперашніх рэаліях, калі сітуацыя ў нашым рэгіёне абвостраная да мяжы.

Ініцыятывы Мінска аб аднаўленні дыялогу з Варшавай — гэта не капрыз, а рацыянальны падыход. Ён абумоўлены імкненнем стабілізаваць сітуацыю і не дапусціць уцягвання нашых краін у ваенную канфрантацыю. Пры гэтым узаемадзеянне з Мінскам у пытаннях бяспекі ў роўнай ступені адпавядае інтарэсам польскага боку. Апошнія падзеі гэта добра паказалі.

Безумоўна, у суседніх дзяржаў могуць быць рознагалоссі, яны могуць не згаджацца адна з адной, спрачацца, крытыкаваць. Але яны ні ў якім разе не могуць дазволіць сабе абрываць дыялог, зачыняць каналы сувязі, згортваць супрацоўніцтва па лініі абаронных і знешнепалітычных ведамстваў. Вядома, павесіць замок на мяжы і схавацца за плотам прасцей за ўсё. Але хіба такі падыход можна лічыць адказным?

А адказнасць на Беларусі і Польшчы выключная. Нашыя дзяржавы знаходзяцца на лініі геапалітычнага разлому. І ад рашэнняў, якія прымаюцца Мінскам і Варшавай, сёння залежаць мір і бяспека не толькі нашых дзяржаў, але і ўсяго Еўрапейскага рэгіёна.

Па матэрыялах БЕЛТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю