Top.Mail.Ru

Складаным, але надзвычай відовішчным цыркавым мастацтвам захоплены дзеці ў Віцебскай вобласці

Крок на арэну

Цырк цікавіць іх не проста як прадстаўленне на арэне, а як варыянт баўлення вольнага часу, спосаб удасканаліць сваё цела, набыць выдатныя здольнасці. Сёння толькі ў сферы культуры Віцебшчыны працуюць дзевяць цыркавых студый, дзве — прафсаюзныя, ёсць і прыватныя школы, у якіх займаюцца больш чым 350 дзяцей ва ўзросце ад трох да 18 гадоў.

Шэраг калектываў маюць шматгадовую гісторыю, перамогі ў прэстыжных конкурсах, яскравыя нумары ў праграмах і гучныя імёны. Высокае званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь» носяць узорныя цыркавыя студыі «Арэна» ГП культуры і творчасці «Орша»; «Юнацтва» ДК «Нафтан» (Наваполацк). Званнем узорных угаранаваны «Каскад» Пастаўскага РДК, «Мара» Шаркаўшчынскага РЦК«, «Фантазёры» РЦК «Перамога» (Орша), «Феерыя» ДК чыгуначнікаў (Орша).

Наваполацкаму «Юнацтву» ідзе 57-ы год, у ім займаецца больш за сто дзяцей ва ўзросце ад трох гадоў. А колькі ж маленькіх новапалачан далучыліся да цыркавога мастацтва за дзесяцігоддзі!

— Візітка нашага калектыву — ікарыйскія гульні. Мне не даводзілася бачыць гэты жанр ні ў адным беларускім аматарскім цырку. Гэта найскладанейшы нумар партнёрскай акрабатыкі, падчас якога адзін артыст (ікарыст), лежачы на спіне, адштурхоўвае і ловіць нагамі акрабата-летуна, які выконвае розныя фігуры ў паветры, — расказвае кіраўнік студыі «Юнацтва» Вольга Чарняўская-Тумакова.

Падчас упартых заняткаў удзельнікі цыркавых калектываў асвойваюць такія жанры, як акрабатыка, антыпод, вальтыж, жангліраванне, паветраная гімнастыка, эквілібрыстыка, працуюць са скакалкамі і хулахупамі... Дзеці — жаданыя ўдзельнікі канцэртных і тэатралізаваных праграм на розных мерапрыемствах не толькі па месцы знаходжання, але і на абласных, рэспубліканскіх, міжнародных пляцоўках. Калі ж яны прымаюць удзел у конкурсах, візаві ведаюць: саперніцтва будзе нялёгкім, бо юныя беларусы дэманструюць высокі ўзровень падрыхтаванасці і сцэнічнага майстэрства.

— Цырк — мая любоў на ўсё жыццё, і я мару, каб захапленне ім перадавалася выхаванцам, — прызнаецца кіраўнік «Фантазёраў» з 20-гадовым стажам Святлана Раўкоўская. — Пасля заканчэння Кіеўскай муніцыпальнай акадэміі цыркавога і эстраднага мастацтваў маім паплечнікам стала дачка Дар’я Башкова. Сёлетняя выпускніца студыі, уладальнік Гран-пры міжнароднага фестывалю жангліравання «Гравітацыя» (Масква) Цвятана Янчэўская вызначылася з далейшым жыццёвым шляхам: прафесійны цырк. Пакуль на раздарожжы, але таксама задумваецца аб такім жа кроку майстар па кручэнні хулахупаў Паліна Балашэнка, вядомая як пераможца тэлепраекта «Талент краіны».

Дарэчы, Віцебшчына лічыцца негалоснай пляцоўкай падрыхтоўкі патэнцыяльных артыстаў цырка. Многія выпускнікі аматарскіх студый працуюць на прафесійных арэнах Беларусі і краін СНД, у сусветна вядомым Cіrque du Soleі. Але кадравая праблема ёсць ва ўзорным цыркавым калектыве «Мара» Шаркаўшчынскага РЦК. У нашай краіне няма ўстаноў адукацыі, якія б рыхтавалі профільных спецыялістаў ці на базе якіх можна прайсці ўдасканаленне. Іншым хацелася б актыўней набываць абсталяванне, рэквізіт, касцюмы. Значную падтрымку дзіцячыя цыркавыя калектывы атрымліваюць не толькі ад дзяржавы, але і ад паплечнікаў — бацькоў і спонсараў.

Цырк застаецца найярчэйшым з усіх відовішчаў, а Орша, дзе паспяхова працуюць некалькі профільных калектываў, кожныя два гады становіцца лакацыяй рэспубліканскага свята-конкурсу цыркавога майстэрства «Арэна». Месяц таму 10 аматарскіх калектываў з Беларусі і Расіі зноў змагаліся тут за Гран-пры. Ён дастаўся ўзорнай цыркавой студыі «Летуценнікі» з Барысава. Юныя сапернікі з паўночнага рэгіёна далі сабе слова, што наступны раз пастараюцца пераўзыйсці яго. Выдатная матывацыя! Але яшчэ лепшая — заняткі сапраўды прыгожай справай, якая прыносіць радасць сабе і людзям.

Святлана ЯКАЎЛЕВА

фота з адкрытых крыніц


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю