Гукі, пахі і смак Жыровіч
Шлях да храма можа быць розным, у чым пераканаецеся ў духоўным праваслаўным цэнтры ў Жыровічах. Для чалавека, які саромеецца зрабіць нешта не так, не ведае царкоўных правіл, гэты шлях можа быць максімальна спрошчаным — пачынацца з экскурсіі, тым больш што сёння, акрамя класічнай агляднай, праводзіцца і шэраг тэматычных праграм.

Набывае папулярнасць фармат духоўных выхадных, калі ўдзельнікі цалкам паглыбляюцца ў манастырскі побыт з яго правіламі, рытмам і распарадкам — ад сумесных малітваў і тэматычных гутарак да працоўных паслушэнстваў. Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр вырашыў прапанаваць яшчэ адну форму для знаёмства з храмам — майстар-класы. Напрыклад, тут можна павучыцца біць у званы і пачуць голас самага вялікага звона ў Беларусі.
Новы аб’ект манастыра, які будзе задзейнічаны пад прыём турыстаў, — келля святамучаніка Гермагена Табольскага. Тут праводзяцца майстар-класы па вырабу царкоўных свечак, роспісу ікон, а таксама гасцям гатовы расказаць пра карысныя ўласцівасці зёлак, прыгатаванне гарбаты і правесці духмяныя дэгустацыі. Летась пачаў працаваць музей, створаны ў архірэйскім доме. Ён знаёміць як з жыццём манастыра, так і наогул з гісторыяй праваслаўя на беларускіх землях.
Цуды працягваюцца
За гэты год Жыровіцкі манастыр наведалі ўжо больш 18 тысяч чалавек. З даўніх часоў сюды прыязджаюць паломнікі з усяго свету пакланіцца самай маленькай (5,6 на 4,4 см) нерукатворнай святыні — іконе Жыровіцкай Божай Маці, з якой звязана вялікая колькасць цудаў, у тым ліку шматлікія пазбаўленні ад цяжкіх і невылечных хвароб, радасць мацярынства жанчын, якім урачы казалі, што яны ніколі не змогуць нарадзіць. Запіс сведчанняў пра цуды працягваецца і ў нашы дні.

У Жыровіцкім манастыры ёсць таксама іншыя святыні, якія ўшаноўваюцца і з якімі звязаны гісторыі дапамогі. Напрыклад, да іконы Божай Маці «Усецарыца» звяртаюцца хворыя на анкалогію, да іконы «Невыпівальная чаша» прыходзяць з просьбай аб пазбаўленні ад залежнасцяў, да іконы Оптынскіх старцаў ідуць з малітвамі аб абароне сям’і, аб поспеху ў новых справах. Даведацца пра святыні, а таксама паглыбіцца ў гісторыю духоўнага прыстанку можна падчас тэматычных экскурсій. Яны бываюць як для вялікіх груп, так і індывідуальныя. Праграмы распрацоўваюцца і праводзяцца самім манастыром, да работы з турыстамі падключаюцца ў тым ліку студэнты Мінскай духоўнай семінарыі. Такі падыход дае шэраг пераваг — справа не толькі ў абароне ад недакладнай інфармацыі і вольных трактовак заезджых гідаў. Прадстаўнікі манастыра глыбока ведаюць унутраныя ўстоі, дзеляцца ўласным духоўным вопытам, здольныя адказаць на складаныя багаслоўскія пытанні. Для некаторых турыстаў такія сустрэчы — магчымасць ці не ўпершыню пагаварыць пра веру, атрымаць падтрымку.
Патрапіць у «Эдэмскі сад»
Сёння манастыр па-новаму адкрываецца турыстам і паломнікам: адрэстаўраваныя храмы, на дагледжанай тэрыторыі багата лавачак і альтанак, пад алтаром Успенскага сабора добраўпарадкавана крыніца — згодна з паданнем яна біла з-пад грушы, на якой было з’яўленне іконы Божай Маці.

За межамі манастыра ёсць яшчэ дзве крыніцы з гаючай вадой. Найбліжэйшая размешчана за манастырскім паркам. Тут узведзена каплічка і абсталяваны дзве купальні, паломнікі акунаюцца ў іх з просьбамі дараваць здароўе. Так званая дальняя крыніца б’е ў лесе, што за кіламетр ад манастыра; з даўніх часоў яна славіцца тым, што дапамагае пры хваробах вачэй.
За тры кіламетры ад Жыровіч знаходзіцца «Эдэмскі сад», які займае 25 га. Ён размешчаны на былых землях Солтанаў, па паданню менавіта сюды пастушкі прынеслі знойдзеную імі цудатворную ікону. Да 2010 года тут быў закінуты яблыневы сад. Пасля перадачы манастыру ён адноўлены, гэтак жа як і сажалкі.

У створаным манахамі на гэтай тэрыторыі заасадзе адчуваецца асаблівая атмасфера. Побач з коньмі і козамі жывуць казулі, алені, вярблюды, страусы, яноты, ваўкі , лісы, мядзведзь, а рысь і кот наогул «кватаруюць» у адным вальеры. Незвычайныя суседствы і тое, што дзікія звяры, як у біблейскім Эдэмскім садзе, не баяцца людзей, — сведчанне клопату. Сюды часта перадаюць птушак і звяроў, якія патрапілі ў бяду. Сёлета, калі выдалася асабліва снежная і марозная зіма, казулі самі прыходзілі ў заасад за паратункам. «Эдэмскі сад» стаў адным з месцаў прыцяжэння турыстаў, тут створаны ўмовы для адпачынку сем’яў з дзецьмі — абсталявана дзіцячая пляцоўка, альтанкі.
* * *
Падчас семінара Нацыянальнага агенцтва па турызме, прысвечанага развіццю рэлігійнага турызму, які праходзіў на базе праваслаўнага цэнтра, архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый, намеснік Жыровіцкага манастыра, звярнуў увагу, што сёння пры стварэнні экскурсійных маршрутаў турыстычным кампаніям варта выдзяляць больш часу на знаёмства з духоўным прыстанкам.

У тым, што гасцям трэба затрымацца не на адзін дзень як для знаёмства са Свята-Успенскім манастыром, так і з іншымі храмамі рэгіёна, упэўнены і старшыня Слонімскага райвыканкама Віталь Шулейка. Інфраструктура раёна актыўна развіваецца. У наступным годзе тут пройдзе абласны фестываль «Дажынкі», падрыхтоўка да гэтага свята ўжо пачалася, распрацоўваюцца планы па добраўпарадкаванні. У Жыровічах, напрыклад, плануецца расчысціць ручай Вікня і абсталяваць тут пешаходную зону з лавачкамі, камянямі з высечанымі на іх запаведзямі.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота БелТА