Top.Mail.Ru
314

Следчыя завяршылі расследаванне па справе аб выбуху пад Жлобінам. Што там здарылася?

У Гомельскай вобласці завяршылі расследаванне трагедыі, якая адбылася 2 лютага 2025 года ў вёсцы Лугавая Вірня Жлобінскага раёна. 


У выніку выбуху кіслароднага балона на дачным участку загінула сям’я са Жлобіна: 35-гадовы мужчына, яго трохгадовы сын і дачка, якой заставаўся тыдзень да двухгоддзя. Жонка і шасцігадовы сын атрымалі траўмы і былі шпіталізаваны.

  • Следства высветліла, што сям’я прыехала ў вёску на выхадныя — старэйшы 13-гадовы сын застаўся ў горадзе, каб не прапусціць заняткі. Увечары жанчына вырашыла прыгатаваць бульбу на мангале, але полымя не разгаралася. Муж паспрабаваў ёй дапамагчы — прынёс і прыадчыніў вентыль невялікага кіслароднага балона, пасля чаго адбыўся магутны выбух.

Следчыя высветлілі, што прычынай надзвычайнага здарэння стала хімічная рэакцыя: унутр балона трапіў алей, што выклікала рэзкі рост ціску і разбурэнне ёмістасці.

Загінулы мужчына працаваў газарэзчыкам у цэху рамонту металургічнага абсталявання Беларускага металургічнага завода і, паводле даных следства, ведаў меры засцярогі пры рабоце з кіслародам. У вольны час ён збіраў і рэзаў металалом, выкарыстоўваючы балоны.

  • Следства кваліфікавала дзеянні мужчыны як грубае парушэнне тэхнікі бяспекі і распачала крымінальную справу па ч. 2 ст. 144 КК РБ — прычыненне смерці па неасцярожнасці. Аднак, у сувязі са смерцю фігуранта, крымінальны пераслед спынены, распавялі ва УСК па Гомельскай вобласці.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю