Top.Mail.Ru

Слова — як збожжа, сям’я — як аснова. Спецыялісты аб чысціні мовы і моцы сямейных традыцый

Напярэдадні Міжнароднага дня сям’і ў Беларусі сабраліся прадстаўнікі навукі, царквы, грамадскіх арганізацый, парламента, выдавецкай сферы, каб абмеркаваць тэму «Галоўнае слова — сям’я. Акцыя «Я і мая сям’я без брыдкаслоўя». Як захаваць чысціню маўлення, чаму ненармаваная лексіка не была ўласціва беларусам гістарычна і чаму сёння, у эпоху лічбавых тэхналогій, сям’я патрабуе асаблівай абароны — гэтыя пытанні сталі цэнтральнымі падчас размовы.


Слова — Божы дар, а мат — чужароднае цела

Дырэктар філіяла «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа» Ігар Капылоў падкрэсліў, што слова з’яўляецца найлепшым Божым дараваннем і часткай душы. «Частка слова — частка душы. Як гаворыцца ў Святым Пісанні: «Спачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Бог», — нагадаў навуковец. Асноўны аб’ект даследавання інстытута — беларускае слова, якое даследуюць «як збожжа» — пастаянна, дбайна, з любоўю.


На жаль, сёння вельмі хвалюе тое, што моладзь і дарослыя грамадзяне не задумваюцца над складам непрыстойных слоў. «Яны абражаюць святое — Бога, Маці, Зямлю. Чалавек паўтарае іх бясконца, не разумеючы, што парушэнне святой забароны робіць слова яшчэ больш цяжкім грахом», — заявіў Капылоў.

Сям’я як малая царква

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін адзначыў, што сям’я — гэта Божы дар, прастора любові, вернасці і ўзаемаадказнасці. «Гэта асяроддзе выхавання чалавека, будучага грамадзяніна. Менавіта ў сям’і дзіця ўпершыню даведваецца, што такое дабро, праца, удзячнасць, павага да бацькоў, да старэйшых, да роднай зямлі. У праваслаўным разуменні сям’я з’яўляецца малой царквой», — падкрэсліў уладыка.


Калі мы гаворым пра абарону сям’і, мы гаворым пра абарону духоўнага і маральнага фундаменту нашага грамадства. Сярод найважнейшых задач уладыка назваў захаванне чысціні слова ва ўсіх яго праявах, асабліва ў стасунках паміж блізкімі людзьмі. «Слова — гэта велізарная сіла, якая, на жаль, можа быць скіравана і на зло. У Евангеллі сказана: „Ад слоў сваіх апраўдаешся, ад слоў сваіх асудзішся“. Асаблівую трывогу выклікае тое, што тэндэнцыя брыдкаслоўя ахоплівае сёння моладзь і нават дзяцей. Чысціня слова — гэта не асабістая справа кожнага, а агульнанародная мэта», — заявіў экзарх.

Дэмаграфія і крызіс адносін

Старшыня Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ірына Касцевіч прывяла лічбы, згодна з апытаннем 2024-га, якое праводзілася Інстытутам сацыялогіі НАН. На першым месцы сярод базавых каштоўнасцяў беларусаў знаходзіцца здароўе, далей адносіны да дзяцей — амаль 70 %, сям’я на трэцім месцы — каля 64 %, родныя і блізкія — больш за 60 %. Аднак ёсць і рызыкі: павелічэнне ўзросту ўступлення ў першы шлюб, зніжэнне колькасці шлюбаў, рост разводаў і сужыцельства.

«Калі шлюб заключаецца ў 30 гадоў, на нараджэнне дзяцей застаецца толькі 10 гадоў», — канстатавала дэпутат.


Чаму моладзь адкладвае стварэнне сям’і? Паводле апытанняў, да 30 гадоў галоўныя прычыны — жаданне прысвяціць час вучобе ці кар’еры, пажыць для сябе, затым — адсутнасць фінансавых магчымасцяў. Дзяржава аказвае сур’ёзную падтрымку — гэта розныя віды дапамог, сямейны капітал, адкрыццё дзіцячых садкоў і ясельных груп. Але ўзровень разводаў застаецца высокім — жыць у сям’і трэба вучыцца.

