Top.Mail.Ru

Слава пра «Славянскі базар у Віцебску» бяжыць уперадзе яго

Усё менш лісткоў застаецца на сімвалічным календары, які вядзе зваротны адлік да пачатку XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». І ўсё менш застаецца ў свеце людзей, якія нічога не чулі пра наш легендарны форум. Можна з упэўненасцю сказаць, што ў Беларусі і Расіі такіх увогуле няма. А ўжо зараз акунуцца ў яго цудоўную атмасферу можна на ВДНГ у Маскве, дзе ў павільёне «Рэспубліка Беларусь» разгарнулася прысвечаная фестывалю выстаўка.


— Мы пастараліся на невялікай прасторы сабраць цікавыя інтэрактыўныя элементы, расказаць не толькі аб самім фестывалі, але і аб людзях, якія яго падтрымлівалі, — адзначыла дырэктар музея «Славянскага базару ў Віцебску» Марыя КАЗЛОВА.

У цэнтры экспазіцыі — тры сапраўдныя канцэртныя касцюмы. Адзін з іх належаў Уладзіміру Мулявіну, у ім ён на сцэне Летняга амфітэатра выканаў сваю пранізлівую «Малітву». Два іншыя — сцэнічныя касцюмы Анатоля Ярмоленкі і пастаяннай вядучай фестывалю Алены Спірыдовіч.


Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў выклікае незвычайная інсталяцыя, каля якой за апладысменты можна пачуць знакамітыя пазыўныя віцебскага форуму мастацтваў. Акрамя таго, прадстаўлены макеты дзвюх яго галоўных пляцовак — Летняга амфітэатра і канцэртнай залы «Віцебск». Сярод экспанатаў — унікальная фестывальная валюта «васількі», прызы, сувеніры, буклеты, акрэдытацыйныя бэйджы і многае іншае.


А тым часам па беларускіх рэгіёнах працягвае крочыць канцэртна-забаўляльная праграма «Васільковы тур». Нагадаем, «Славянскі базар» упершыню выйшаў за межы Віцебска і паўночнага рэгіёна ў цэлым, каб эмоцыямі і настроем, за якімі тысячы людзей штогод прыязджаюць на форум, змаглі прасякнуцца ва ўсіх абласных цэнтрах. Перадаць святочную атмасферу дапамагае перасовачная фотавыстаўка «35 імгненняў фестывалю» — унікальны сумесны праект дырэкцыі форуму і БелТА.


Першым прыпынкам у «Васільковым туры» стаў Гомель. Далей былі Магілёў і Мінск. У Гродне ён заявіць пра сябе 9 ліпеня, а ў Брэсце — 10 ліпеня.

Напярэдадні юбілейнага фестывалю набыў новае аблічча і сам Віцебск, які нядаўна адсвяткаваў свой 1052-і дзень нараджэння. У цэнтры горада ўстанавілі яго герб, на вуліцах і плошчах — маляўнічыя плакаты і білборды, кветкавыя ўборы ўпрыгожылі плошчу Свабоды, з’явіліся лакацыі каля Летняга амфітэатра, плошчы Перамогі і шмат іншага.


А яшчэ адбылося ўрачыстае адкрыццё скульптурнай міні-кампазіцыі — чалавечка ў вянку з васількоў і з мікрафонам у руках. Бронзавы чалавечак ростам усяго каля 
35 см пасяліўся каля ўвахода ў Цэнтр культуры «Віцебск», дзе знаходзіцца дырэкцыя фестывалю.

Дарэчы, гэта не першы такі арт-аб’ект у горадзе над Дзвіной. Раней у розных яго кутках з’явіліся аналагічныя, якія таксама маюць важны атрыбут — васілёк: «Закаханыя», «Фатограф», «Мастак», «Захавальнік гісторыі», «Падарожнік» і іншыя.


— Напэўна, было б несправядліва, што Віцебск — горад, дзе ўжо 35 гадоў праходзіць «Славянскі базар», не меў скульптуры, прысвечанай спеваку, музыканту. Таму і з’явілася такая, сёмая па ліку, скульптура. І яна не будзе апошняй, — паведаміў намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктар ГЛУШЫН.

Генеральны дырэктар Цэнтра культуры «Віцебск» Глеб ЛАПІЦКІ дадаў, што на 3D-прынтары ў трох розных памерах, у тым ліку ў поўны рост, будуць зроблены копіі новай скульптурнай кампазіцыі, якія стануць арыгінальным падарункам для ўдзельнікаў і гасцей фестывалю.

Віктар ЛЮБІМАЎ
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю