Мазырская «Славія» прыме футбалістаў «Віцебска» ў стартавым матчы 21-га тура чэмпіянату Беларусі, паведамляе БелТА.
Сустрэча першага круга гэтага першынства ў Віцебску завяршылася без забітых мячоў — 0:0. На мінулым тыдні мазыране ўступілі на выездзе гродзенскаму «Нёману» (0:1), а віцебская каманда атрымала другую вікторыю запар, перамогшы на сваёй арэне аўтсайдара турніру наваполацкі «Нафтан» (2:0). Сённяшні паядынак на полі мазырскага стадыёна «Юнацтва» пачнецца ў 20.00 і будзе трансліравацца ў прамым эфіры тэлеканала «Беларусь 5».
У суботу, 5 верасня, жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» прыме ў сябе дома футбалістаў «Гомеля». У цэнтральным паядынку гэтага ўік-энду дзеючы чэмпіён краіны «МЛ Віцебск» сустрэнецца на сваім полі з уладальнікам серабра сталічным «Дынама». У Наваполацку «Нафтан» сустрэнецца з футбалістамі «Мінска», у Бабруйску «Белшына» будзе сапернічаць з «Нёманам», а «Баранавічы» ў сябе дома будуць сапернічаць з магілёўскім «Дняпром». Два заключныя матчы 21-га тура адбудуцца 7 верасня. Лідар першынства «Іслач» згуляе з дзяржынскім «Арсеналам», а ў Брэсце мясцовае «Дынама» сустрэнецца з барысаўскім БАТЭ.
Становішча ў лідзіруючай групе цяпер такое: «Іслач» (Мінскі раён) — 41 ачко (19 матчаў), «МЛ Віцебск» — 39 (18), «Дынама» (Мінск) — 39 (18), «Гомель» — 33 (20), «Віцебск» — 32 (20). Унізе турнірнай табліцы знаходзіцца «Нафтан», у якога 10 ачкоў, у «Дняпра» 15 заліковых балаў, 16 ачкоў набрала «Белшына». Бамбардзірскую гонку ўзначальваюць Цімафей Сіманенка («Гомель») і Яўген Юдчыц («Іслач»), якія забілі па 9 мячоў.