На думку парламентарыя, сёння наспеў крызіс адносін. Ён непасрэдна звязаны з лічбавымі тэхналогіямі. «Мы хутка адказваем на запыты, але ўсё горш чуем адно аднаго. Ні адна тэхналогія не заменіць бацькоўскай увагі, ні адна сацыяльная сетка — сямейнага цяпла. Дзеці нас не чуюць — яны на нас глядзяць і капіруюць. Таму максімум сумесных вячэр без тэлефона, паважлівыя зносіны, чытанне, сямейныя традыцыі, жывы дыялог паміж пакаленнямі. Моцная краіна пачынаецца з моцнай сям’і, а моцная сям’я пачынаецца са слоў», — рэзюмавала Ірына Касцевіч.

Важная прафілактыка

Дырэктар УП «Выдавецтва „Беларусь“» Алесь Карлюкевіч адзначыў, што літаратары і людзі творчых прафесій павінны вызначаць прыярытэты моўных паводзінаў. 


«Калі мы гаворым пра культуру мовы, пра чысціню слова, мы гаворым пра саму сутнасць нашай нацыянальнай ідэнтычнасці. Беларускае слова павінна гучаць і ў свеце, і ў кожнай сям’і. Сённяшняя акцыя паказвае, што мы разам, і выдавецтвы адыгрываюць тут ключавую ролю: рабіць так, каб добрая, мудрая кніга трапляла да чытача. Наша супольная задача — вярнуць слову яго высакародную сілу. Калі чалавек чытае, калі ён думае над тым, што і як сказаць, ён будуе трывалую сям’ю і моцную дзяржаву. Таму праекты па папулярызацыі беларускай кнігі і культуры мовы — гэта не проста работа, гэта наша агульная місія».

Першы сакратар Цэнтральнага камітэта ГА «БРСМ» Уладзімір Паўлоўскі засяродзіў увагу на практычных кроках. Паводле яго слоў, БРСМ рэалізуе шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на ўмацаванне сямейных каштоўнасцяў і фарміраванне культуры мовы. Сярод іх — праект для маладых сем’яў у сельскай мясцовасці, сямейны форум на фестывалі «Славянскі базар», а таксама адукацыйная праграма «Я, мая сям’я, мая Радзіма», якая дзейнічае ва ўстановах адукацыі з 2-га па 11-ы клас. Асобна была адзначана важнасць медыяпраекта «Усё пачынаецца з сям’і», мэта якога — папулярызацыя вобраза беларускай жанчыны, якая паспяхова рэалізуе сябе і ў сям’і, і ў прафесіі.


Саюз жанчын і духоўна-асветніцкая акцыя

Намеснік старшыні Савета старэйшын ГА «Беларускі саюз жанчын» Лілія Ананіч звярнула ўвагу на знешнія выклікі. «У той час, калі краіны традыцыйных каштоўнасцяў іх умацоўваюць, існуюць цэлыя тэхналогіі, накіраваныя на разбурэнне інстытута сям’і. Таму наша дзяржава вельмі годна рэагуе на такія працэсы. У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь мы замацавалі, што шлюб — гэта саюз мужчыны і жанчыны», — заявіла грамадскі дзеяч.


У рамках праекта «Сямейнае чытанне» БСЖ звяртае ўвагу на тэматыку культуры адносін. Савет старэйшын нядаўна правёў духоўна-асветніцкую акцыю «Шчаслівыя разам» у Храме-помніку Усіх Святых. Запрасілі маладыя пары, якія збіраюцца падаць заяву ў ЗАГС, а таксама сужэнцаў з сямейным стажам 50–60 гадоў. Вельмі парадавала рэакцыя моладзі, якія лічаць, што сям’я — гэта адказнасць, што перад шлюбам трэба добра падумаць, што не трэба спяшацца «разбягацца», а варта паспрабаваць пагаварыць.

Царква выходзіць у грамадскую прастору

Старшыня Сінадальнага аддзела па пытаннях сям’і, абароне мацярынства і дзяцінства протаіерэй Павел Сярдзюк расказаў пра найбліжэйшыя падзеі. 15 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы адбудзецца VI Рэспубліканскі форум «Сям’я. Сёння, заўтра і заўсёды». Ён расказаў, што форумы, якія пачалі праводзіцца яшчэ з 2010 года, сталі платформай для міждысцыплінарнага дыялогу і матывуюць тых, хто нясе няпростае служэнне падтрымцы сям’і.


Цэнтральная падзея — першы хрэсны ход у падтрымку сям’і, які адбудзецца 16 мая. Вернікі пойдуць ад Пакроўскага храма да Свята-Духава кафедральнага сабора. «Секулярны свет сёння актыўна адмаўляе важнасць і неабходнасць адкрытага гучання евангельскіх ісцін. Але для царквы заўсёды абвяшчэнне Евангелля з’яўляецца самым важным служэннем. І хрэсны ход з’яўляецца такім выказваннем у грамадскай прасторы таго, што толькі ў Богу могуць пераадольвацца тыя выклікі, якімі хварэе наша грамадства», — зазначыў святар.

Дырэктар УП «Выдавецтва „Беларусь“ Алесь Карлюкевіч расказаў, як творцы прымаюць удзел у акцыі. «Саюз пісьменнікаў сумесна з рэгіянальнымі аддзяленнямі падрыхтаваў шэраг мерапрыемстваў па культуры мовы. Сярод іх: творчая сустрэча „У чалавеку ўсё павінна быць выдатна“ з Міхаілам Пазняковым, сустрэча Тамары Кавальчук „Выдатны чалавек, выдатны свет“ у школе № 206, творчы вечар Наталлі Саветавай у Цэнтральнай бібліятэцы імя Я. Купалы, музычна-паэтычны вечар „Квітней, наш край“. Прайшлі сустрэчы ў Жодзіне, Уздзе, Вілейцы, Жабінцы з Анатолем Бендзеруком і Віктарам Сабалеўскім. Для моладзі арганізаваны ЦікТок-рубрыка „Моўны дзвіж“ з паэтэсай Вольгай Бяловай, сустрэчы ў Гродзенскай абласной бібліятэцы ў рамках дыскусійнага клуба „Словадром“ на чале з Дзмітрыем Радзівончыкам, а таксама мерапрыемствы ў Гомелі з удзелам Уладзіміра Гаўрыловіча. Акцыя стане пачаткам цэлай праграмы — у верасні-кастрычніку запланаваны новыя праекты», — расказаў дырэктар выдавецтва і таксама зазначыў, што ёсць неабходнасць актыўна асвятляць тэму сямейных каштоўнасцяў, культуры паводзін у сям’і, у тым ліку, моўнай, у мясцовай і рэгіянальнай прэсе.

Забарона ці матывацыя?

Падчас абмеркавання эксперты прыйшлі да высновы, што простая забарона на ўжыванне непрыстойнай лексікі эфекту не дасць. Неабходна сістэмная тлумачальная работа, асабліва ў сям’і і школе. Ігар Капылоў прапанаваў увесці адміністрацыйную адказнасць за нецэнзурную лексіку ў грамадскіх месцах, прычым бацькі павінны несці адказнасць за сваіх дзяцей. «Думаю, гэта не толькі дапамагло б вырашыць духоўную праблему, але і значна папоўніла б дзяржаўны бюджэт. Сродкі ад штрафаў варта накіраваць на мерапрыемствы павышэння духоўнасці», — лічыць мовазнавец.

Разам з тым удзельнікі сустрэчы пагадзіліся, што галоўны ўхіл трэба рабіць на пазітыўны прыклад, на развіццё творчых здольнасцяў дзяцей, на курсы культуры мовы, сямейнае чытанне і жывы дыялог паміж пакаленнямі. Міністэрства адукацыі развівае факультатыў «Асновы сямейнага жыцця». А самае галоўнае — добрыя прыклады не на словах, а на справе. Як адзначыў протаіерэй Павел Сярдзюк, навучальныя праграмы маюць вялікі карысны вопыт. «Вось, напрыклад, адзін з удзельнікаў такой праграмы 16-гадовы Ігар Бондар у сваім эсэ напісаў, што стаў заўважаць, як стараецца не брыдкасловіць, і адкрыў для сябе, што цнатлівасць — гэта адзінства душы і цела», — расказаў протаіерэй.

Напярэдадні Міжнароднага дня сям’і спецыялісты розных сфер ад навукі да царквы і грамадскіх арганізацый адзіныя ў галоўным: моцная дзяржава пачынаецца з моцнай сям’і, а моцная сям’я пачынаецца са слова. Чыстае, светлае, адказнае слова — гэта не раскоша, а ўмова выжывання і развіцця нацыі. Як падкрэсліў Ігар Капылоў, «забарона ўжываць нецэнзурную лексіку не дасць ніякага эфекту, а вось тлумачальная работа павінна весціся». І гэта работа ўжо ідзе — у школах, бібліятэках, сем’ях, СМІ і падчас хрэснага ходу. Задача цяпер — зрабіць яе сістэмнай і паўсюднай.

Надзея ЗУЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю