У кніжнікаў краіны сёлета займеў падтрымку і пашырэнне праект «Кожная пятніца — роднае, сваё». Вось і ў Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэцы праведзены дзясяткі мерапрыемстваў, прысвечаных творчасці айчынных пісьменнікаў — класікаў і сучаснікаў.
З апошніх падзей — відэаагляд «Святыні роднага горада». А юных чытачоў бібліятэкары запрасілі прайсці літаратурным падарожжам «Сустрэча з казкай» і пазнаёміцца з цыклам відэаролікаў «З вечнага». У бібліятэцы былі наладжаны абмеркаванне творчасці народнага пісьменніка Беларусі Міхася Лынькова і каменціраванае чытанне апавядання народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна «Алёша-разведчык».
Шырокі розгалас атрымала сярод чытачоў сустрэча з лаўрэатам Нацыянальнай прэміі Беларусі Алесяй Кузняцовай «Каралева жаночага рамана». Імпрэза пацвердзіла, што ў маладой пісьменніцы нямала чытачоў-прыхільнікаў сярод жыхароў Слуцка і Слуцкага раёна.
Самыя розныя фарматы работы з кнігай прапаноўваюць слуцкія бібліятэкары ў рамках праекта «Кожная пятніца — роднае, сваё». Гэта — і чытанне вершаў любімых паэтаў: класіка Пімена Панчанкі «Буслы, буслы...» і ўраджэнкі Случчыны Ганны Міклашэвіч «Мінская вобласць — душа Беларусі», і краязнаўчая віктарына «Пра тую зямлю, дзе мы нарадзіліся», гадзіна сустрэч «Землякі, якімі мы ганарымся».
Слуцкі край — радзіма цікавых празаікаў, паэтаў, дзіцячых пісьменнікаў, яркіх мастакоў, вялікіх вучоных: у горадзе і розных паселішчах раёна нарадзіліся Васіль Вітка, Алесь Жук, Пятро Кошаль, Алесь Марціновіч, Уладзімір Басалыга, Міхаіл Басалыга, Алег Румо, Юрка Гаўрук, Васіль Бандарчык, Павел Місько, Галіна Барташэвіч... Расказваючы пра кніжныя скарбы Беларусі, ушаноўваючы роднае, сваё, бібліятэкары Случчыны згадваюць і гэтыя імёны.
Мікола БЕРЛЕЖ