Top.Mail.Ru

«Славянскі базар у Віцебску» адправіўся ў «Васільковы тур»

Свята спяшаецца да Вас


Сёлета ў «Славянскага базару ў Віцебску» — 35-гадовы юбілей, да якога прымеркавана шмат цікавых мерапрыемстваў. Адно з іх — канцэртна-забаўляльная праграма «Васільковы тур», якая пройдзе ў абласных гарадах і Мінску. А стартуе яна ў Гомелі — на набярэжнай ракі Сож. 


У «Васільковым туры» будуць выступаць артысты віцебскага форуму, паведаміў генеральны дырэктар Цэнтра культуры «Віцебск», дырэктар фестывалю «Славянскі базар у Віцебску» Глеб ЛАПІЦКІ:


— Мерапрыемства пройдзе ў фармаце «Фестывальнае караоке з зоркай», дзе выберуць трох найлепшых спевакоў з кожнай вобласці. Затым яны прыедуць у Віцебск 19 ліпеня. На пляцоўцы каля помніка Пушкіну адбудзецца вялікі фінал, і на ім выберуць самага галасістага караокемейкера. Адным з этапаў тура таксама стане фестывальны квіз, на якім можна будзе выйграць запрашэнне на адзін з праектаў культурнага форуму.

У Магілёве «Васільковы тур» запланаваны на 19 чэрвеня, у Мінску — на 20 чэрвеня, у Гродне — на 9 ліпеня, у Брэсце — на 10 ліпеня.


А ў самім Віцебску днямі арганізавалі прэс-тур. Каля 50 прадстаўнікоў беларускіх і расійскіх СМІ, блогераў вырашылі загаддзя пазнаёміць з навінкамі маючага адбыцца форуму мастацтваў. Акрамя таго, яны прынялі ўдзел у акцыі па азеляненні тэрыторыі Летняга амфітэатра — высадзілі на клумбу яркія кветкі, якія ўвойдуць у пік цвіцення якраз у час культурнага мерапрыемства.


Пабывалі журналісты і ў самім Летнім амфітэатры. Глеб Лапіцкі расказаў, што ў гэтым годзе тут практычна завершана мадэрнізацыя:

— Мы зыходзілі з запыту гледачоў, якія неаднаразова гаварылі аб тым, што ў Летнім амфітэатры нязручна танцаваць, таму мы зрабілі адкідныя сядзенні і цяпер запрашаем гасцей фестывалю не толькі паглядзець канцэрты, але і скарыстацца магчымасцямі нашай «танцпляцоўкі» для актыўнай публікі. Абнавілі мы і дах над залай гледачоў, на ім з’явілася 600 светлавых кропак, якія стануць дапаўненнем светлавога рашэння кожнай канцэртнай праграмы.

Віктар ЛЮБІМАЎ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю