За ветлівай і па-дзіцячы шчырай усмешкай Амаліі Сухан хаваецца не па гадах мэтанакіраваны і працавіты чалавек. У свае 13 гадоў юная артыстка ўжо паспела заявіць пра сябе на шэрагу міжнародных конкурсаў, у прыватнасці, атрымала Гран-пры на XXІІІ Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе «Віцебск-2025». А што стаіць за гэтай перамогай? Як рыхтавалася да конкурсу выхаванка прадзюсарскага цэнтра «Спамаш»? Якія сакрэты дапамаглі ёй заваяваць сэрцы гледачоў і журы? Мы сустрэліся з Амаліяй, каб даведацца пра складнікі яе поспеху.
— Відавочна, удзел у конкурсе такога маштабу — велізарная праца. З якімі складанасцямі ты сутыкнулася падчас падрыхтоўкі?
— Найбольш складаным, безумоўна, быў вакал. У англамоўнай песні мне трэба было не толькі спяваць, але і выконваць харэаграфію: спалучаць дыханне, вакал і рухі ў адно цэлае. У рускай — спалучаць вакал з глыбокімі эмоцыямі. У кожнай кампазіцыі існавалі свае выклікі. Яшчэ трэба неяк перамагчы хваляванне за кулісамі. Плюс, усё, што мы паказалі на сцэне, рабілі за дастаткова кароткі тэрмін: усяго за два з паловай месяцы. Але гэта не перашкодзіла падрыхтаваць годныя і добра адпрацаваныя нумары.
— Раскажы, як выбіралі песні для конкурсу? Хто прымаў гэтыя рашэнні і якія крытэрыі былі найбольш важнымі?
— На выбар рэпертуару паўплывалі многія фактары. Самы важны — мой голас, які мае свае асаблівасці. Падбіралі песні мы ўсім прадзюсарскім цэнтрам. Англамоўную песню «Cіrcle of lіfe» ўзялі з-за яе незвычайнасці і пазнавальнасці. А «Песню пра далёкую Радзіму» ўжо падабралі з нагоды сёлетняй юбілейнай даты — 80-годдзя Перамогі. Мы хацелі ў гэтых дзвюх зусім непадобных песнях паказаць розныя фарбы голасу і мае вакальныя магчымасці. Працавалі вялікай і зладжанай камандай: мой педагог па вакале Таццяна Трухан займалася са мной штодня, падтрымлівала за кулісамі. Харэограф Арына Багасян ставіла выступленне для англамоўнай песні, быў таксама педагог па акцёрскім майстэрстве Ульяна Антанюжанка. У рускай песні было б складана правільна пражыць эмоцыі без такіх заняткаў.
— Што адчувала пасля першага і другога конкурснага дня? Якія эмоцыі былі ў момант узнагароджання?
— Пасля першай рэпетыцыі ў Віцебску хваляванне знікла, з’явілася ўпэўненасць, што мы правільна працавалі і ўсё атрымаецца. На другі дзень хвалявання было больш, бо выступалі з аркестрам. І сама песня больш складаная. Хвалявалася, ці павераць мне гледачы, і яны паверылі, плакалі. Я дасягнула пастаўленай мэты, да якой ішла пяць гадоў. На ўзнагароджанні хвалявалася яшчэ больш, чым падчас выступлення, бо атрымлівала ўзнагароду з рук Прэзідэнта. Як толькі я пачула яго голас, то ў мяне мурашкі пабеглі па скуры. Проста мільён эмоцый: і хваляванне, і шчасце, і радасць.
— Назаві тры якасці, найбольш важныя для вакаліста, які імкнецца да міжнароднага прызнання.
— У першую чаргу, гэта вакал, уменне трымацца на сцэне і добра пастаўленае маўленне, бо трэба камунікаваць са СМІ. На «Славянскім базары» за тры дні мы далі больш за 40 інтэрв’ю! І без добра пастаўленага маўлення, без умення даць лаканічныя адказы нават на нейкія правакацыйныя пытанні не абысціся. Калі казаць пра іншыя якасці, то абавязкова працавітасць. Без яе немагчыма дасягнуць пэўных вышынь. Яшчэ вельмі важныя шчырасць і спартыўная цікавасць, каб ніколі не спыняцца.
— Маючы за плячыма ўдзел у розных конкурсах, ці ўспрымаеш выступленне і перамогу на «Славянскім базары» па-асабліваму?
— У Беларусі «Славянскі базар» — гэта той фестываль-конкурс, які ведаюць усе. Ён адзін з самых высакастатусных, на які з’язджаюцца наймацнейшыя ўдзельнікі з розных краін. Гэта вялікі крок наперад, таму цяпер нельга расслабляцца. Толькі ісці далей і імкнуцца да нечага новага.
— Якой была рэакцыя на тваю перамогу блізкіх і сяброў? Магчыма, неяк змянілася стаўленне да цябе?
— Мае блізкія заўсёды ставіліся да маіх заняткаў музыкай сур’ёзна. І разумелі, што калі я ўжо прайшла на «Славянскі базар», то няма шляху назад. Яны вельмі мной ганарыліся і былі па-сапраўднаму шчаслівыя, бо знаходзяцца побач са мной з самага пачатку. Можа, яны і не верылі на першым конкурсе, што гэта будзе нешта настолькі сур’ёзнае, але зараз вельмі моцна вераць у мяне. Мяне вельмі падтрымлівалі таксама ўсе мае сябры. Прычым не толькі з вакальнай сферы, але і са школы. Радаваліся, пісалі, віншавалі. Такая падтрымка збоку сяброў таксама важная і прыемная.
— Якія магчымасці з’явіліся ў цябе пасля перамогі на конкурсе?
— Перамога на «Славянскім базары» змяніла маё жыццё. Напрыклад, цяпер на нейкія канцэрты могуць часцей пачаць запрашаць. Галоўная задача зараз — пошук новага ўласнага матэрыялу. Перапяваць чужыя песні ўжо нельга. Трэба ствараць сваё, і, дарэчы, у мяне ўжо ёсць такія песні.
— Чаму гэты конкурс навучыў цябе як чалавека і як прафесіянала?
— Галоўны ўрок: заўсёды ёсць, да чаго імкнуцца. Нават калі летась не прайшла на «Славянскі базар», то не пакінула сваёй мэты, а пайшла далей і вось чаго дасягнула. Не з першага разу, дык з другога. Калі б не атрымалася з другой спробы, то значыць, з трэцяй. Заўсёды трэба ісці толькі наперад і не апускаць рукі.
Анжаліка СЦЕФАНОВІЧ.
Фота дадзена прадзюсарскім цэнтрам «СПАМАШ».